Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага
Аб рашэнні Праўлення БАЖ ад 25 жніўня 2026 года
25 жніўня 2026 адбылося паседжанне Праўлення БАЖ, на якім разглядаліся выкананне рашэння Праўлення БАЖ ад 23 снежня 2025 года па справе Барыса Гарэцкага, а таксама праект Гендарнай палітыкі БАЖ.

Нагадаем, што 23 снежня 2025 года Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў па выніках разбіральніцтва і з улікам экспертнага заключэння прыняло рашэнне, у якім, сярод іншага, прадугледжвалася:
- адхіліць Б. Гарэцкага ад выканання прадстаўнічых і кіруючых функцый тэрмінам на 12 месяцаў з моманту прыняцця рашэння Праўленнем аб пачатку расследавання ў дачыненні да яго (з 14 жніўня 2025 г.);
- прыняць дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Б. Гарэцкага з мэтай выключэння падобных сітуацый. Абавязаць яго ажыццяўляць дзелавыя кантакты толькі ў працоўны час або ў працоўнай прасторы, або з выкарыстаннем зацверджаных каналаў дзелавой камунікацыі;
- абавязаць прайсці Б. Гарэцкага навучанне па пытаннях недапушчэння харасменту і парушэння асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці;
- працягнуць распрацоўку комплекснай гендарнай палітыкі БАЖ, а таксама плана яе ўкаранення, рэалізацыі, маніторынгу і ацэнкі.
На паседжанні Праўлення БАЖ 25 жніўня 2026 года было ўстаноўлена, што Барыс Гарэцкі цалкам выканаў ранейшае рашэнне Праўленне, у прыватнасці:
- не выконваў прадстаўнічых і кіруючых функцый у БАЖ з 14 жніўня 2025 года;
- ажыццяўляў дзелавыя кантакты толькі ў працоўны час або ў працоўнай прасторы, або з выкарыстаннем зацверджаных каналаў дзелавой камунікацыі адпаведна таму, як было зафіксавана ў рашэнні Праўлення ад 23 снежня 2025 года;
- прайшоў навучанне па пытаннях недапушчэння харасменту і парушэння асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці. У прыватнасці, «Трэнінг па гендарнай палітыцы БАЖ і супрацьдзеянні харасменту», а таксама адукацыйную праграму «Мужчыны за гендарную роўнасць і недыскрымінацыю, супраць гвалту і харасменту», арганізаваную Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і шведскай арганізацыяй MÄN пры супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Швецыі.
Таксама былі выкананыя іншыя пункты ранейшага рашэння Праўлення.
У сувязі з гэтым Праўленне БАЖ прыняло рашэнне:
- лічыць Рашэнне Праўлення БАЖ ад 23 снежня 2025 года выкананым;
- пачынаючы з 25 жніўня 2026 года зняць абмежаванні па выкананні намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім прадстаўнічых і кіруючых функцый у адпаведнасці са Статутам БАЖ і планамі дзейнасці арганізацыі;
- зацвердзіць праект Гендарнай палітыкі БАЖ і накіраваць на разгляд Рады БАЖ у верасні 2026 года з улікам прапаноў і змяненняў, абмеркаваных у ходзе разгляду праекту.
@bajmedia