• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пяць год таму было разгромлена БелаПАН — першае і найстарэйшае беларускае незалежнае інфармацыйнае агенцтва

    18 жніўня 2021 году прайшлі ператрусы ў офісе БелаПАН і дома ў некаторых яго супрацоўнікаў. Былі затрыманыя дырэктарка і галоўная рэдактарка агенцтва Ірына Леўшына, былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў і бухгалтарка Кацярына Боева. Андрэй Аляксандраў, былы намеснік дырэктара, на той момант ужо некалькі месяцаў знаходзіўся ў СІЗА.

    Naviny.by и БелаПАН призывают власти Беларуси к открытости в ситуации с COVID-19

    БелаПАН быў заснаваны ў 1991 годзе журналістамі Алесем Ліпаем і Віталём Цыганковым. Агенцтва доўгі час заставалася галоўнай крыніцай недзяржаўных навін у Беларусі. У пачатку нулявых БелаПАН стварыў яшчэ і папулярную інтэрнэт-газету Naviny.by («Беларускія навіны»).

    Што адбылося ранкам 18 жніўня 2021-га

    Год пасля пратэстаў БелаПАН яшчэ працаваў, нягледзячы на ўскладненыя ўмовы для незалежных журналістаў ў краіне пасля жніўня 2020-га. З пачатку 2021-га за кратамі ўжо быў былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў.

    Андрэй Аляксандраў

    9 жніўня, у гадавіну выбараў і пачатку пратэстаў, Аляксандр Лукашэнка падчас «Большого разговора» ўспомніў пра «дэструктыўныя СМІ»: «Мы зачысцім гэту дрэнь. І зачысцілі. І будзем чысціць».

    Ранкам 18 жніўня 2021-га сілавікі прыйшлі з ператрусамі да галоўнай рэдактаркі Ірыны Леўшынай, яе намесніка Аляксандра Зайцава, журналістаў Захара Шчарбакова, Ірыны Турчыной, бухгалтаркі Кацярыны Боевай.

    Пазней ператрус прайшоў у былога дырэктара БелаПАН Дзмітрыя Наважылава.

    Офіс БелаПАН пасля вобшуку

    Офіс БелаПАН пасля вобшуку

    Офіс БелаПАН пасля вобшуку

    Пасля ператрусаў і допытаў Леўшыну, Боеву і Наважылава адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Шчарбакова і Турчыну пасля допытаў у СК адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні. Зайцава не дапытвалі, але ён падпісаў абавязацельства аб яўцы. Боеву вызвалілі праз 10 дзён.

    У «Белтэлекаме» ў прысутнасці журналіста Захара Шчарбакова канфіскавалі сервер, на якім размяшчаўся сайт belapan.by. У офісе БелаПАН пасля ператрусу канфіскавалі рэдакцыйны сервер.

    Ператрусы ў супрацоўнікаў прайшлі ў рамках спраў аб масавых беспарадках і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

    Суд

    6 чэрвеня 2022-га ў Мінску ў закрытым рэжыме распачаўся суд па «справе інфармагенцтва БелаПАН».

    Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў калоніі, Дзмітрыя Наважылава — на 6, Ірыну Леўшыну — на 4.

    Белапанаўцы ў залі суда. Фота «Белта»

    Леўшына выйшла на волю ў снежні 2024 году, Аляксандраў і Наважылаў застаюцца за кратамі дагэтуль.

    Частка былой каманды БелаПАН працягнула працу за мяжой, стварыўшы інфармацыйнае агенцтва «Позірк». 

    Дамены belapan.by і naviny.by, якія раней належылі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, у 2023 годзе былі перапрададзеныя іншым асобам.

    Татальная зачыстка прывяла да татальнага збяднення беларускай інфапрасторы

    У 2021 годзе палітычны аглядальнк БелаПАН і «Беларускіх навін» Аляксандр Класкоўскі заўважыў, што «ўвогуле справа ідзе да таго, што легальна працаваць у незалежнай журналістыцы ў краіне стане практычна немагчыма».

    Зараз Аляксандр Класкоўскі таксама працуе ў замежжы.

    Тады ж толькі частка калектываў зачыненых СМІ пачынала працаваць за мяжой:

    «Але, вядома, даваць ранейшы аб’ём кантэнту не атрымліваецца. Не ўсе супрацоўнікі гатовыя рэлакавацца. У іншай краіне ўзнікае шмат праблем бытавога, матэрыяльнага, арганізацыйнага, творчага, псіхалагічнага характару. Да таго ж улады працягваюць змагацца з раздражняльнымі іх рэсурсамі, дзе б ні знаходзіліся іх рэдакцыі. Напрыклад, суд у Мінску па хадайніцтве МУС прызнаў экстрэмісцкім кантэнт не толькі TUT.by, але і запушчанага часткай яго каманды за мяжой сайта Zerkalo.io».

    Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі тады ж прагназаваў:

    «Адбудзецца сур’ёзнае збядненне рынку інфармацыі, канкурэнцыя на ім аслабне».

    Ён адзначыў, што журналістам стане значна складаней атрымліваць інфармацыю, асабліва ад дзяржаўных органаў, правяраць яе, што вельмі балюча для СМІ, якія прызвычаіліся працаваць паводле строгіх навінавых стандартаў, правілаў якаснай журналістыкі.

    Аўдыторыя ж будзе актыўней шукаць інфармацыю ў сацыяльных сетках, месенджарах, «кантэнт для якіх ствараецца не традыцыйнымі СМІ, а блогерамі, рознымі зацікаўленымі гульцамі, якія не працуюць паводле правілаў журналістыкі», а «сярод гэтага кантэнту можа быць шмат недакладнага».

    Аляксандр Класкоўскі тады ўсё ж прагназаваў, што усталяваць поўнае панаванне ў медыйнай прасторы беларускім уладам не ўдасца:

    «Значная частка насельніцтва не пераключыцца на спажыванне дзяржаўнай прапаганды. Людзі, якія хочуць думаць самастойна, тыя, хто настроены супраць рэжыму, хто спадзяецца на перамены, усё роўна будуць шукаць і знаходзіць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі і каментароў.

    Пры гэтым рэжым у запале барацьбы за самазахаванне наносіць сур’ёзную шкоду беларускаму медыйнаму полю. Знішчаючы СМІ, якія фармавалі нацыянальны парадак дня, ён да таго ж вольна ці мімаволі палягчае Маскве яе інфармацыйна-прапагандысцкую экспансію. Дзяржаўная ж беларуская прапаганда за апошні год шмат у чым перайшла на прамаскоўскія пазіцыі, перапявае вялікадзяржаўныя наратывы.

    Кантэнт прафесійных СМІ, якія трапілі пад рэпрэсіі, таксама будзе перацякаць на новыя платформы, у сацыяльныя сеткі і месенджары».

    Як бачым, прагноз па вялікім рахунку спраўдзіўся.

    Тады ж Класкоўскі выказаў упэўненасць, што сённяшнім беларускім уладам не пад сілу усталяваць інфармацыйную манаполію, бо нават у часы СССР з зусім іншымі тэхналогіямі грамадзяне, уключаючы кароткахвалевыя радыёпрыёмнікі, прагна слухалі скрозь трэск глушылак «варожыя галасы». Тым больш не пад сілу такая задача Лукашэнку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.