• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Польшчы экстрадыцыі экс-рэдактара сайта «Магілёўскі рэгіён» Змітра Салаўёва

    Зміцер Салаўёў, які пакінуў радзіму праз палітычны пераслед за прафесійную дзейнасць, даведаўся пра запыт беларускіх уладаў ад польскай пракуратуры.

    zmicer_salauyou_1

    Зміцер Салаўёў. Фота: з архіва БАЖ

    7 жніўня яго выклікалі на гутарку, у выніку якой стала зразумела, што польскі бок не мае намеру выдаць журналіста ў Беларусь.

    «У польскай пракуратуры я пабываў двойчы. Першы раз мяне проста пазнаёмілі з дакументамі, але прадметнай гутаркі не было, бо не было перакладчыка. Другі раз перакладчыка запрасілі, распыталі пра акалічнасці маіх крымінальных спраў і сказалі, што напішуць адказ з адмовай выдаць мяне беларускаму боку», — распавёў Зміцер Салаўёў.

    З ліста Генеральнай пракуратуры Беларусі

    Пэўным адкрыццём для яго стала хіба тое, што ў Беларусі супраць яго распачалі ўжо другую крымінальную справу. Першая была заведзеная паводле частак 1 і 2 артыкула 361 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім, кіраўніцтва такім фармаваннем, яго падраздзяленнем ці ўваходжанне ў яго склад»).  Са звароту Генпракуратуры Беларусі да Міністэрства юстыцыі Польшчы вынікае, што цяпер журналіста вінавацяць яшчэ і ў «змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 КК РБ). У Беларусі санкцыянавана заключэнне яго пад варту.

    Прычым Генеральная пракуратура гарантуе ў сваім лісце, што за кратамі для журналіста будуць створаны годныя ўмовы — адсутнасць катаванняў і ўтрыманне ва ўмовах, дзе недапушчальнымі з’яўляюцца прыніжэнне чалавечай годнасці. Таксама ведамства заяўляе, што журналіст будзе асуджаны выключна па тых артыкулах, якія пералічаныя ў запыце.

    З ліста Генеральнай пракуратуры Беларусі

    Зміцер Салаўёў быў галоўным рэдактарам навінавага партала «Магілёўскі рэгіён», згаданым у рашэнні КДБ Беларусі ад 29 лістапада 2023 года (у арыгінальным тэксце памылкова стаяла 19 лістапада), дзе гаворыцца пра прызнанне «экстрэмісцкім» фармаваннем «групы грамадзян, аб’яднаных ініцыятывай «6TV Bielarus» і яго структурным падраздзяленнем «Магілёў Медыя» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»)».

    «Такім чынам, я ведаў пра свой «удзел» у «экстрэмісцкім» фармаванні. А вось з кім была мая змова з мэтай захопу ўлады ў Беларусі, я не ўяўляю. Магчыма, гэтая справа з’явілася пасля таго, як я ўзяў удзел у канферэнцыі Палка Кастуся Каліноўскага. Або проста следчыя вырашылі, што я «змаўляўся» з калегамі-журналістамі», — кажа Салаўёў.

    На думку журналіста, патрабаванне яго экстрадыцыі з Польшчы можа папярэднічаць пачатку ў дачыненні да яго спецыяльнай вытворчасці з наступнай канфіскацыяй маёмасці. Зміцер Салаўёў мяркуе, што беларускі бок фармальна выконвае захады па яго вышуку за межамі краіны. У вышук на тэрыторыі Расіі і Беларусі ён абвешчаны ўжо некалькі гадоў таму.

    За журналісцкую дзейнасць Змітра Салаўёва неаднаразова затрымлівалі ў 2020 годзе: ён быў вымушаны адбыць некалькі адміністрацыйных арыштаў, падчас аднаго з затрыманняў журналіст на знак пратэсту 8 сутак трымаў галадоўку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.