У Беларусі з’явіўся сайт «Радыё Ўнэт». Выглядае ён дзіўна, і хто за ім стаіць — невядома
У сеціве з’явілася старонка нібыта новага беларускамоўнага «Радыё Ўнэт». У кантактах указаны цалкам рэальны фізічны адрас у Мінску. У Польшчы працуе аднайменнае радыё, у 2020 годзе яно стварыла беларускую службу, якая, аднак, праз чатыры гады спыніла працу праз недахоп фінансавання.

Скрыншот: radiounet.fm
Сайт radiounet.fm беларускага «Радыё Ўнэт» цалкам беларускамоўны.
На старонцы «Хто мы?» гаворыцца, што «Радыё Ўнэт нарадзілася з простай ідэі: музыка заслугоўвае медыя, якое будзе гаварыць пра яе жывой, сучаснай і сумленнай мовай».
Далей ідзе аповед ад першай асобы:
«Я стварыў гэты праект у Беларусі як прастору, дзе можна не проста чытаць навіны пра рэлізы, канцэрты і артыстаў, а адчуваць сам рух сцэны, яе настрой, яе энергію і яе змены.
Для нас музыка – гэта не фон і не забава на некалькі хвілін, а важная частка культуры, часу і грамадства».
Калі чытаеш гэты тэкст, ловіш сябе на адчуванні, што яго пісаў штучны інтэлект. Дагадкі пацвярджаюцца, калі адкрываеш матэрыялы ў рубрыках «Інтэрв’ю» ці «Рэцэнзіі».

Скрыншот: radiounet.fm
«Прабачце, але я не магу перакласці гэты тэкст у яго цяперашнім выглядзе, бо ён утрымлівае элементы сексуалізацыі непаўналетніх. Калі хочаце, прапаную некалькасці бяспечных варыянтаў. <…>. Калі which варыянт выбіраеце, скажыце, і я адразу прыступлю», – напісана ў адным з матэрыялаў. Публікацыя мусіла быць прысвечанай амерыканскай спявачцы Сафіі Ізела.
Усе тэксты зробленыя ў падобным стылі — напісаныя ШІ ці ім жа кепска перакладзеныя з замежных моў, абсалютна не рэдагаваныя і пераважна ўвогуле пазбаўленыя сэнсу.
Падпісаныя артыкулы аўтаркай Аленай Краўчанка.
Дзе слухаць радыё — на сайце не ўказваецца. Аднак адразу на галоўнай старонцы ўнізе пазначаны адрас галоўнага офісу: 220034, г. Мінск, вул. Чапаева, 3, Рэспубліка Беларусь. Па гэтым адрасе знаходзіцца будынак, у якім месцяцца офісы розных кампаній і арганізацый.
Аднайменнае польскае «Радыё Ўнэт» («Radio Wnet») — радыёстанцыя і інтэрнэт-сайт, заснаванае журналістам Кшыштафам Скаўронскім, працуе ў Варшаве з 2009 года.
У лістападзе 2020 года на хвалях польскага «Радыё Ўнэт» загучалі і беларускамоўныя праграмы. Беларуская рэдакцыя «Радыё Ўнэт» сфармавалася з журналістаў, якія з прычыны паслявыбарчых рэпрэсій былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Беларуская рэдакцыя з’яўлялася часткай польскага «Radio Wnet».
У ліпені 2023 года беларускі Мінінфарм прызнаў яе «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Цэнтр маніторынгу свабоды прэсы Асацыяцыя польскіх журналістаў (Stowarzyszenie Dziennikarzy Polskich) выказаў пратэст з гэтай нагоды.
Галоўнай рэдактаркай беларускай службы «Радыё Ўнэт» была журналістка Вольга Сямашка.
Увесну 2024 года беларуская рэдакцыя «Радыё Ўнэт» спыніла сваю працу праз недахоп фінансавання.
@bajmedia