«Абарона правоў на нацыянальным узроўні не дала плёну». БАЖ звярнуўся ў АБСЕ і ААН у справе Аляксандра Буракова
БАЖ звярнуўся ў АБСЕ і ААН у справе забароны на ўезд у краіны Еўразвяза і Шэнгенскага пагаднення беларускаму журналісту Аляксандру Буракову.

Алесь Буракоў. Фота з яго акаўнта ў Facebook
Беспадстаўнае абмежаванне ў правах
Аляксандра Буракова затрымалі 4 чэрвеня ў аэрапорце Берліна, куды ён прыляцеў з Малдовы, дзе атрымаў статус уцекача. Журналісту паведамілі, што ягонае прозвішча ўнесенае ў SIS (база дадзеных для кантролю межаў і забеспячэння бяспекі) як асобы, якой забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і Шэнгенскага пагаднення да 2031 года.
Гэта ўжо другая такая забарона з боку Польшчы. Першы пяцігадовы бан скончыўся ў сакавіку 2026 года. Як высветлілася, другая забарона была выдадзеная 16 красавіка 2026 года. Прычына невядомая, гэтак жа, як і ў выпадку першага бану.
Цягам пяці гадоў з дапамогай адвакатаў і юрыстаў БАЖ Буракоў спрабаваў высветліць прычыну забароны, аднак гэта не атрымалася зрабіць нават праз суд.
Буракоў заяўляе, што адсутнасць тлумачэнняў з боку Польшчы прычын забароны і немагчымасці ўязджаць у краіны ЕЗ наўпрост уплывае на ягоную журналісцкую дзейнасць.
З нагоды новай забароны Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала звароты да старшыні АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і спецдакладчыку ААН.
«Мы звярнуліся ў дзве інстанцыі на міжнародным узроўні ў абарону правоў Аляксандра Буракова з той нагоды, што яго ўжо паўторна і з нашага пункту гледжання беспадстаўна абмежавалі ў правах на ўезд у Еўразвяз. Паколькі ў першы раз абарона правоў на ўнутраным, нацыянальным узроўні Польшчы не дала плёну, то, адпаведна, другое рашэнне, якое, на нашу думку, мае пад сабой яшчэ менш падстаў, трэба бараніць ужо на міжнародным узроўні. Хоць не выключаць таксама і нацыянальны ўзровень», — кажа юрыст, кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў.
Што могуць зрабіць міжнародныя структуры?
У адпаведнасці з працэдурамі абароны правоў журналістаў на міжнародным узроўні, былі накіраваныя запыты ў АБСЕ і ААН. Алег Агееў адзначае, што гэтыя структуры не маюць паўнамоўцтваў зняць забарону на ўезд, але яны могуць запатрабаваць ад Польшчы тлумачэнняў.
«Калі ёсць спрэчка, ці былі парушаныя правы, ці не, яны пачынаюць камунікацыю з дзяржавай, якая, верагодна, парушыла правы, і патрабуюць ад яе тлумачэнняў, чаму такое адбылося. Самі ж яны не могуць ні скасаваць рашэнне, ні выдаць нейкае заключэнне», — тлумачыць юрыст.
Таксама, калі сам Буракоў вырашыць зноў бараніць свае правы праз польскія нацыянальныя механізмы, будуць падрыхтаваныя адпаведныя звароты ў органы Польшчы, у прыватнасці, у Генеральную пракуратуру, амбудсмену, магчыма, будзе зноў разгляд у судзе, зазначае Агееў.
Чарговую забарону беларускаму журналісту на ўезд у ЕЗ юрыст БАЖ лічыць адвольным абмежаваннем правоў, хоць і адзначае, што любая дзяржава можа вырашаць, каго з замежнікаў яна хоча бачыць на сваёй тэрыторыі. Аднак у такой сітуацыі хацелася б разумець прычыны адмовы ўезду. Польшча ў выпадку першай забароны Буракову адмовілася тлумачыць нават праз суд, які падтрымаў гэтае рашэнне.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ
«На жаль, польская прававая сістэма мяне расчаравала», — рэзюмуе Алег Агееў.
Права на мабільнасць
Тое, што кожная краіна, якая лічыць, што нейкая асоба стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы, мае права забараніць гэтай асобе ўезд, падкрэслівае таксама адвакат, якія займаецца справай Буракова, Алесь Міхалевіч. У выпадку Еўразвяза, калі чалавек мае дазвол на жыхарства ў адной з краін блоку, забарона будзе распаўсюджвацца на тую канкрэтную дзяржаву, якая яе выдала. Калі дазволу на жыхарства няма, тады ўезд забаронены цалкам у ЕЗ і краіны Шэнгенскага пагаднення.
Максімальны тэрмін утрымання ў базе SIS — 5 гадоў, але з магчымасцю перагляду і перападачы, што і адбылося з Бураковым, кажа Міхалевіч:
«Я правяраў за нейкі час да паездкі Аляксандра, і яго ў базе не было. Але неўзабаве пасля гэтага ён там з’явіўся».
Са слоў адваката, агульнаеўрапейскага механізму аспрэчвання знаходжання ў гэтай базе няма. Трэба ісці праз нацыянальныя інструменты і тую краіну, якая ўнесла забарону. Пасля можна ісці ў Еўрапейскі суд па правах чалавека з парушэннем права на мабільнасць.
«Але гэтае права не абавязковае, не настолькі моцна рэгулюецца, як, напрыклад, забарона на катаванні. З яго могуць быць выключэнні, у тым ліку з прычыны нацыянальнай бяспекі. Усе суды, якія былі ў Польшчы, і спробы высветліць прычыну, не далі вынікаў, бо ў іх ідзе спасылка на нацыянальную бяспеку і сакрэтнасць. Таму пытанне, ці мы ўвогуле хоць на нейкім судовым узроўні атрымаем інфармацыю пра падставу забароны», — тлумачыць суразмоўца БАЖ.
Ці часта беларусам забараняюць уезд у ЕЗ?
Дзяржава не абавязаная папярэджваць аб унясенні ў спіс SIS. Звычайна людзі даведваюцца пра знаходжанне ў ёй выпадкова на мяжы. Калі такое здараецца, можна ў гэтай краіне прасіць прытулак, што, са слоў Міхалевіча, мог таксама зрабіць Буракоў у Нямеччыне, і, магчыма, былі б нейкія шанцы на пазітыўны вынік.
Другі шлях — судовы, які можа расцягнуцца на гады.
Паводле Міхалевіча, шмат беларусаў апошнім часам сутыкаецца на забарону на ўезд у Літву, якая «вельмі шырока трактуе панятак нацыянальнай бяспекі».
«Так, яны лічаць, што калі чалавек служыў у арміі ў памежных войсках, у спецназе, працаваў у пракуратуры ці сілавых структурах, гэта ўжо пагроза. Такіх беларусаў там шмат. У Польшчы беларусаў, унесеных у SIS, менш, але таксама на сёння гэта ўжо дзясяткі ці сотні чалавек», — кажа адвакат.

Алесь Міхалевіч / Euroradio
Першы бан
У 2021 годзе Аляксандр Буракоў даведаўся, што яму — нягледзячы на нядаўна выдадзеную польскую візу — забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення да 2 сакавіка 2026 года.
Са слоў журналіста, у красавіку 2026 года ён разам з юрыстам падаваў запыт у паліцыю Чэхіі з пытаннем пра тое, ці скончыўся ўжо бан і ці выкраслілі ягонае імя з базы. 13 красавіка паліцыя Чэхіі адказала, што забароны ўжо няма. Таму Аляксандр спакойна паляцеў у Нямеччыну, дзе высветлілася, што 16 красавіка 2026 года Польшча зноў унесла дадзеныя журналіста ў SIS з забаронай на ўезд яшчэ на 5 гадоў — да 16 красавіка 2031 года — з фармулёўкай, што ён прадстаўляе пагрозу для Польшчы.
Правёўшы суткі ў камеры для затрыманых у аэрапорце, Буракоў вярнуўся ў Кішынёў.
Паводле журналіста, цягам усяго тэрміну папярэдняга бану ён спрабаваў разабрацца, што мог парушыць, каб трапіць пад забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Але для яго гэта так і засталося загадкай: 2 сакавіка 2021 года ён без праблем атрымаў польскую гуманітарную візу, але скарыстацца ёй не паспеў, бо наспела патрэба рэлакацыі ў Літву.
Калі праз два месяцы Аляксандр падаў дакументы ў Літоўскую амбасаду, высветлілася, што з ініцыятывы польскага боку ён унесены ў спіс асоб, якія нясуць пагрозу ўнутранай бяспецы польскай дзяржавы. Хаця ў Польшчу журналіст нават не заязджаў.
Таямнічыя наступствы старога канфлікту
Падставай, як мяркуе сам Аляксандр Буракоў, маглі стаць хіба што падзеі 20-гадовай даўніны:
«У сярэдзіне 2000‑х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу».
Тады Аляксандру забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады. Але потым журналіст некалькі разоў атрымліваў шэнгенскія візы ў амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўразвяза.
Улетку 2025 года Аляксандр Буракоў праз адваката дамагаўся тлумачэння падстаў, паводле якіх журналіста ўключылі ў базу SIS, і азнаямлення з матэрыяламі справы, каб аспрэчыць забарону.

Аляксандр Буракоў
Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня 2025 года прызнаў, што адмова выдаць для азнаямлення матэрыялы справы — неправамоцная. Але ў тым жа месяцы яму зноў адмовілі «з той прычыны, што падставы ўнясення ў SIS падпадаюць пад дзеянне асобных пунктаў заканадаўства, калі замежнік не мае права на азнаямленне з дакументамі».
29 снежня 2025 года адвакат Пётр Дзенішэўскі атрымаў адказ з суда, у якім пацвярджаецца, што Упраўленне па справах замежнікаў застаецца на сваёй пазіцыі і патрабуе адхілення скаргі Буракова.
Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве на пачатку сакавіка 2026 года вынес рашэнне аб адхіленні пазову па справе Буракова. Сутнасць справы, з за якой беларускі журналіст трапіў у шэнгенскі бан, застаецца таямніцай.
Журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў выехаў з Беларусі з прычыны палітычна матываванага пераследу.
Ён працаваў фрылансерам на тэлеканале «Белсат», радыёстанцыях «Радыё Рацыя», Deutsche Welle. Пасля пратэсных падзей 2020 года яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць і прызначалі адміністрацыйныя арышты. У ізалятары Аляксандр трымаў галадоўку на знак пратэсту з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання вязняў. У лютым 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да журналіста з пастановай на ператрус, а ў выніку зладзілі сапраўдны пагром у яго кватэры.
@bajmedia