Facebook-акаўнты журналістаў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Міністэрства інфармацыі Беларусі 8 верасня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява створана БАЖ з выкарыстаннем ШІ
У яго ўключылі адразу тры Facebook-акаўнты журналістаў, якія 4 верасня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці.
Гэта старонка экс-палітзняволенай журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай Catarina Andreeva (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/catarina.bajvalova), акаўнт журналісткі, дакументальнай фатографкі і кінематаграфісткі Ксеніі Галубовіч Kseniya Halubovich (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/profile.php?id=100011768953788), акаўнт журналіста і палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста Yury Drakakhrust (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/yury.drakakhrust).
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі Instagram-акаўнт li_vetrava, які належыць беларускай блогерцы Лізе Ветравай (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/li_vetrava). Рашэнне прызнаць яго змест «экстрэмісцкім» прыняў 3 верасня 2026 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.
Днём раней, 2 верасня 2026 года, суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Telegram-акаўнт MAYDAY MOGILEV (ідэнтыфікатар https://t.me/MAYDAYhelp), які служыць для сувязі з магілёўскімі праваабаронцамі.
@bajmedia