«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: акаўнт Беларускага расследавальнiцкага цэнтра ў Facebook, акаўнт БХК у Instagram
Міністэрства інфармацыі Беларусі 15 красавіка ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У яго ўключылі старонку ў Facebook з назвай «БРЦ / «Беларускi расследавальнiцкi цэнтр» (ідэнтыфікатар facebook.com/BelarusFiles). Адпаведнае рашэнне прыняў 13 красавіка 2026 года суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Сёлета ўжо былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» акаўнты БРЦ у Threads і TikTok.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр — гэта медыя, якое займаецца расследаваннем карупцыі і выкрыццём прапагандысцкіх фэйкаў.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны і змест акаўнта belhelcom_org у Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/belhelcom_org). Гэта старонка Беларускага Хельсінкскага Камітэта — праваабарончай арганізацыі. Адпаведнае рашэнне прыняў 14 красавіка 2026 года суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы. Нядаўна, 31 сакавіка 2026 года, КДБ Беларусі абвесціў БХК «экстрэмісцкім фармаваннем». У пераліку інтэрнэт-рэсурсаў, праз якія нібыта ажыццяўляецца «экстрэмісцкая» дзейнасць, згадваецца і гэты акаўнт у Instagram.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі і мастацкі фільм «Жыве Беларусь» польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча. Гэта мастацкі фільм, зняты ў 2012 годзе паводле гісторыі Франка Вячоркі — грамадскага дзеяча і былога журналіста. Кінастужка пабудаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра змаганне беларускае моладзі супраць дыктатуры. У фільме зняліся рэпер Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандр Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.
@bajmedia