Анджэя Пачобута адзначылі ганаровым медалём Падляшскага Ваяводства
Былы палітзняволены журналіст, дзеяч Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут наведаў Беластоку з афіцыйным візітам пасля пяці гадоў зняволення. Сярод шэрагу сустрэч Анджэя Пачобута віталі гарадскія і ваяводскія ўлады.

Анджэй Пачобут на цырымоніі ўзнагароджання Ганаровай адзнакай Падляшскага Ваяводства. 10 ліпеня 2026 года, Беласток. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Падчас сустрэчы яму ўручылі Ганаровую адзнаку Падляшскага Ваяводства, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
«Мы ўручаем гэту вышэйшую нашу ўзнагароду – ганаровы медаль Падляшскага Ваяводства, каб пан змог сябе адчуць ганаровым жыхаром нашага ваяводства за той прыклад гераізму, за прыклад змагання за незалежнасць, за праўду», — сказаў маршалак ваяводства Лукаш Пракорым.
Прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі адзначыў, што Анджэй Пачобут у любы момант можа стаць жыхаром Беластока.

Анджэй Пачобут на цырымоніі ўзнагароджання Ганаровай адзнакай Падляшскага Ваяводства. 10 ліпеня 2026 года, Беласток. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Анджэй Пачобут, са свайго боку, падзякаваў Беластоку і ўсяму ваяводству за салідарнасць і супрацу з Саюзам палякаў на Беларусі, а таксама за акцыі салідарнасці, якія праходзілі штомесяц, пакуль журналіст быў у зняволенні.
Ганаровая адзнака Падляшскага Ваяводства — гэта вышэйшая ганаровая ўзнагарода Падляшскага ваяводства ў Польшчы, уручаецца з 2006 года. Яна з’яўляецца формай прызнання і падзякі за выбітны ўклад у развіццё, прасоўванне і прадстаўленне рэгіёна на нацыянальным ці міжнародным узроўні.

Анджэй Пачобут на цырымоніі ўзнагароджання Ганаровай адзнакай Падляшскага Ваяводства. 10 ліпеня 2026 года, Беласток. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Анджэй Пачобут быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ч. 3 арт. 130 — «Распальванне варожасці ці варажнечы». 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У выніку доўгіх дыпламатычных перамоваў і абмену вязнямі Пачобут быў вызвалены 28 красавіка. У зняволенні ён прабыў 5 гадоў. Цяпер Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы.
Пяць гадоў чакання. Як Беласток сустракаў Анджэя Пачобута пасля вызвалення
@bajmedia