Журналіста Кірыла Пазняка і ягоную дачку Яніну пакаралі пазбаўленнем волі
26 чэрвеня Менскі гарадскі суд вынес прысуды журналісту Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне. Аб гэтым стала вядома з крыніцаў «Белсату».

Кірыл Пазняк і яго дачка Яніна. Калаж зроблены БАЖ з дапамогай ChatGPT
Кірыла Пазняка пазбавілі волі на тры з паловай гады. Пакуль невядома, колькі давядзецца правесці за кратамі ягонай дачцэ Яніне.
Абвінавачанне прасіла пакараць бацьку і дачку пазбаўленнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна. Апроч таго, Кірыл Пазняк мусіць заплаціць штраф у 550 базавых велічыняў (24750 рублёў). Якую суму мусіць заплаціць ягоная дачка, пакуль невядома.
Бацьку і дачку абвінавацілі паводле двух артыкулаў – 361–1 і 369–1 Крымінальнага Кодэксу Беларусі – у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Кірыл Пазняк (злева). Скрыншот з відэа: «Платформа 375»
Пазнякоў затрымалі летась 3 верасня. На наступны дзень КДБ прызнаў YouTube-канал «Платформа 375», які стварыў Кірыл Пазняк, экстрэмісцкім фармаваннем. У крымінальнай справе і журналіст, і ягоная дачка прызнаны арганізатарамі. Уся віна Яніны палягае ў тым, што яна зарэгістравала канал у TikTok.
На «Платформе 375» Пазняк асвятляў эканамічныя і палітычныя падзеі ў краіне. У 2021‑м і ў 2022‑м ён быў мадэратарам онлайн-дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну праз пагрозу рэпрэсій.
Разгляд справы пачаўся 17 чэрвеня. Першае паседжанне суда было прызначанае на 14 траўня, але праз цяжкі стан здароўя журналіста яго давялося перанесці. У ізалятары на вуліцы Акрэсціна Кірыл Пазняк перанёс COVID-19 і цяжкую пнеўманію, якая дала ўскладненні на лёгкія. Некалькі дзён ён правёў на апараце штучнага дыхання. Кірыл праходзіў лячэнне ў турэмным шпіталі.

Яніна Пазняк. Фота: з асабістага архіва
Пакуль прысуд не набудзе моц, Кірыл Пазняк і ягоная дачка Яніна будуць знаходзіцца ў следчым ізалятары. Тэрмін утрымання пад вартай падчас следства суд палічыў як дзень за паўтара.
Адзін з заснавальнікаў «Платформы 375» Сяржук Герасімовіч у каментары «Белсату» заявіў, што «прысуд не мае пад сабой ніякіх аргументаваных законных падставаў і з’яўляецца сведчаннем таго, што ў Беларусі няма сёння месца свабоднай прэсе ні ў якім выглядзе». Ён падкрэсліў, што не разумее, «дзе можна было на канале ўбачыць хоць якія-небудзь праявы экстрэмізму».
@bajmedia