• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут папрасіў у папы рымскага блаславення для Беларусі

    Аб благаслаўленні для Беларусі, для сваёй сям’і і Саюза палякаў у Беларусі папрасіў былы палітвязень, журналіст і актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут у папы рымскага Льва XIV падчас кароткай гутаркі пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

    Анджэй Пачобут у папы рымскага

    Анджэй Пачобут
    Архіўнае фота: senat.gov.pl

    У інтэрв’ю польскаму інфармагенцтву ПАП ён адзначыў, што пасля сустрэчы адчувае ўнутраны спакой.

    “Хутка я буду вяртацца ў Беларусь, а ўнутранае напружанне назапашвалася, — сказаў Пачобут. — Я вельмі ўдзячны папе за той спакой, які адчуваю цяпер. Апошнія месяцы былі вельмі актыўнымі. Цяпер я адчуваю спакой”.

    Ён таксама падарыў папе копію абраза маці божай кангрэгацкай і папрасіў яго блаславіць яшчэ адну, якая вернецца ў Беларусь.

    Адказваючы на пытанне аб цяперашнім становішчы палякаў у Беларусі і зменах за чатыры месяцы пасля яго вызвалення, Пачобут заявіў: “Сітуацыя няпростая, і ў бліжэйшы час мы ўбачым, якая яна насамрэч“.

    Анджэй Пачобут у Еўрапарламенце: Не забывайце пра палітзняволеных!

    Пачобут паведаміў, што працуе над кнігай, бо адчувае ўнутраную патрэбу распавесці сваю гісторыю.

    На пытанне аб траўме пасля чатырох гадоў зняволення ён прызнаўся: “Як аказалася, безумоўна [ёсць]. Я трапіў у калонію, быўшы, мякка кажучы, спелым чалавекам. Мне здавалася, што турма не пакіне шнараў. На жаль, шнары засталіся, але я даю рады гэтаму“.

    Пра тое, што яго планы па вяртанні ў Беларусь не змяніліся, Пачобут заявіў на фестывалі “Кампус Польшча будучыні“ (Cam­pus Pol­s­ka Przyszłoś­ci) 27 жніўня ў Ольштыне.

    “Ніхто не дасць мне ніякіх гарантый, як павядуць сябе ўлады Беларусі“, — адзначыў актывіст, дадаўшы, што ўсведамляе ўсе рызыкі.

    53-гадовы Пачобут быў выпушчаны на волю і вывезены з Беларусі ў Польшчу 28 красавіка. Ён быў у ліку асуджаных, якіх дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ паводле схемы “пяць на пяць“.

    У траўні Пачобут паведаміў, што афіцыйна быў памілаваны, хоць не пісаў прашэння пра гэта.

    Намер вярнуцца ў Беларусь Пачобут дэклараваў адразу пасля вызвалення, паведаміўшы, што папрасіў аб адпаведных гарантыях з боку Мінска: “Прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаў, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі гэта“ (цытата ад 28 красавіка).

    Выступаючы ў Сенаце Польшчы 20 траўня, Пачобут заявіў, што вернецца ў Беларусь не пазней за верасень.

    1 верасня намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочак выказаў асцярогу, што вяртанне Пачобута ў Беларусь “нясе велізарную рызыку для яго”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.