• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    КПЧ ААН прызнаў парушэнні правоў 13-ці беларускіх журналістаў, пакараных за прафесійную дзейнасць у 2017–2021 гадах

    Паведамленне пра гэта з Камітэта ААН па правах чалавека атрымаў Леанід Судаленка. Праваабаронца дапамагаў журналістам, пакараным у Беларусі штрафамі за прафесійную дзейнасць, адстойваць правы на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

    Леанід Судаленка

    Леанід Судаленка на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Разам з віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым мы падалі 20 зваротаў пра парушэнні правоў 13-ці журналістаў.

    У асноўным гэта жыхары Гомельскай і Віцебскай вобласці, і ў большасці сваёй дзейнасць гэтых журналістаў была звязаная з незалежным тэлеканалам “Белсат”. Сярод іх, да прыкладу, экс-палітзняволеныя Ларыса Шчаракова, Яўген Меркіс, Вячаслаў Лазараў.

    Усе яны былі пакараныя за прафесійную дзейнасць — беларускія суды прызналі іх вінаватымі за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Апрача гэтага, некаторыя звароты тычыліся абвінавачанняў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, хаця журналісты былі там не ўдзельнікамі, а выконвалі прафесійныя абавязкі. Жыхара Віцебска Віктара Рамнёва звінавацілі ў несанкцыянаваным распаўсюдзе незалежнага выдання “Витебский Курьер”», — распавёў Леанід Судаленка.

    Паводле праваабаронцы, гэтыя звароты былі аб’яднаныя ў адну справу, бо парушэнні ў дачыненні да журналістаў былі прызнаныя сістэмнымі.

    Нягледзячы нават на тое, што не ўсе аўтары зваротаў прайшлі ўсе ступені абароны сваіх правоў у Беларусі. Журналісты тлумачылі гэта недаверам да беларускай судовай сістэмы і няздольнасцю абараніцца з дапамогай цяперашняга беларускага заканадаўства, якое супярэчыць міжнародным нормам.

    У сваім рашэнні Камітэт ААН па правах чалавека падкрэсліў, што свабода выказвання — гэта права кожнага грамадзяніна, і што адсутнасць акрэдытацыі не можа трактавацца як падстава для пакарання. У адпаведнасці з гэтым рашэннем, Беларусь павінна вярнуць спагнаныя адміністрацыйныя штрафы і любыя судовыя выдаткі, а таксама на працягу 180 дзён падаць інфармацыю пра меры, прынятыя для рэалізацыі меркаванняў Камітэта.

    «Спадзеву на грашовыя кампенсацыі пакуль няма — гэтае патрабаванне не было выкананае ні разу, хаця падобных рашэнняў Камітэт ААН па правах чалавека прыняў ўжо больш за 600.

    «Зрабі нешта для краіны»: пашыраюцца спробы вярбоўкі журналістаў. Парады, як супрацьстаяць

    Але зараз самае галоўнае, што рашэнне Камітэта мае стратэгічны  характар. У ім засведчана, што Беларусь павінна прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні — забяспечыць, каб нарматыўная база, у прыватнасці Закон аб сродках масавай інфармацыі і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах адпавядалі міжнародным стандартам», — зазначае праваабаронца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.