Фэйкавая журналістка «Новой газеты. Европа» спрабуе наняць на працу вядомых беларусаў — прапановы атрымалі Лосік, Рагатко
Невядомыя асобы, прыкрываючыся імем расійскай журналісткі Ірыны Гарынай, паспрабавалі ўцягнуць у сваю правакацыю былую галоўную рэдактарку партала KYKY.org Насцю Рагатко, а таксама блогера, былога палітвязня Ігара Лосіка, прапанаваўшы ім сумнеўнае супрацоўніцтва.

Невядомыя асобы, прыкрываючыся імем расійскай журналісткі Ірыны Гарынай, паспрабавалі ўцягнуць у сваю правакацыю былую галоўную рэдактарку партала KYKY.org Насцю Рагатко, а таксама блогера, былога палітвязня Ігара Лосіка, прапанаваўшы ім сумнеўнае супрацоўніцтва.
Некалькі дзён таму Насці Рагатко прыйшло паведамленне ад карыстальніка Facebook Irina Garina. Акаўнт створаны ў маі 2025 года. Тэкстам паведамлення Наста падзялілася з рэдакцыяй Reform.news:
«Анастасія, вітаю. Я прадстаўляю выданне «Новая газета Европа». Мы ў некаторым родзе таксама з’яўляемся апазіцыйным СМІ, толькі працуем па процідзеянні прапагандзе РФ. Зараз у нас адкрываецца паўнавартасны беларускі кірунак. Мы б хацелі вам прапанаваць працу па аналізе палітычнай абстаноўкі і праблемных аспектаў унутры «рэжыму». Мы вывучылі вашы сацсеткі, вы вельмі таленавіты лідар меркавання і пісьменнік)) Мы зацікаўлены ў вашай кандыдатуры. Па аплаце вашых работ мы маглі б дамовіцца на сумоўі. Я гатова вам прапанаваць на 20.02.2026. Чакаю з нецярпеннем ваш адказ. З павагай, Ірына Гарына».
Падобнае паведамленне атрымаў і Ігар Лосік. «КДБ забаўляецца, не аднаму мне ўжо прыйшло такое фэйкавае паведамленне ад гэтага акаўнта, але фэйсбук яго адправіў у спам. Мяне парадавала слова «рэжым» у двукоссях. Шцірліц яшчэ ніколі не быў так блізка да правалу», — напісаў блогер.

Скріншот са старонкі Ігара Лосіка ў Facebook
Рэдакцыя Reform.news звярнулася да «Новой газеты. Европа» з просьбай верыфікаваць паведамленне.
«Дзякуй вам за ўважлівасць і за тое, што напісалі, гэта зноў фэйкавая Ірына Гарына! Наша Ірына Гарына не займаецца Беларуссю, а мы не адкрываем беларускую рэдакцыю, у нас ёсць спецкар па Беларусі ў штаце», — распавялі там.
Гэта не першая правакацыя з удзелам фэйкавай Irina Garina. У чэрвені 2025 года прэс-служба НАУ атрымала запыт на інтэрв’ю ў Паўла Латушкі нібыта ад журналісткі выдання «Новая газета Европа» Ірыны Гарынай. У запыце прапаноўваўся ўдзел у здымках поўнаметражнага дакументальнага фільма пра супраціў Еўропы агрэсіі з боку Расіі і Беларусі. У той раз быў выкарыстаны фэйкавы фэйсбук-акаўнт Irina Garina, створаны яшчэ ў 2022 годзе.
@bajmedia