BYSOL збірае сродкі для дзяцей палітвязняў і прымае заяўкі на дапамогу
Фонд BYSOL запусціў збор у падтрымку дзяцей беларускіх палітвязняў, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх вакацыяў. Штогод гэтая дапамога трапляе дзецям у Беларусь і сем’ям, што былі вымушаныя пакінуць краіну.

Фота прадастаўлена арганізатарамі
5 мая BYSOL распачаў збор заявак на такую дапамогу, адначасова з гэтым і збор ахвяраванняў. Першапачатковая мэта збору складае 10 тысячаў еўра, але можа змяняцца з увагі на тое, колькі заявак на дапамогу будзе атрымана.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра. Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 31 мая ўключна. Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за мяжой.
Зазвычай гэтыя грошы ідуць на пакупку летняй вопраткі, аплату дадатковых заняткаў, псіхалагічную дапамогу і арганізацыю адпачынку. Летась нам удалося сабраць сродкі для 252 дзяцей.
ДАПАМАГЧЫ ДЗЕЦЯМ
Падтрымліваючы гэты збор, мы паказваем, што адказнасць і салідарнасць мацнейшыя за страх і абыякавасць. Лета павінна заставацца часам дзяцінства — і разам мы можам зрабіць так, каб у гэтых дзяцей яно было больш радасным.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
- сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы (у тым ліку, на «хіміі» з накіраваннем або без);
- былыя палітвязні з дзецьмі, якія вызваліліся пасля 1 студзеня 2024 года;
- бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» — пры гэтым маюць інваліднасць, альбо з’яўляюцца пенсіянерамі, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць форму. Калі вы хвалюецеся за вашу бяспеку, запаўняйце яе без адпраўкі дакументаў. Мы скантактуемся з вамі і ўдакладнім неабходную інфармацыю ў перапісцы.
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
У выпадку ўзнікнення пытанняў па дзіцячай акцыі, вы можаце пісаць нам у тэлеграм-акаўнт – @bysol_pzk
@bajmedia