• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Telegram-бот «Редакция “БГ”», TikTok-акаўнт Polesye_Media і Facebook Алеся Карніенкі

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 4 верасня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Facebook Алеся Карніенкі у спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў

    Алесь Карніенка. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

    У яго ўключылі Telegram-бот «Реклама Tribuna.com» (ідэнтыфікатар https://t.me/tribuna_adv_bot), прызнаны 2 верасня 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» судом Ленінскага раёна Гродна. Telegram-бот звязаны з рэдакцыяй украінскага спартовага медыя Tribuna.com.

    У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі і Telegram-бот «Редакция “БГ”» (ідэнтыфікатар https://t.me/BrestGazeta_info_bot), які належыць рэдакцыі незалежнага беларускага рэгіянальнага выдання «Брестская газета» (БГ). Яго кантэнт прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 2 верасня 2026 года судом Ленінскага раёна Гродна.

    У лістападзе 2021 года той самы суд пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт выдання, яго сацыяльныя сеткі і лагатып, а пазней, 28 лютага 2023 года, КДБ Беларусі прызнаў «Брестскую газету» (уключаючы яе інтэрнэт-рэсурсы і ботаў) «экстрэмісцкім фармаваннем».

    У абноўлены «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключаны і Telegram-бот «Предложка за МКАДом» (ідэнтыфікатар https://t.me/Zamkadombot), звязаны з папулярным Telegram-каналам «Беларусь за МКАДом», які піша пра мясцовыя навіны. Рашэнне лічыць Telegram-бот «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 2 верасня 2026 года той самы суд Ленінскага раёна Гродна.

    Telegram-канал «Беларусь за МКАДом» таксама афіцыйна абвешчаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем» у адпаведнасці з рашэннем МУС ад 13 кастрычніка 2023 года.

    Абнаўленні ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адбыліся і напярэдадні — 3 верасня. Але ведамства зрабіла гэта нязвыклым чынам — дадаўшы новыя інтэрнэт-рэсурсы не ў канец спіса, а вышэй.

    Сярод іх — Tik­Tok-акаўнт Polesye_Media (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@polesye_media), суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 27 жніўня 2026 года. Гэты інтэрнэт-рэсурс уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паўторна: першы раз гэта адбылося паводле рашэння суда Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 14 жніўня 2026 года.

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі і Tik­Tok-акаўнт «Серый Кот» (ідэнтыфікатар https://tiktok.com/@dzmitry050), які вядзе былы палітзняволены, блогер Дзмітрый Казлоў. 27 жніўня 2026 года інтэрнэт-рэсурс быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» судом Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

    Face­book-акаўнт журналіста Алеся Карніенкі (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/aleskarniyenka) увогуле дадалі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў больш як праз два месяцы пасля таго, як яго змест быў прызнаны «экстрэмісцкім». Паводле сайта Мінінфарма, адпаведнае рашэнне было прынята судом Глускага раёна Магілёўскай вобласці яшчэ 28 чэрвеня 2026 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.