• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэпутацыя, імідж і місія: досвед калабарацыі беларускіх рэдакцый з замежнымі калегамі

    Вымушаная рэлакацыя і змены ў фінансаванні паставілі перад беларускімі медыя новыя выклікі: як не толькі застацца дзейнымі, але і захаваць сваю актуальнасць у замежным асяроддзі. Сёння калабарацыя з еўрапейскімі рэдакцыямі — ад лакальных польскіх газет да сусветных сетак расследавальнікаў — становіцца для беларускіх журналістаў ключом да захавання беларускай павесткі і здабыцця новага ўзроўню даверу.

    Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    У гэтым матэрыяле прадстаўнікі MOST media і «Бюро Медыя» дзеляцца сваім досведам супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі.

    Руслан Кулевіч, заснавальнік і галоўны рэдактар MOST media, створанага ў 2022‑м у Беластоку, кажа ў размове з БАЖ: «Яшчэ ў 2023‑м зразумелі, што трэба неяк пачынаць супрацоўніцтва з польскімі арганізацыямі і медыя. Мы бачылі, што цяжка знайсці рэсурсы, і калі не пачнем зараз, то пазней будзе яшчэ больш складана». Да таго ж, падціскала і вялікая канкурэнцыя на медыйным рынку.

    Руслан Кулевіч. Фота: сацсеткі

    «Першая супраца ў нас была з фундацыяй Stocz­nia, што месціцца ў Варшаве. Яны нам дапамагалі рабіць сустрэчы з рознымі польскімі арганізацыямі, медыя, з рознымі польскімі журналістамі, якія працуюць з рэгіянальнай прэсай, лакальнай і гэтак далей, — кажа журналіст. — Гэтыя сустрэчы натхнілі на думку зрабіць польскую старонку нашага медыя для пачатку. Дзесьці за год сваімі сіламі зрабілі польскую версію MOST media, які напаўнялі перакладамі на польскую нашых навін, іміджавых артыкулаў, я б так сказаў».

    Стаць сваімі ў рэгіёне 

    Наступным крокам стаў беластоцкі Kuri­er Poran­ny:

    «Я прыйшоў да іх у рэдакцыю, пазнаёміўся і сказаў: «Давайце супрацоўнічаць, у Беластоку жыве шмат беларусаў. Можам штосьці разам рабіць для даволі буйной аўдыторыі». Мы дамовіліся на тое, што MOST media будзе даваць свае артыкулы і на Kuri­er Poran­ny. Дзесьці год мы так супрацоўнічалі, але не магу сказаць, што мы зараблялі грошы на гэтым, можа быць, 50 еўра на месяц і выходзіла.

    У гэтай рэдакцыі не надта з фінансамі, але для нас гэтая супраца найперш была важная іміджава, рэпутацыйна. Kuri­er Poran­ny — галоўная газета Падляшша, Беластока, якую сапраўды чытаюць тут. І мала таго, што нашыя артыкулы выходзілі рэгулярна ў іх, некалькі разоў яны станавіліся галоўным матэрыялам нумара, былі на перадавіцы галоўнай газеты рэгіёна».

    Артыкул MOST media ў Kuri­er Poran­ny. Фота: Руслан Кулевіч

    Руслан Кулевіч ізноў падкрэслівае, што для беларускага выдання «гэта было вельмі ў плюс іміджава»:

    «Калі хтосьці да нас прыходзіў, мы заўсёды паказвалі: «Вось, глядзіце, мы паспяхова супрацоўнічаем з польскімі медыя». Мы давалі артыкулы і на рэгіён, і на горад.

    І гэта было класна, таму што пасля іх чытачы, рэдактары казалі, што гэта вельмі цікавыя гісторыі пра беларусаў, што беларусы тут не чужыя і пра іх цікава чытаць. Але сродкаў дадатковых гэта так і не прынесла.

    Я дагэтуль сам перакладаю ўсе тэксты на польскую старонку нашага сайта, сам пасля даю гэтыя тэксты ў Kuri­er Poran­ny. Не хапае часу займацца гэтым усім, за год не змог знайсці чалавека, які б дапамагаў у гэтай працы. Так што пакуль усё яшчэ толькі на перспектыву».

    Выхад на нацыянальную інфапрастору 

    Але досвед працы з Kuri­er Poran­ny прывёў MOST media да знаёмства з рэдакцыяй Onet — гэта адно з найбуйнейшых польскіх медыя:

    «У іх ёсць партнёрская праграма. MOST стаў першым беларускім медыя, з якім Onet падпісаў дамову па гэтай праграме. І вось ужо больш за год нашыя тэксты выходзяць не толькі на Падляскі рэгіён і Беласток, а на ўсю Польшчу. У артыкуле пазначаецца, што тэкст падрыхтаваны рэдакцыяй MOST media, беларускім медыя ў Польшчы.

    Не магу сказаць, што гэта спрацавала вельмі ўжо добра фінансава, але на праглядах можна зарабляць, манетызацыя ўключаецца».

    Скрыншот з Facebook Руслана Кулевіча

    Скрыншот з Face­book Руслана Кулевіча

    Што праўда, «не кожны артыкул можа выстраліць, але, зноў жа, гэта проста выдатна з боку іміджу, бо мы паказваем, што супрацоўнічаем з агульнанацыянальным выданнем Onet». З іншага боку, Onet гэта таксама цікава, «ім не патрэбны журналісты ў штат, але якасныя матэрыялы па партнёрскай праграме яны бяруць ахвотна».

    Скрыншот з Onet

    Пакуль не пра грошы, а пра рэпутацыю, імідж і місію

    Увогуле, як кажа Руслан Кулевіч, «выйсці на польскі рынак — гэта класна, але патрэбны час».

    «Мы працуем з рэкламай на польскім рынку, але гэтага мала. Трэба з палякамі выходзіць на польскі рынак і паказваць, што мы класныя і мы канкурэнтаздольныя.

    Зараз мы адправілі лісты ў польскія арганізацыі, фірмы, прадпрыемствы, гандлёвыя цэнтры наконт рэкламы, бо з адкрыццём мяжы беларусы зноў змогуць часцей наведваць Падляшша, спадзяюся. І нас чытаюць па абодва бакі мяжы.

    Так, дадатковыя грошы на польскую старонку нашага медыя знайсці цяжка, але, мяркую, што трэба ўкладацца, бо перспектыўна, — зазначае галоўны рэдактар MOST media. — Зараз гэта больш не пра грошы, а пра рэпутацыю, імідж і місію. Сітуацыя такая, што беларуская павестка ў Польшчы патроху знікае. А мы сваімі артыкуламі расказваем пра беларусаў, нагадваем і, часам, дапамагаем. Было некалькі выпадкаў, калі беларусы бралі нашы артыкулы і йшлі, напрыклад, ва ўжонды (дзяржаўныя або муніцыпальныя ўстановы. — Рэд.) з імі: «Вось, глядзіце, пра гэту праблему пішуць».

    Наведванні польскай старонкі MOST media, паводле журналіста, «растуць, але не ў такіх аб’ёмах і не так хутка, як хацелася б — я думаў, што за год мы стрэлім у польскай версіі, на жаль, так гэта не спрацавала, бо менш артыкулаў з’яўляецца там пакуль».

    «Ідэя з польскамоўным MOST media з’явілася ў крызіс, калі мы страцілі фінансаванне, як і многія іншыя, пасля змяненняў працы фондаў у ЗША. Тады мы пачалі думаць пра тое, як выжываць, — узгадвае Руслан Кулевіч. — Мне важна, каб пра MOST media палякі ведалі і каб яны разумелі, чаму мы тут знаходзімся і пра што мы пішам.

    Важна, каб палякі разумелі, чаму столькі шмат беларусаў зараз у Польшчы, што яны прыязджаюць не проста жыць на дапаможныя нейкія выплаты, а працаваць і ствараць класныя праекты. Мы ствараем добры імідж беларусаў у Польшчы, рэпутацыю. Спадзяюся, гэта будзе сапраўдным мостам паміж краінамі».

    Магчымасці, якімі варта карыстацца 

    На думку сузаснавальніка і журналіста расследавальніцкага «Бюро Медыя» Аляксандра Ярашэвіча, калабарацыя беларускіх медыя з замежнымі «дае велізарныя магчымасці, не толькі для расследавальніцкіх, для ўсіх — і гэтым варта карыстацца».

    Канферэнцыя БАЖ Вільня 2024

    Аляксандр Ярашэвіч на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    «Упершыню я папрацаваў супольна з замежнымі калегамі яшчэ не ў «Бюро Медыя» і яшчэ ў 2019 годзе. Рабіў тады расследаванне для БелаПАН пра бізнес сям’і Бакіевых у Беларусі, зразумеў, што патрабуецца дапамога калег з тых краін, дзе знайшліся сляды дзейнасці Бакіевых і г. д. Так адбылося знаёмства і супраца з OCCRP — адной з найбуйнейшых у свеце арганізацый, якая займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Зараз «Бюро Медыя» ўваходзіць у сетку партнёраў OCCRP. Гэта дапамагае і практычна, і рэпутацыйна», — кажа Аляксандр Ярашэвіч.

    Паводле журналіста, партнёрства дазваляе звяртацца да калег з самых розных краін, дзе «фігуруюць героі нашых расследаванняў», замежныя расследавальнікі таксама звяртаюцца да «Бюро Медыя».

    «Самыя актульныя тэмы зараз — вайна ва Украіне, санкцыі супраць Беларусі і Расіі, звязаныя з гэтай вайной, схемы абыходу гэтых санкцый, якія пралягаюць якраз праз наш рэгіён. Наша апошняе расследаванне — якраз прыклад калабарацыі з калегамі са Швецыі. Яно тычыцца схемы пастаўкі лекаў са Швецыі ў Расію пры дапамозе беларускай фірмы. Шведскія расследавальнікі звярнуліся па нашыя кампетэнцыі, у выніку ўдалося зрабіць добры матэрыял», — распавядае Аляксандр Ярашэвіч.

    Рэакцыя ўладаў на такія публікацыя таксама ёсць: «У Беларусі — зразумела якая. Напрыклад, Людміла Гладкая напісала артыкул, у якім я названы агентам заходніх спецслужб. А вось у краінах ЕС на такія публікацыі ўлады рэагуюць сваімі расследаваннямі, праверкамі і нават крымінальнымі справамі супраць герояў. Так было пасля нашай супольнай працы з літоўскімі расследавальнікамі Siena і нацыянальным вяшчальнікам LRT».

    «Было вельмі шмат цікавай супрацы пасля зліву вялізных аб’ёмаў інфармацыі — Pan­do­ra Papers. Тады кожны з партнёраў OCCRP працаваў па сваіх краінах, атрымалася добрае расследаванне (тады я яшчэ працаваў у Беларускім расследавальніцкім цэнтры) пра «золата Шэймана». Былі праекты з The Guardian і Süd­deutsche Zeitung», — расказвае журналіст.

    Аляксандр Ярашэвіч падкрэслівае: «Не трэба цурацца калабарацыі з замежнымі медыя — яна на карысць усім бакам. І гэта не толькі пра рэакцыю на створанае. Разам з гэтым, мы становімся больш бачнымі ў свеце, ЕС больш ведае пра працу беларускіх медыя, да нас узрастае давер, нашыя брэнды становяцца заўважнымі, стэйкхолдары пачынаюць прадпрымаць захады і ўвогуле прыглядацца да публікацый і г. д. Адныя плюсы ў карму, так бы мовіць».

    «Хачу яшчэ дадаць, што да OCCRP можа звяртацца любы беларускі журналіст. Так, мы — афіцыйныя партнёры, можа быць, больш магчымасцяў у супрацы, але звярнуцца па дапамогу ці супрацу можа любое беларускае медыя», — зазначыў сузаснавальнік «Бюро Медыя».

    Калабарацыі: у плюсе прагляды і рэпутацыя, а што з манетызацыяй?

    Сённяшні стан калабарацыі можна ахарактарызаваць як пераходны этап ад стыхійнага пошуку рэсурсаў да інстытуцыянальнага партнёрства. Для рэгіянальных выданняў, такіх як MOST media, супраца з польскімі арганізацыямі пачалася як адказ на фінансавы крызіс і высокую канкурэнцыю. Зараз гэта трансфармавалася ў мадэль «іміджавага партнёрства»: беларускія матэрыялы з’яўляюцца на перадавіцах вядучых рэгіянальных выданняў (Kuri­er Poran­ny) і на найбуйнейшых нацыянальных парталах (Onet).

    У сферы журналісцкіх расследаванняў калабарацыя ўжо з’яўляецца прафесійным стандартам: «Бюро Медыя» праз сетку OCCRP працуе з сусветнымі гігантамі кшталту The Guardian, што дазваляе не толькі дзяліцца кампетэнцыямі, але і дамагацца рэальных прававых наступстваў для герояў публікацый у краінах ЕС.

    Аднак асноўнай праблемай застаецца нізкая фінансавая аддача: партнёрствы прыносяць прагляды і рэпутацыю, але пакуль не сталі крыніцай стабільнага даходу.

    Перспектывы развіцця напрамую залежаць ад здольнасці беларускіх медыя даказваць сваю канкурэнтаздольнасць на еўрапейскім рынку.

    Асноўны патэнцыял ляжыць у двух кірунках: захаванне ролі «экспертаў па рэгіёне» для буйных заходніх СМІ і праца з камерцыйнай рэкламай у краінах знаходжання.

    Перспектыва бачыцца ў паглыбленні інтэграцыі, дзе беларускія медыя будуць выступаць не проста як «госці», а як паўнавартасныя ўдзельнікі міжнародных праектаў, што ў будучыні не выключае і пэўны камерцыйны поспех.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.