Святлана Ціханоўская: За кожным журналісцкім матэрыялам стаіць чалавечая рызыка
Свабода прэсы — гэта люстэрка таго, што насамрэч адбываецца ў грамадстве, заявіла беларуская дэмакратычная лідэрка Святлана Ціханоўская з нагоды Дня свабоды прэсы 3 траўня.

Фота: Telegram-канал Святланы Ціханоўскай
«У Беларусі праўда стала небяспечнай і цяпер за кожным журналісцкім матэрыялам стаіць не проста прафесійная адказнасць, але і чалавечая рызыка. Беларускія журналісты, якія сумленна робяць сваю працу, плацяць за гэта высокую цану: арыштамі, турмамі, вымушанай эміграцыяй», — падкрэсліла Ціханоўская.
Яна адзначыла, што беларускія медыя працягваюць развівацца і працаваць — у выгнанні, пад палітычным пераследам, без нармальных умоваў, знаходзячы выйсце нават там, дзе, здавалася б, яго няма.
«Сёння ўсе незалежныя СМІ працуюць з‑за мяжы, але пры гэтым каля 80% іх аўдыторыі застаецца ў Беларусі», — адзначыла Ціханоўская.
Гэта, на яе думку, падкрэслівае не толькі прафесіяналізм журналістаў, але і вялікую патрэбу беларусаў у праўдзівай, альтэрнатыўнай інфармацыі.
«Улада спрабуе забіць гэтую праўду — праз цэнзуру, блакіроўкі, запалохванне. Але праўда знаходзіць шлях. Шлях праз беларускую незалежную журналістыку».
Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім журналістам — тым, хто ў турмах, у выгнанні і ўнутры краіны працягвае працаваць.
«Праўда — гэта самая вялікая небяспека для рэжыму і самая вялікая каштоўнасць для людзей», — заявіла яна.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец: «Пачобута вызвалілі, але яшчэ 22 журналісты застаюцца за кратамі»
@bajmedia