Пайшоў з жыцця Аляксандр Мілінкевіч. Беларускі палітык быў сябрам БАЖ
«Сёння а 7:15 раніцы адышоў у вечнасць Аляксандр Мілінкевіч», — так пра сыход беларускага навукоўца, грамадскага дзеяча і палітыка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook яго родзіч Ігар Кулей.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: з Telegram-канала Reform.news
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне 25 ліпеня 1947 года. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута і аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР.
Падчас працы намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама (1990–1996 гады) спадар Мілінкевіч займаўся ў тым ліку пытаннямі СМІ.
Безліч высілкаў у сваёй шматгадовай дзейнасці на карысць Беларусі ён прысвячаў спрыянню свабодзе медыя.
У 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч вылучаўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі. Паводле афіцыйных звестак, набраў 6 % галасоў выбаршчыкаў і заняў 2‑е месца пасля Лукашэнкі. У той жа час Еўрапарламент узнагародзіў яго прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
У верасні 2022 года Аляксандр Мілінкевіч стаў пазаштатным дарадцам дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.
«Дзякуючы сваёй мудрасці і жыццёваму досведу Аляксандр Уладзіміравіч быў для мяне надзейнай апорай і чалавекам, да чыёй думкі я заўсёды прыслухоўвалася з вялікай павагай, — зазначыла Святлана Ціханоўская. —
Ён быў адным з самых яскравых і годных палітыкаў свайго часу. У 2006 годзе змог аб’яднаць вельмі шмат розных партый і рухаў, каб выкарыстаць выбары для актывізацыі нацыянальных сілаў. Яго адданасць Беларусі, нашай мове і культуры натхняла кожнага, каму выпаў гонар працаваць з ім побач.
Аляксандр Уладзіміравіч умеў аб’ядноўваць, слухаць і падтрымліваць у самыя складаныя моманты. Гэта велізарная і горкая страта для ўсіх нас».
Сэрца спадара Аляксандра спынілася 11 жніўня 2026 года. Яму было 79 гадоў.
@bajmedia