«Яна назаўжды ў літаратуры і нашым жыцці». Беларусы ўзгадваюць Святлану Курс
Выбітная пісьменніца, перакладчыца, журналістка і рэдактарка Святалана Курс (Ева Вежнавец) сышла 20 ліпеня 2026 года пасля цяжкай хваробы. У сацсетках беларусы дзеляцца ўспамінамі, цытуюць радкі з яе твораў і смуюць з нагоды вялікай страты — для кожнага і для ўсёй Беларусі.

Фота: @kanaplev_leidik, Instagram.com
«Яна нечакана пачала гладзіць дрэвы і нешта ім казаць»
Медыяменеджэр Аляксей Дзікавіцкі:
«Гады два таму праглядаў старое, з канца 90‑х хіба, выданне НН, дзе быў нейкі мой артыкул і нечакана пабачыў, што ў тым жа нумары ёсць таксама публікацыя Святланы «Ніўка, Ніўка, вярні маю сілку!». Зрабіў здымак і даслаў ёй. «Ой, сівая даўніна», — адпісала.
Калі гэта сівая даўніна, дык што ўжо казаць пра часы, калі мы пазнаёміліся ў яе менскай кватэры годзе можа ў 95‑м… А ў першай палове 2000‑х мне даручылі вучыць Свету рабіць і мантаваць навіны ў пражскім офісе «Свабоды», адкуль мы пасля сканчэння змены пайшлі піць віно на плошчу Міру. Там, калі вялікага касцёлу, растуць прыгожыя дрэвы, якія мая каляжанка нечакана пачала гладзіць, абдымаць і нешта ім казаць. «Ого!» — падумаў тады — «я таксама часам так раблю, але не пры знаёмых, бо падумаюць яшчэ…».
Святлана менавіта такая — робіць тое, што лічыць патрэбным і так, як лічыць патрэбным, не істотна, «выпадае» ці не: у працы (даглядаючы старых людзей ці разбіраючы лісты забітых у Катыні афіцэраў), у публічнай дыскусіі і, вядома, у літаратуры.
Даволі рэгулярна перапісваліся, сустракаліся даволі рэдка, аднойчы нават ледзь зноўку не сталі калегамі, тым разам па тэлебачанні.
Калі Света захварэла, мы з Аленай Дзікавіцкай, маючы цяжкі досвед змагання з хваробай сына, стараліся нешта параіць, падказаць — цяпер думаю, што не дастаткова. На адзін допісаў падтрымкі яна адпісала: «Выбару асабліва й няма. Трэба рабіць, што належыць. Абдымаю, дружа».

А потым на прапанову дапамогі яшчэ: «Дык я ж цалкам спраўная цяпер. І фізычна і нават духова нішто так сабе»… Пазаўчора ў нейкім хаатычным сне раптам усвядоміў, што ўласна па-за сном я не існую, што мне як бы «няма куды прачынацца» — бо як можа абудзіцца той, каго ўжо няма на зямлі? Зрабілася страшна. Я абудзіўся, а Святлана ўжо не. Бывай, спакойнага сну».
«На сустрэчах яе не адпускалі»
Дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда:
«Мала хто так умеў чытаць беларускую душу, як Святлана Курс, якой больш няма з намі. Вялікая страта.
Я адкрыла для сябе свет Святланы, калі запісала з ёй інтэрв’ю. Слухала яе як зачараваная. Пасля я неаднойчы назірала тое ж уздзеянне і на іншых людзей: на адкрытых сустрэчах ёй доўга-доўга апладзіравалі, не адпускалі.
У яе словах і вобразах былі і глыбіня, і містыка, і прыгажосць, і неардынарнасць, і вострасць, і трапнасць. З намі застанецца тое, што яна паспела сказаць і напісаць.
«Па што ідзеш, воўча?», спадзяюся, некалі трапіць у школьную праграму для старшакласнікаў. А Расея, якую Святлана некалі апісала як «рак кастаеда», нас адпусціць».
«Света была цэнтрам моцы»
Журналіст Сяргей Падсасонны:
«Заўжды было пачуццё, быццам ты ведаеш адказы на ўсе пытанні, адказы глыбокія і абдуманыя. Апошні раз напісаў да яе ў траўні пасля таго, як на Біенале ў беларускім павільёне ў Венецыі пабачыў ейную кнігу ды павіншаваў, а яна адказала: “Дзякуй, дарагі. Я так за нас рада — за цябе і за сябе”.
А потым яна пытала пра белы наліў, ці паспеў. А ў нас паблізу дома ёсць яблыня, але ён усё не спеў, а я хадзіў і чакаў, каб напісаць: “Света, белы наліў паспеў — куды прывезці?..” Не паспеў белы наліў і я.
Сын Светы — мой былы студэнт. Калі я чытаў лекцыі праз зум, Света мне казала, што іх таксама “падслухоўвала”, а мне было так прыемна. Яна заўжды казала пра сына з вялікай любоўю. Спачуваю Феліксу і блізкім, усім — бо гэта страта ўсіх нас.
Мы бачыліся некалі ў эфірах, бачыліся на ўручэнні “Гедройця”, на ейных прэзентацыях “Воўчы”. І заўжды былі поўныя залы, мноства пытанняў. А Света была цэнтрам моцы, яе слухалі бездакорна. Яна назаўжды ў літаратуры і нашым жыцці!»
«Чытаў на адным дыханні — і ў СІЗА, і на лагеры»
Юрыст, былы палітзняволены Максім Знак:
«Хтосьці з маіх незнаёмых сяброў даслаў мне на Валадарку «Па што ідзеш, воўча?». Гэтую кнігу мне не аддалі. Але пры этапаванні штосьці ў сістэме збайнула, і кнігу я атрымаў…
Першы раз прачытаў на адным дыханні — пакуль чакаў «размеркавання» ў Віцебскім СІЗА. Потым прачытаў яшчэ… І ў СІЗА, замест прапанаванай макулатуры, і на лагеры. Потым падараваў кніжку на дзень нараджэння вязню з іншага атрада. Апошні раз я пабачыў яе ж на бібліятэчнай калясцы — дакладна ўжо перачытаную ўсімі «эстрэмістамі» і дададзеную ў біблятэчны фонд.
Кніга ячшэ была там — жывая — ажно ў лістападзе 2025-га, калі знішчылі ўсё іншае. «Па што ідзеш, воўча?» — па нашы душы. Хто чытаў — ведае, пра што я. Хто не чытаў — прачытайце. Мы сустрэліся са Святланай упершыню на «Стральцоўскім фэсце», і я распавёў ёй гэтую гісторыю і тое, як мне дапамагла гэта кніга. Яна была ўсцешана…»
«Чамусьці так заведзена, што рана сыходзяць таленавітыя, яркія, вольныя і прыгожыя»
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч:
«Сышла ў лепшы сьвет беларуская пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец). Спачуваю яе родным і сябрам.
Чамусьці так заведзена, што рана сыходзяць таленавітыя, яркія, вольныя і прыгожыя, а няздары, падлюгі і дробныя сволачы жывуць доўга. Затое ад першых штосьці застаецца — напрыклад, кнігі.
Са Сьвятланай мы былі знаёмыя даўно, ды ўсё неяк па два словы, усё недаверліва ды асьцярожна. Вядома, мы стараліся падтрымаць яе, калі даведаліся пра хваробу. І нават пасьпелі выступіць на адной сцэне — у сьнежні мінулай зімой размаўлялі зь Юляй і Сьветай пра Купалаўцаў у Люблінскім унівэрсытэце. Зусім нядаўна.
Цяпер гляджу на гэтыя фота і ўспамінаю жывы голас чалавека, які сядзеў побач. І хачу падзяліцца вось чым: на старонцы Litradio ёсьць сэрыя падкастаў «Адкуль бяруцца кнігі», запісаных некалькі гадоў таму, і па гэтай вось спасылцы можна пачуць голас Сьвятланы Курс і яе думкі ды згадкі — больш чым гадзінная размова, якая цяпер больш чым размова».
«Вялікая страта для літаратуры і для Беларусі»
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«Заўсёды захапляла Свеціна ўменне фармуляваць думкі. У яе адказах на пытанні не было месца банальнасцям: яна разгортвала іх так, нібы сходу ткала дываны — складаныя, шчыльныя, поўныя нечаканых узораў і сэнсаў.
З ёй не заўсёды можна было пагадзіцца. Святлана часам была катэгарычнай, але гэтая катэгарычнасць расла з непарушнай любові да свайго — да Беларусі, яе мовы, культуры і людзей. Света ўмела ныраць у самыя чорныя прорвы і вынырваць з іх са святлом, якое несла ў сабе. І частка гэтага святла заўсёды перападала яе чытачам і чытачкам.

Святлана Курс. Фота: яе старонка ў Facebook
Страшна шкада, што з гэтай прорвы ёй вынырнуць не ўдалося. Цяпер ёй не баліць… Вялікая страта для літаратуры і для Беларусі».
@bajmedia