У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі два TikTok-акаўнты з рэгіянальнымі навінамі
11 сакавіка на сайце Міністэрства інфармацыі ў чарговы раз папоўнілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Фота: БАЖ
У адпаведнасці з рашэннем суда Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ад 10 сакавіка 2026 года ў гэты спіс трапіў TikTok-акаўнт з назвай gomelnovosti33 (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@gomelnovosti33). «Цікавыя і галоўныя навіны Гомеля», — так прэзентуе сябе гэты рэсурс, які мае 32 тысячы падпісчыкаў.
Рашэннем суда Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ад 9 сакавіка 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны TikTok-акаўнт з назвай byaroza_info (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@byaroza_info ). На яго падпісаны 1724 чалавекі. Відэаролікі, размешчаныя на гэтым рэсурсе, прысвечаныя як мясцовым навінам, так і навінам з усёй Беларусі.
Апрача гэтага, суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці 10 сакавіка 2026 года прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт сацыяльных сетак вядомай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Міжнароднае таварыства правоў чалавека (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte / International Society for Human Rights). Гэта міжнародная няўрадавая, некамерцыйная, праваабарончая арганізацыя, якая мае статус удзельніка пры Савеце Еўропы і з’яўляецца членам Камітэта па сувязях з няўрадавымі арганізацыямі пры Савеце Еўропы.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя:
- старонка ў Facebook з назвай Internationale Gesellschaft für Menschenrechte (ідэнтыфікатар facebook.com/IGFM.DE);
- старонка у Х з назвай Internationale Gesellschaft für Menschenrechte (ідэнтыфікатар х.com/IGFM_DE);
- Instagram-акаўнт igfm.de (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte) у (ідэнтыфікатар instagram.com/igfm.de).
@bajmedia