У Турцыі журналістаў затрымалі за клікбейтны загаловак «Эрдаган памёр»
Пракуратура турэцкага горада Айдын у Турцыі пачала расследаванне ў дачыненні да газеты Aydin Denge. На яе старонцы ў сацсетках з’явілася публікацыя пад загалоўкам «Эрдаган памёр». У межах крымінальнай справы былі затрыманыя чатыры прадстаўнікі медыя.

Публікацыя ў Facebook, праз якую распачалі крымінальную справу. Скрыншот: cumhuriyet.com.tr
Як паведамляе турэцкае выданне Cumhuriyet, 25 жніўня ў акаўнце газеты Aydin Denge быў апублікаваны малюнак з надпісам «Эрдаган памёр». Спасылка вяла на некралог на сайце выдання, дзе паведамлялася пра смерць мясцовай жыхаркі Гюльшэн з прозвішчам Эрдаган. Паколькі ў турэцкай мове дзеясловы не змяняюцца паводле роду, фраза пра смерць чалавека з прозвішчам Эрдаган гучыць аднолькава і ў дачыненні да жанчыны, і да мужчыны (Erdogan Vefat Etti).
У адказ на публікацыю пракуратура горада Айдын распачала крымінальную справу па артыкуле «публічны распаўсюд інфармацыі, якая ўводзіць у зман». У рамках расследавання былі затрыманыя ўладальнік газеты Эмін Айдын, галоўны рэдактар Ешым Юлкер і журналісты Іслам Келеш і Ірэм Дэліс. Паведамляецца, што пасля іх вызвалілі з‑пад варты, але прымянілі меру стрымання ў выглядзе судовага нагляду.
Паводле артыкула 217/A Крымінальнага кодэкса Турцыі, за наўмыснае распаўсюджванне ілжывай інфармацыі прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.
@bajmedia