• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Washington Post звальняе больш за 300 журналістаў

    Амерыканская газета Wash­ing­ton Post пачала масавыя скарачэнні. Пра гэта паведамляе The New York Times.

    Washington Post звальняе больш за 300 журналістаў

    Фота: Alex Bran­don / AP

    Паводле двух крыніц, знаёмых з рашэннем, кампанія звальняе каля 30 працэнтаў усіх сваіх супрацоўнікаў. Гэта работнікі бізнес-аддзелу і больш за 300 з прыкладна 800 журналістаў рэдакцыі. Скарачэнні будуць асабліва адчувальнымі для спартыўнага, рэгіянальнага і міжнароднага аддзелаў.

    Мэт Мюрэй, выканаўчы рэдактар Wash­ing­ton Post, у сераду раніцай падчас тэлефоннай размовы з супрацоўнікамі заявіў, што кампанія занадта доўга губляла шмат грошай і не задавальняла патрэбы чытачоў. Ён сказаў, што выданне адгэтуль больш засяродзіцца на нацыянальных навінах, палітыцы, бізнэсе і ахове здароўя.

    У электронным лісце ён адзначыў, што The Post «занадта ўкаранёная ў іншую эпоху, калі мы былі дамінуючым мясцовым друкаваным прадуктам», і што анлайн-трафік пошуку, часткова праз выклікі генератыўнага штучнага інтэлекту, скараціўся амаль удвая за апошнія тры гады. Ён дадаў, што «штодзённы аб’ём артыкулаў The Post істотна скараціўся за апошнія пяць гадоў».

    Мэт Мюрэй узяў на сябе адказнасць за скарачэнні, заявіўшы, што яны былі часткай плана, які ён распрацаваў разам са сваёй камандай.

    Скарацілі штатных фатографаў і замежныя офісы

    Супрацоўнікі выдання ўжо пачалі атрымліваць лісты с паведамленнямі пра звальненне. Закрываюцца асобныя праекты і аддзелы, у тым ліку спартовы. Застануцца толькі некаторыя з рэпарцёраў, якія будуь працаваць у аддзеле рэпартажаў. Істотна скарачаецца міжнародная прысутнасць Wash­ing­ton Post.

    Так, вядома, што звольненыя рэпарцёры і рэдактары на Блізкім Усходзе, у Індыі і Аўстраліі. Таксама паведамленні пра скарачэнні атрымалі супрацоўнікі украінскага офісу, піша Детектор медіа. 

    Некаторыя рашэнні асабліва шакавалі рэдакцыю, у тым ліку звальненне карэспандэнта з Украіны падчас працы ў зоне ваенных дзеянняў і скарачэнне штатных фатографаў. Спартыўны рэпарцёр, які працаваў у Італіі падчас зімовых Алімпійскіх гульняў, заявіў, што будзе працягваць публікаваць артыкулы, нягледзячы на ​​звальненне.

    Апошнімі днямі ў X запусцілі хэштэг #savethe­p­ost («Выратуйце The Post»), дзе людзі дзеляцца паведамленнямі пра скарачэнні супрацоўнікаў, у прыватнасці з замежных офісаў, а таксама пішуць словы падтрымкі.

    Акрамя таго, Гільдыя Wash­ing­ton Post выступіла супраць скарачэнняў і заклікала чытачоў пісаць лісты кіраўніцтву газеты.

    «Людзі не чытаюць вашы матэрыялы»

    У канцы 2023 года уласнік выдання Джэф Безас наняў Уіла Льюіса ў якасці выдаўца, каб знайсці шлях да прыбытковасці для The Post, якая пакутавала ад зніжэння аўдыторыі і падпіскі. Льюіс эксперыментаваў з некалькімі зменамі для трансфармацыі арганізацыі, у прыватнасці, з выкарыстаннем штучнага інтэлекту для стварэння каментарыяў, падкастаў і агрэгацыі навін.

    Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года Льюіс абвясціў аб новай палітыцы Безаса, якая спыняла падтрымку прэзідэнцкіх кандыдатаў ад рэдакцыйнай калегіі The Post, што заблакала праект падтрымкі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, віцэ-прэзідэнткі Камалы Харыс. У адказ сотні тысяч падпісчыкаў Post адмянілі свае падпіскі.

    На сустрэчы супрацоўнікаў у 2024 годзе Уіл Льюіс папярэдзіў , што газета The Post мае праблемы.

    «Мы губляем вялікія сумы грошай, — сказаў ён. — Ваша аўдыторыя за апошнія гады скарацілася ўдвая. Людзі не чытаюць вашы матэрыялы».

    На пачатку студзеня 2026 года было абвешчана, што «Вашынгтон Пост» звольніць каля 4% сваіх супрацоўнікаў  (менш за 100 чалавек) для скарачэння выдаткаў. Неўзабаве пасля гэтага больш за 400 супрацоўнікаў газеты накіравалі Джэфу Безасу калектыўны ліст з крытыкай генеральнага дырэктара Уільяма Льюіса. Супрацоўнікі выказалі занепакоенасць будучыняй газеты і заклікалі ўладальніка сустрэцца з яе кіраўніцтвам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці