• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара прафсаюзнага бюлетэня Вацлава Арэшку і яго паплечнікаў размеркавалі па розных калоніях

    Як стала вядома праваабаронцам, пасля адмовы Вярхоўным судом у  пераглядзе апеляцый фігурантаў справы аднаго з незалежных прафсаюзаў усіх палітзняволеных этапавалі ў калоніі Магілёўскай вобласці. 

    У ліку асуджаных — рэдактар бюлетэня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Вацлаў Арэшка, старшыня прафсаюза Васіль Бераснеў і колішні кіраўнік арганізацыі Генадзь Фядыніч. Усіх затрымалі пасля ператрусаў у красавіку 2022 года, спачатку змясцілі ў СІЗА КДБ, затым да суда перавялі ў СІЗА № 1 Мінска.

    Да канчатковага разгляду апеляцыйных скаргаў Вярхоўным судом іх ўтрымлівалі ў ізалятары турмы № 4 Магілёва. Калі заявы не былі задаволеныя, развялі па розных папраўчых установах на тэрыторыі вобласці.

    Такім чынам, Вацлаў Арэшка будзе адбываць прысуджаны тэрмін у калоніі № 17 Шклова, Васіль Бераснеў — у калоніі № 15 Магілёва, Генадзь Фядыніч — у калоніі № 2 Бабруйска. 

      Працэсам на стадыі першай інстанцыі займаўся Мінскі гарадскі суд, суддзя Настасся Папко адпачатку зрабіла слуханні закрытымі для наведнікаў. Цягам паўтара месяца ніякіх звестак адтуль не прасочвалася, не было нават вядома, якія тэрміны прадстаўнік пракуратуры Раман Бізюк запатрабаваў для актывістаў. Таму выракі, агучаныя 5 студзеня 2023 года, шакавалі сваёй суровасцю.

    • Вацлаў Арэшка — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Васіль Бераснеў — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

    • Генадзь Фядыніч — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    31 сакавіка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме пачаў разглядаць скаргі палітвязняў. У аднадзённае пасяджэнне суддзя Пётр Лістраценка не ўклаўся, паспеўшы толькі заслухаць аргументы прадстаўнікоў абароны. Канчатковы вердыкт, які аказаўся простай фармальнасцю, быў агучаны 3 красавіка — пакінуць прысуд без зменаў, скаргі — без задавальнення.

    Без належнай увагі застаўся і той факт, што ўсе фігуранты — людзі сталага веку. Так, Генадзю Фядынічу летам будзе 66 гадоў, Вацлаву Арэшку неўзабаве пасля прысуду споўнілася 68, Васілю Берасневу — 73.      

    Актывістаў звінавацілі ў шэрагу крымінальных артыкулаў, якія звыкла выстаўляюцца ў палітычных працэсах: заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361–1 КК).

    Летась у ліпені Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры ліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які да таго Камітэт дзяржбяспекі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй», а таксама Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

    Адрозна ад бальшыні калегаў, прафесійна засяроджаных на абароне правоў працоўных, Вацлаў Арэшка займаўся культурніцкімі праектамі ды ініцыятывамі. У якасці журналіста і даследчыка друкаваўся ў часопісах «Спадчына», «Arche Пачатак», pAR­Ti­san, рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі». Выступаў як палітолаг у беларускіх і замежных СМІ. Актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыятар стварэння «Кнігі Гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій савецкага рэжыму.

    У вір судовых разбіральніцтваў Вацлаў Арэшка трапіў 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу — нібыта «браў актыўны ўдзел у дзейнасці незалежных прафсаюзаў» як рэдактар бюлетэня работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Журналісцкі статус быў праігнараваны — маўляў, папулярызаваў «экстрэмісцкую» дзейнасць. 

    У канцы мінулага года гэтаксама быў абвешчаны прысуд па іншай «прафсаюзнай справе» — над кіраўнікамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Лідар арганізацыі Аляксандр Ярашук асуджаны на 4 гады калоніі, яго намеснік Сяргей Антусевіч — на 2 гады, бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім — на 1,5 года. Спробы аспрэчыць выракі праз Вярхоўны суд гэтаксама аказаліся марнымі.

    Чытайце яшчэ:

    Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться

    У Гомелі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса

    Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці