Журналісты БТ заявілі, што амаль 5 гадоў супрацоўнічалі як фрылансеры з тэлеканалам «Настоящее время»
На беларускім дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» у праграме «Ізнанка» выйшаў сюжэт пра тэлеканал «Настоящее время». Вядоўца Кацярына Ціхамірава распавяла, як журналісты Белтэлерадыёкампаніі на працягу чатырох гадоў супрацоўнічалі з «НВ» у якасці фрылансераў і нібыта здабылі ўнікальныя звесткі, сярод якіх — чэкі з аптэкі кіраўніцы беларускай рэдакцыі Аліны Рудніцкай.

Вядоўца праграмы «Ізнанка» Кацярына Ціхамірава
Паводле сюжэта дзяржтэлеканала, Рудніцкая хацела мець кадры з Беларусі, таму шукала тых, хто мог бы іх зняць. З гэтай мэтай, напрыклад, у Віцебскую вобласць перыядычна прыязджалі фрылансеры з Расіі, але Рудніцкая нібыта шукала і супрацоўнікаў унутры Беларусі.
«Мы знайшлі яе, яна знайшла нас. Пачалася вялікая гульня даўжынёй амаль у 5 гадоў», — кажа Ціхамірава.
Прапагандыстка сцвярджае, што журналісты БТ працавалі з «НВ» з 2022 да 2026 года. Цягам гэтага часу яны змаглі зладзіць здымкі з камер і з дрона будынка ў Празе, у якім знаходзіцца офіс тэлеканала «Настоящее время». А яшчэ «раздабылі» звесткі пра бюджэт тэлеканала ў розныя гады і сумы, якія на яго выдзялялі ЗША. Так, у 2021–2022 гадах гэта былі 12 мільёнаў долараў, у 2023‑м – 14,5, у 2024–2025 гадах прасілі нібыта па амаль 15 мільёнаў.
У сюжэце былі паказаныя нібыта тэлефонныя размовы Рудніцкай з супрацоўнікам дзяржаўнага Першага інфармацыйнага пад выглядам фрылансера — у іх кіраўніца беларускай рэдакцыі «НВ» скардзілася на няпростую фінансавую сітуацыю пасля прыходу Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША.
Ціхамірава даводзіць, што не ўсе фільмы, якія яны як фрылансеры здымалі для «НВ», «прайшлі цэнзуру», як яна кажа. Напрыклад, яны прапанавалі фільм пра нейкага савецкага трэнера, «які выхаваў не адно пакаленне гімнастаў», а Рудніцкая не ўзяла яго.
Як вынікае з тлумачэнняў рэдактаркі, якія прыводзяцца як фрагменты тэлефоннай гутаркі, фільм не падымаў ніякіх вострыў праблем, якія маглі б быць цікавымі гледачам, а проста распавядаў пра добрага чалавека з намёкам на тое, як было добра ў СССР і як кепска, што ён распаўся. Рэдактарка параіла знайсці нейкія вострыя выказванні герояў стужкі, бо інакш ён не мае сэнсу. «Фрылансеры» палічылі гэта цэнзурай.
І прапанавалі прыдуманы сюжэт для фільма да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яго адобрылі, але грошай не далі.
Ціхамірава сцвярджае, што агулам за працу ў 2022 і 2023 гадах каманда гэтых «фрылансераў» атрымала 15 і 10 тысячаў долараў узнагароджання адпаведна. І што адпраўніком сродкаў было «Радыё Свабода».
Напрыканцы сюжэта вядоўца заявіла, што беларускаму тэлебачанню вядома пра ўсе пералёты Рудніцкай з ЕС у Расію і назад за 8 гадоў, і нават — тое, што яна купляла ў аптэцы — як доказ паказалі нейкія чэкі з намёкам, што ўсё пра яе ведаюць. А таксама пра іншых супрацоўнікаў тэлеканала «Настоящее время». На экран быў выведзены спіс 75 чалавек, якія нібыта працуюць з тэлеканалам па ўсім свеце. Большасць з іх — грамадзяне Расіі.
Назвала Ціхамірава і прозвішчы беларускіх супрацоўнікаў. Адзін з іх нібыта журналіст Дзмітрый Гурневіч. Журналіст пракаментаваў гэта ў Facebook.

Кадр з прапагандыскага фільма з фотаздымкам Дзмітрыя Гурневіча. Скрыншот
«Гаўнапрапагандысты зрабілі нейкае «расследаванне», у якім даказалі, што я супрацоўнік расейскамоўнага тэлеканалу «Настоящее время» (на фота [паказана ў сюжэце. — Рэд.] я вядоўца «Белсату» ў 2008 годзе) і што я падначалены нейкай грамадзянкі Расіі, імя якой я пачуў першы раз у жыцці.
Уявіце сабе самы нецікавы занятак на свеце. Напрыклад, скакаць на месцы з надзеяй, што зямля ж рухаецца і што так можна бясплатна вандраваць. І ўсё роўна гэта цікавей, чым тое, што робіць прапаганда на БТ. А за фотку маладога мяне, дзякуй», — напісаў Гурневіч на сваёй старонцы.
Тэлеканал «Настоящее время» быў створаны на пачатку 2017 года. У студзені 2024 года беларускія ўлады абвясцілі кантэнт шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў тэлеканала «экстрэміскай інфармацыйнай прадукцыяй», звесткі пра іх былі ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі.
@bajmedia