«375 Радыё» стартавала «Раніцай з Дашай і Васілём»
Журналісты Васіль Ядчанка і Дар’я Гардзейчык сталі вядоўцамі ранішняга ток-шоў на новым онлайн-медыя «375 Радыё» — «прасторы для беларусаў і беларусак, для ўсіх, каму хочацца чуць беларускую мову, беларускую музыку і сваіх людзей побач».

«Раніца з Дашай і Васілём»
«У першым выпуску мы з Дашай Гардзейчык гаворым пра летнія беларускія традыцыі, якія не знікаюць нават пасля пераезду. Пра лагеры, агарод у XXI стагоддзі, Цімафея-агародніка, дзіўныя законы ЗША, міграцыйныя гісторыі і беларускія выразы, без якіх жыццё нейкае ўжо не такое, — распавядае Васіль Ядчанка.
— Мы кайфуем ад кожнай хвіліны, калі робім гэта для вас. Ад размоў, ад музыкі, ад гэтай ранішняй летуценнасці. Уключайце «375 Радыё фонам»: пад каву, дарогу, працу, сняданак, прыбіранне, выгул сабакі, сум па хаце ці радасць ад новага дня. Там шмат добрай беларускай музыкі і нашых галасоў, якія будуць намагацца зрабіць вашу раніцу трошкі цяплейшай».
Пілотны выпуск выйшаў яшчэ ў сакавіку, яго таксама можна паслухаць тут.
Першае беларускае медыя для дыяспары ў ЗША
У першым выпуску шоў пачынальніца «375 Радыё», журналістка, медыяэкспертка Марыя Савушкіна распавяла пра ідэю новага СМІ:
«Справа ў тым, што да гэтага моманту не існавала медыя, якое б злучала беларусаў, якія жывуць у ЗША. Таму мы з камандай вырашылі адгукнуцца на гэтую праблему і запусціць онлайн-радыё.
Радыёфармат падаўся нам вельмі цікавым (…) Заўсёды ёсць магчымасць запусціць наш дадатак на тэлефоне і паслухаць апошнія навіны, выпускі цікавых праграмаў, інтэрв’ю ці проста паслухаць класную беларускую музыку з нашага плейліста».

Марыя Савушкіна. Фота: Сяргей Балай
Канцэпцыю радыё яна называе «вельмі простай»: «Мы хочам, каб разам з «375 Радыё» беларусы адпачывалі і абменьваліся навінамі.
Таму ў бліжэйшы час мы плануем запусціць навінавыя выпускі, дзе можна будзе пачуць, чым жывуць супольнасці ў розных штатах і розных гарадах. Ну і таксама адпачынак: гэта класная беларуская музыка, гэта сустрэчы з музыкамі, гэта інтэрв’ю з цікавымі беларусамі, якія пераехалі ў ЗША і якім сапраўды ёсць чым падзяліцца».
«Інфармаваць, забаўляць і адукоўваць»
Марыя Савушкіна разлічвае, што новае медыя стане паспяховым ва ўсіх трох задачах СМІ — «інфармаваць аўдыторыю, забаўляць аўдыторыю і адукоўваць аўдыторыю».
«Але ад сябе хачу дадаць, што вельмі спадзяюся на тое, што радыё дапаможа беларусам і беларускам у ЗША адчуць супольнасць, адчуць, што ён ці яна не адзін, што ўсе праходзяць праз цяжкасці эміграцыі, а гісторыі поспеху, якімі мы будзем дзяліцца, спадзяюся, натхняць многіх-многіх беларусаў і дадуць надзею, што ўсе праблемы вырашальныя. І вось гэтае адчуванне, што калі мы разам, мы мацней. Я думаю, што гэта вельмі важна і гэта частка нашай місіі», — сказала медыяэкспертка.
Пачынальніца праекту кажа, што на існаванне «375 Радыё» збіраюцца данаты: «Мы запрашаем далучацца да нас праз PayPal і невялікую суму раз на месяц данаціць на нашы радыё. Гэта дазволіць нам больш хутка і больш дынамічна развівацца, запускаць новыя праграмы, рабіць цікавыя рэпартажы. Таксама мы шукаем партнёраў. Магчыма, камусьці цікава размясціць рэкламу альбо скарыстацца нашымі магчымасцямі».
@bajmedia