Газета «Жыве Беларусь» у 1952 годзе ў Беларусі. Як такое было магчымым?
Адзін нумар газеты дакладна пабачыў свет і трапіў да чытачоў. Маглі быць і наступныя. Аднак у Маскве савецкія органы дзяржаўнай бяспекі перлюстравалі ўсю карэспандэнцыю, якая ішла з Беларусі за мяжу. Увагу прыцягнулі чатыры лісты, напісаныя нібы дзіцячым почыркам. Усе на адно імя і на адзін французскі адрас. Так і пачалося паляванне на чалавека, які стаяў за выданнем.

Пры падрыхтоўцы тэкста выкарыстаныя матэрыялы публікацый і кніг Аляксандра Лукашука, а таксама публікацыі ды інтэрв’ю краязнаўцаў.
Друкарня, у якой пабачыў свет першы нумар газеты «Жыве Беларусь», была падпольнай і працавала ў лесе паміж Вілейкай і Маладзечнам.
Шрыфты, наборныя планкі, фарбу і рулоны газетнай паперы былі здабытыя з друкарні машынна-трактарнай станцыі ў мястэчку Вязынь, дзе мясцовыя камуністы штампавалі прапагандысцкую прадукцыю.
Сам факт існавання друкарні і выпуску газеты зафіксаваны ў матэрыялах палітычнай справы № 3383, якую вяло МГБ-КГБ. Сярод рэчаў на месцы друкарні былі знойдзеныя розныя выдавецкія прылады, папера, фарба, выданні, падрыхтаваныя да распаўсюду.
Газета, для людзей, якія сабраліся ў падвілейскім лесе была толькі адной са справаў. Яны бачылі сябе ўдзельнікамі барацьбы за беларускую незалежнасць, за сваю дзяржаву, і нават прынялі прысягу на вернасць беларускай справе:
Я, грамадзянін Беларускай Народнай Рэспублікі, уступаючы ў шэрагі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, перад Богам, Бацькаўшчынай і Беларускім Народам урачыста прысягаю быць верным светлай ідэі пастановы 25 сакавіка 1918 года і БНР і аддаць усе свае сілы для іх ажыццяўлення. Абяцаю свята берагчы дзяржаўную, ваенную тайну, захоўваць непатаптаную чысціню бел-чырвона-белага сцяга БНР.
Колькі асобнікаў першага нумара газеты здолелі аддрукаваць, дагэтуль невядома. Невядома і тое, як выглядаў нумар, якія тэксты ў ім былі і якая планавалася рэгулярнасць выдання.
Але добра вядомыя погляды чалавека, які стаяў за выданнем газеты «Жыве Беларусь»:
…Тыя, хто распачынаў нашу справу ў часы «Нашай Нівы», напэўна, добра ведалі, што не дачакаюць ураджаю са сваёй працы. Аднак думалі аб тым, што закладаюць падмурак для будучыні Беларусі. Таму нам тым больш не патрэбна падаць духам, а прадаўжаць абавязак, ускладзены на нас старэйшымі змагарамі…
… Бараніць чыстыя, гарачыя, уласцівыя беларускай моладзі пачуцці кахання Бацькаўшчыны…
… Мы павінны дбаць пра добрае імя беларуса як на працы, гэтак і ўсюды…
… Толькі тады мы зможам выканаць абавязак перад Бацькаўшчынай, калі навучымся не толькі слухаць, уздыхаць ды спачуваць, але, закасаўшы рукавы, сапраўды па-беларуску возьмемся за працу для нашай будучыні…
За выданне газеты «Жыве Беларусь» у сталінскай Беларусі ўзяўся Янка Філістовіч, упаўнаважаны прадстаўнік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1952 годзе яму было 26 гадоў. І ён толькі што нелегальна перасёк мяжу Савецкай Беларусі.

Янка Філістовіч. Фота: найверагодней з матэрыялаў палітычнай справы
Філістовіч паходзіў з гэтых мясцінаў, удзельнічаў у нацыянальным руху на акупаваных нацыстамі беларускіх землях. У 1943 годзе быў прымусова мабілізаваны немцамі. Падобныя «запрашэнні» ад акупантаў атрымлівалі тады многія беларускія хлопцы:
— З сабой узяць харчоў на чатыры дні, вопраткі і прылад да ежы. У выпадку няяўкі будуць прыняты найвастрэйшыя меры паводле ваеннага часу.
Пасля Другой сусветнай вайны, у вымушанай эміграцыі, вучыўся ў французскай Сарбоне і бельгійскім Лювэне. Выдаваў беларускую прэсу, быў адным з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі.
Гэта быў самы пачатак халоднай вайны, і новае вялікае супрацьстаянне ў Еўропе тады выглядала рэальным. А значыць, рэальнай выглядала і новая змена межаў. Сам Янка Філістовіч і беларускае асяроддзе вакол яго былі перакананыя, што вайна Савецкага Саюза з Захадам можа пачацца неўзабаве. І ў Беларусі павінны быць людзі, гатовыя ў момант узяць адказнасць, «заступіць бальшавіцкую ўладу» і дзейнічаць дзеля здабыцця незалежнасці краіны.
Філістовіч пайшоў на кантакт з амерыканскай выведкай, якая мела ў гэтай частцы Еўропы свае інтарэсы. Тыя паабяцалі яму дапамагчы вярнуцца ў Беларусь. У кантэксце магчымай будучай вайны амерыканцаў цікавілі настроі насельніцтва ў Савецкай Беларусі, дыслакацыя і перамяшчэнне савецкіх войскаў. Інтарэс быў узаемны, хоць мэты кардынальна адрозніваліся.
Філістовіч прайшоў навучанне ў нямецкай Баварыі: тапаграфія, выжыванне, выдавецкая справа, дэсантаванне, стральба. І ўжо 9 верасня 1951 года ўдала на парашуце прызямліўся ў родных мясцінах — паблізу вёскі Паняцічы ў трохкутніку Вілейка, Маладзечна, Ілля. Пры ім былі ўлёткі, тэксты гімну, звароту да беларускага народа.
Амаль год Філістовіч дзейнічаў у сталінскай савецкай Беларусі. Свабодна перамяшчаўся па краіне, сустракаўся з людзьмі ў Вільні, Гродне, Мёрах, Маладзечне, Баранавічах, Менску, распытваў пра жыццё і настроі, адсочваў перамяшчэнне савецкіх войск. Ён не хаваў, хто ён, адкуль і з якой мэтай прыехаў, распавядаў пра дапамогу амерыканцаў, паказваў дакуманты, выдадзеныя Радай БНР. І за амаль год яго ніхто не выдаў савецкай уладзе.
Увесну 1952 года Янка Філістовіч выйшаў на ўзброеную групу мясцовай моладзі, якая хавалася ў лесе. Менавіта з ўдзельнікамі гэтай групы ён і арганізуе падпольнае выданне газеты «Жыве Беларусь».

Праўдападобна, што на фота група Янкі Філістовіча ў лесе пад Вілейкай улетку 1952 года. Фота найверагодней з матэрыялаў палітычнай справы
З захадам Філістовіч падтрымліваў сувязь лістамі, якія дасылаў у Парыж на адрас: Сант-Уэн, вуліца Гамбета, 8, на імя Высоцкага. Пісаў разведзенай кроўю вадой паміж радкамі звычайнага ліста. Пасля высыхання такі тэкст не павінен быў кідацца ў вочы. Гэта і былі тыя лісты, якія выклікалі падазрэнне ў маскоўскіх перлюстратараў у пагонах. Следчы ў справе пазней адзначыў, што ўвагу прыцягнуў дзіўны, нібы дзіцячы, почырк. Па змесце карэспандэнцыі органы дзяржбяспекі вызначылі, што яе аўтар знаходзіцца ў Беларусі. Інфармацыю перадалі савецкім органам дзяржаўнай бяспекі ў Беларусь.
5 верасня 1952 года Філістовіч трапіў у засаду, але здолеў вырвацца. Яго шукалі салдаты, міліцыя, аператыўнікі з сабакамі. Філістовіч вырашыў ісці ў кірунку Гродна, у бок мяжы. Пакінуў пра сабе дакумант, якім упаўнаважвала яго Рада БНР, рэшту знішчыў. Аўтамат аддаў знаёмаму вяскоўцу, каб той схаваў. Раструшчыў ампулу з цыяністым каліем — ён верыў, што вырвецца з пасткі.
Ісці мог толькі ўночы, удзень хаваўся. Пяць ночаў, шмат не пройдзеш. Раён увесь ачэплены, лясы прачэсвалі сотні савецкіх вайскоўцаў. Ежы амаль не было, і да таго ж пачыналі давацца ў знакі першыя вераснёўскія халады.
9 верасня ён дайшоў да Ярмолічаў, сёння гэта вёсачка на самым беразе Вілейскага вадасховішча. Амаль без сілаў пагрукаў у хату да школьнага таварыша.
Той прывітаў, уладзіў вячэру, ахвотна збегаў па лекі-парашкі, наліў гарбаты. Філістовіч зрабіў глыток. І страціў прытомнасць. Школьны таварыш даўно супрацоўнічаў з органамі дзяржаўнай бяспекі і яму загадзя перадалі моцнае снатворнае.
Быў дзень 9 верасня 1952 года. Роўна год таму, 9 верасня 1951-га, Філістовіч прызямліўся на парашуце ў Беларусі.
Янку Філістовіча адвезлі ў Менск, у «амерыканку». Толькі за першы месяц яго дапытвалі каля двухсот гадзін, удзень і ўноч. Вязня трымалі ў такой сакрэтнасці, што нават ахова турмы не ведала яго прозвішча. Следчы проста загадваў — прывядзіце нумар адзін.
Справа Філістовіча заняла 23 тамы. За доказы здрады, антысавецкай дзейнасці былі ўзятыя зброя, патроны, мапы, бінокль, медыкаменты. І падпольная друкарня: шрыфты, рэшткі паперы, фарба, набор друкарскі, частка накладу выдання, якую не паспелі распаўсюдзіць.
Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў Янку Філістовіча да смерці. Яго расстралялі пасля смерці Сталіна, позняй восенню 1953 года. Месца пахавання пакуль невядома.
@bajmedia