Для Ларысы Шчыраковай адкрылі збор на BYSOL
Былой палітзняволенай журналістцы патрэбна дапамога. Зараз яна чакае ў Польшчы міжнародную абарону, але праз Дублінскае пагадненне яе справа зацягнулася.

Ларыса Шчыракова са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Да 2020 года Ларыса была карэспандэнткай «Белсата» ў Гомелі. Пасля таго, як пратэсты скончыліся, а рэпрэсіі ўзмацніліся, у 2021 годзе для сваёй бяспекі яна сышла з прафесіі і занялася этнафатаграфіяй. Нягледзячы на гэта, у 2023 годзе яе асудзілі па двух крымінальных артыкулах і прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі.
У верасні 2025 года ў складзе групы з 52 палітзняволеных журналістку прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву – за тры месяцы да афіцыйнага канца тэрміну.
Апынуўшыся ў выгнанні, Ларыса Шчыракова вырашыла пераехаць у Польшчу, бо ведае польскую мову і мае там знаёмых. Цяпер Ларыса жыве ў Беластоку і чакае рашэння па сваёй справе аб міжнароднай абароне – яна патрапіла пад Дублінскую працэдуру і рызыкуе быць дэпартаванай назад у Літву.
Праз зацягнутую працэдуру па Дубліне ў Ларысы няма магчымасці ўладкавацца на афіцыйную працу. Пасля вызвалення яна жыла ў шэлтэры, а зараз ёй трэба здымаць жыллё. Каб неяк пражыць, яна можа зарабляць фотаздымкамі, але гэта таксама патрабуе фінансавых укладанняў у тэхніку, пошук заказаў і навучанне.
Сума збору для Ларысы Шчыраковай — 3 000 еўра:
- 1200 еўра — арэнда жылля на бліжэйшыя тры месяцы;
- 800 еўра — тэхніка і абсталяванне для этнафотасесій;
- 600 еўра — юрыдычнае суправаджэнне па справе (Дублінская працэдура) і паслугі перакладчыка;
- 400 еўра — базавыя патрэбы.
Дапамагчы можна ПА СПАСЫЛЦЫ
@bajmedia