У зняволенні ў Вацлава Арэшкі сур’ёзна пагоршылася здароўе — ён фактычна страціў зрок. Былы палітвязень, які знаходзіўся ў адной калоніі з Вацлавам, адзначае, што па тэрыторыі лакальнага сектара і па атрадзе Вацлаў перасоўваецца самастойна — навобмацак. У іншых выпадках ён патрабуе дапамогі, таму яго звычайна суправаджаюць іншыя вязні.
«Атрад ён вывучыў цудоўна: дзе, што і як! Калі ідзе па лакалцы, звычайна яму хлопцы гукаюць, падказваюць, куды павярнуць, дзе прыступкі, дзе бардзюр або плот. Ходзіць самастойна і днём, і ноччу. Але праз тое, што ён нічога не бачыць, яму дужа цяжка хадзіць у сталоўку ці ў медчастку, заўсёды з ім ідзе чалавек, які яго суправаджае! Гэты чалавек, у асноўным, не адзін і той самы, а розныя».
Але, па словах суразмоўцы, час ад часу адміністрацыя забараняе іншым вязням дапамагаць пенсіянеру.
Агулам, па стане на пачатак лета, самаадчуванне ў Вацлава было нядрэннае, з улікам усіх асаблівасцяў утрымання, кажа былы палітвязень. Па яго словах, адміністрацыя часам выпісвае Вацлаву рапарты і спагнанні, але за што — невядома.
Па інфармацыі «Вясны», палітвязню дазволеныя тэлефонныя размовы, але спатканняў са сваякамі за час зняволення ў яго не было.
Нагадаем, у Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня 2023 быў вынесены прысуд тром актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў —палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку.
Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Фядыніча і Бераснева асудзілі – да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Вацлава — да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Генадзь і Васіль выйшлі на волю па памілаванні.
