Пад выглядам праваабаронцаў: у Telegram выявілі два фэйкавыя боты «Гомельскай Вясны»
У месенджары Telegram з’явіліся два падробленыя чат-боты, якія выкарыстоўваюць назву і лагатып «Гомельскай Вясны». Праваабаронцы выявілі іх 24 кастрычніка і папярэджваюць: людзі, якія шукаюць дапамогі, могуць перадаць асабістыя звесткі невядомым.

Пра падробкі Гомельская філія праваабарончага цэнтра «Вясна» паведаміла 25 кастрычніка на сваім сайце. У арганізацыі мяркуюць, што фальшывыя чат-боты маглі стварыць прадстаўнікі беларускіх сілавых структур для выяўлення людзей, якія звяртаюцца па праваабарончую дапамогу.
Падробленыя акаўнты капіююць візуальнае афармленне праваабаронцаў. Адзін пры запуску вітае карыстальніка па-руску, другі прапануе выбраць рускую або беларускую мову. У філіі падкрэсліваюць, што працуюць выключна па-беларуску. Але галоўны спосаб праверкі сапраўднасці — дакладны адрас акаўнта і спасылка з афіцыйнага рэсурсу, бо назву, выяву і мову зламыснікі могуць скапіяваць.
Раней, 18 жніўня, блізкія да сілавікоў Telegram-каналы заявілі пра ўзлом рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Праваабаронцы пацвердзілі ўзлом рэсурсу, які амаль два гады не абнаўляўся і захоўваўся як архіў. Пры гэтым прадстаўнік інфармацыйнага кірунку Гомельскай філіі ПЦ «Вясна» абвяргае заявы пра атрыманне базы рэспандэнтаў і паказанай прыўладнымі каналамі перапіскі. І тлумачаць, што сайт не быў звязаны з цэнтральным рэсурсам — spring96.org.
Абставіны ўзлому сайта «Палеская Вясна» застаюцца нявысветленымі.
@bajmedia