Маргарэт Этвуд, аўтарка «Аповеда служанкі», падтрымала Андрэя Аляксандрава ў дзень народзінаў. Відэа
На знак салідарнасці з палітзняволеным журналістам Андрэем Аляксандравым Маргарэт Этвуд, Тэрстан Мур з Sonic Youth, Надзя з Pussy Riot і сэр Трэвар Філіпс аб’ядналіся, каб зачытаць верш, які Андрэй напісаў у ліпені 2021 года ў СІЗА.

Маргарэт Этвуд. Фота: AP
Верш пад сімвалічнай назвай «#» перакладзены на англійскую мову беларускай паэткай Ганнай Комар і Джонам Фарнданам.
Відэазапіс зроблены ў межах акцыі, якую распачала 27 студзеня міжнародная арганізацыя Index on Censorship. Арганізатары прапанавалі да дня народзінаў Андрэя Аляксандрава запісаць відэа з вершам журналіста і падзяліцца ім у сацыяльных сетках.
Маргарэт Элінор Этвуд (Margaret Eleanor Atwood) — канадская пісьменніца, паэтка, літаратурны крытык, актывістка аховы навакольнага асяроддзя. Лаўрэатка шэрагу прэстыжных літаратурных прэмій, у тым ліку Букера (2000 і 2019 гг.). Адна з найбольш вядомых англамоўных пісьменніц у свеце.
Лаўрэатка прэміі Артура Кларка 1987 года за раман «Аповед служанкі» («The Handmaid’s Tale»). Гэта антыўтопія пра ЗША блізкай будучыні, дзе да ўлады прыйшлі рэлігійныя радыкалы-кансерватары.
Серыял паводле «Аповеда служанкі» стаў адным з самых паспяховых літаратурных экранізацый апошніх гадоў. Першы сезон выйшаў у 2017 годзе, падчас першага тэрміну Дональда Трампа. Чырвонае адзенне служанак стала сімвалам на жаночых пратэстах па пытаннях гендэрных і не толькі правоў.

Кадр з серыялу «Аповед служанкі». Фота: Getty Images
Цёрстан Джозэф Мур (Thurston Joseph Moore) — амерыканскі музыка, аўтар песень, паэт і пісьменнік. Кампазітар, гітарыст і вакаліст культавага гурта Sonic Youth.

Цёрстан Мур. Фота: Rolling Stone
Сэр Марк Трэвар Філіпс (Mark Trevor Phillips), кавалер ордэна Брытанскай імперыі, сябра Каралеўскага каледжа журналістаў — брытанскі пісьменнік і тэлевядоўца. Быў кіраўніком Камісіі па расавай роўнасці, Камісіі па пытаннях роўнасці і правоў чалавека.

Марк Трэвар Філіпс. Фота: PA media
Надзея «Надзя» Талаконнікава — расійская музыка, мастачка-канцэптуалістка і палітычная актывістка. Адна з заснавальніц фемінісцкай групы Pussy Riot і групы вулічнага мастацтва «Вайна». Былая палітзняволеная, жыве ў эміграцыі.

Надзея Талаконнікава. Фота: TED
Верш Андрэя Аляксандрава «#»:
When you look out through the bars at the sky,
It’s not bars you see but the sky overhead.
Yesterday’s bread smells of mould and loss,
but tomorrow’s smells like genuine bread.
You say: the sky is a trick of the light.
But the bars are the trick of the light, I say!
Because bars are a hashtag, just a habit, right?
And this is the hashtag trending today.
Yet the sky cares nothing for hashtags at all,
the sky has no thought for trends up ahead,
it does not feel the ground where our feet fall,
nor count the centuries and slices of bread.
The sky just draws clouds of cotton wool
over time — this is all that goes on really.
And the sky does not see any bars at all
when it peers deep into the sky in me.
Відэа можна размяшчаць на платформах X, BlueSky, Instagram, Facebook, LinkedIn. Важна пазначыць сваю публікацыю хэштэгам #FreeAndrei і адзначыць Index on Censorship ва ўсіх публікацыях.
Вось арыгінал верша пад сімвалічнай назвай «#»:
#
Калі на неба глядзіш праз краты,
не бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.
Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман — гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг,
як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.
Ды справы няма да хэштэгаў небу,
пра трэнды неба зусім не ў курсе,
яно пад нагамі не чуе глебы,
не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.
І неба цягне аблокаў вату
над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама не бачыць кратаў,
калі ўглядаецца ў неба ўва мне.
Index on Censorship — міжнародная некамерцыйная арганізацыя і аднайменны часопіс, якія базуюцца ў Лондане і з 1972 года абараняюць свабоду слова і супрацьстаяць цэнзуры ва ўсім свеце. Арганізацыя публікуе працы аўтараў, якія падвяргаюцца пераследу, праводзіць даследаванні, а таксама штогод уручае прэмію Freedom of Expression Awards журналістам, мастакам і актывістам.
Справа Андрэя Аляксандрава
Беларускі журналіст і медыяменеджар, былы намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН быў затрыманы сілавікамі 12 студзеня 2021 года.

Андрэй Аляксандраў. Фота: Вольга Хвоін
6 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прысудзіў Андрэю Аляксандраву 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі. Гэта адзін з самых працяглых тэрмінаў зняволення, прызначаных беларускім журналістам-палітвязням.
Былы намеснік дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але знайшоў сябе ў творчай працы.
Журналісцкую кар’еру ён пачаў у наваполацкай газеце «Хімік», вядомай сваімі дэмакратычнымі традыцыямі яшчэ з савецкіх часоў.
Андрэй шмат вучыўся, да таго ён атрымаў ступень магістра мэдыяменеджменту ва Уэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане. Падчас вучобы займаўся грамадскай дзейнасцю: супрацоўнічаў з праваабарончымі арганізацыямі Index on Censorship і Article 19, быў сябрам «Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі», актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары. Меў магчымасць застацца за мяжой, але вярнуўся ў Беларусь.
Цягам 2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў, стаў адным з ініцыятараў інфармацыйнай кампаніі БАЖ «Журналісты за гістарычную спадчыну».
З 2015-га па 2018 год быў у дырэктараце БелаПАН, потым стаў яго медыякансультантам. У 2020 годзе Андрэй Аляксандраў не змог заставацца ў баку ад палітычных падзей у выніку чаго і апынуўся за кратамі. 18 студзеня 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.
@bajmedia