• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    1200 галасоў за свабоду: у Амстэрдаме рыхтуюць маштабную акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

    19 верасня 2026 года на знакамітай верфі NDSM у Амстэрдаме адбудзецца маштабны перформанс саўдзелу пад назвай «A Per­cus­sion Piece» («Удар па цішыні»). Арганізатары плануюць сабраць каля 1200 чалавек, каб супольна выступіць у падтрымку людзей, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах.

    акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Амстэрдаме

    Сутнасць перформансу: стань голасам тых, хто маўчыць. Аўтар праекта, медыямастак і куратар Максім Тымінька, прапануе ўдзельнікам апрануць кардонныя маскі з тварамі рэальных беларускіх палітвязняў. Выкарыстоўваючы простыя бытавыя прадметы — каструлі, вядры, бляшанкі ці вечкі — як імправізаваныя ўдарныя інструменты, людзі створаць супольны гукавы ландшафт. Гэта стане сімвалічным «голасам» для тых, каго спрабуюць змусіць маўчаць у турмах.

    Перформанс будзе доўжыцца каля 20–30 хвілін. Яго мэта — не толькі нагадаць пра сотні зняволеных пасля падзей 2020 года, але і падкрэсліць крохкасць свабоды нават у краінах з даўняй дэмакратыяй. Па выніках акцыі будзе створаны відэаартэфакт для паказу ў сусветных музеях і галерэях.

    Арганізатарам мерапрыемства выступае фонд antiwarcoalition.art — міжнародная каманда беларускіх і ўкраінскіх культурных дзеячаў у партнёрстве з праваабарончымі і грамадскімі ініцыятывамі. Сярод іх — «Вясна», Libere­co, Politzek.me, MÀRA, PEN Ned­er­land і іншыя.

    Напярэдадні асноўнай акцыі, 5 верасня, у амстэрдамскім цэнтры De Balie адбудзецца дыскусія пра важнасць барацьбы за свабоду. Там выступяць праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, філосафка Вольга Шпарага, а таксама запланаваны перформанс на аснове эсэ былога палітвязня і юрыста Максіма Знака.

    Арганізатары запрашаюць усіх неабыякавых стаць часткай гэтага акту салідарнасці. Зараз адкрыта рэгістрацыя для непасрэдных удзельнікаў перформансу, а таксама ідзе збор валанцёраў і спонсараў для падтрымкі праекта. Усе абнаўленні праекта, падрабязная праграма, а таксама форма для рэгістрацыі ўдзельнікаў і валанцёраў даступныя на афіцыйным сайце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.