• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пайшоў з жыцця Аляксандр Мілінкевіч. Беларускі палітык быў сябрам БАЖ

    «Сёння а 7:15 раніцы адышоў у вечнасць Аляксандр Мілінкевіч», — так пра сыход беларускага навукоўца, грамадскага дзеяча і палітыка паведаміў на сваёй старонцы ў Face­book яго родзіч Ігар Кулей. 

    Аляксандр Мілінкевіч

    Аляксандр Мілінкевіч. Фота: з Telegram-канала Reform.news

    Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне 25 ліпеня 1947 года. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута і аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР.

    Падчас працы намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама (1990–1996 гады) спадар Мілінкевіч займаўся ў тым ліку пытаннямі СМІ.

    Безліч высілкаў у сваёй шматгадовай дзейнасці на карысць Беларусі ён прысвячаў спрыянню свабодзе медыя.

    У 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч вылучаўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі. Паводле афіцыйных звестак, набраў 6 % галасоў выбаршчыкаў і заняў 2‑е месца пасля Лукашэнкі. У той жа час Еўрапарламент узнагародзіў яго прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

    У верасні 2022 года Аляксандр Мілінкевіч стаў пазаштатным дарадцам дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.

    «Дзякуючы сваёй мудрасці і жыццёваму досведу Аляксандр Уладзіміравіч быў для мяне надзейнай апорай і чалавекам, да чыёй думкі я заўсёды прыслухоўвалася з вялікай павагай, — зазначыла Святлана Ціханоўская. —

    Ён быў адным з самых яскравых і годных палітыкаў свайго часу. У 2006 годзе змог аб’яднаць вельмі шмат розных партый і рухаў, каб выкарыстаць выбары для актывізацыі нацыянальных сілаў. Яго адданасць Беларусі, нашай мове і культуры натхняла кожнага, каму выпаў гонар працаваць з ім побач.

    Аляксандр Уладзіміравіч умеў аб’ядноўваць, слухаць і падтрымліваць у самыя складаныя моманты. Гэта велізарная і горкая страта для ўсіх нас».

    Сэрца спадара Аляксандра спынілася 11 жніўня 2026 года. Яму было 79 гадоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.