• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Вільні пачалася канферэнцыя «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты»

    Падчас канферэнцыі таксама пройдзе ўзнагароджанне прэміяй «Вольнае слова». Гэтым разам на цырымоніі прысутнічае адзін з заснавальнікаў прэміі Андрэй Аляксандраў, які два дні таму быў вызвалены з‑за кратаў.

    На канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    На канферэнцыі будзе весціся пра ўмовы і стандарты працы беларускіх медыя сёння, давер аўдыторыі, выклікі і поспехі недзяржаўных выданняў.

    У межах мерапрыемства запланаваныя дзве панэльныя дыскусіі: «Якасць журналістыкі ва ўмовах абмежавання свабоды слова» і «Журналісцкія расследаванні ў 2026 годзе: прарывы, пытанні, праблемы».

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец выступае з вітальным словам на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец зазначыў падчас адкрыцця, што ў канферэнцыі ўжо маецца пэўная традыцыя:

    «Летась да нас прыйшлі журналісты, толькі вызваленыя з‑за кратаў. Яны паглядзелі на фота — мы ладзілі традыцыйную выставу зняволеных калег. І сёлета мы тут бачым Андрэя Аляксандрава, які толькі-толькі выйшаў на волю».

    Былы палітзняволены Андрэй Аляксандраў выступае на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    «Дзякуй, што вы ёсць і што вы працягваеце журналісцкую справу. Я адчуваў вашу падтрымку штодня. Я ведаў, што вы робіце. Я ведаў: людзі працуюць, справа працягваецца — можна быць спакойным. Мы мацней за абставіны, мы разам. І сёння мне вельмі прыемна быць у кампаніі нармальных людзей, нават з валасамі на галаве», — з фірмовым гумарам прамовіў Андрэй Аляксандраў.

    Калі год таму, на мінулай канферэнцыі, экс-палітвязні бачылі свае фотаздымкі — якія, на шчасце, ужо можна было прыбраць з выставы, то сёння на знак салідарнасці падчас канферэнцыі праходзіць выстава калажаў. Яны былі створаныя месяц таму падчас майстар-класа на «МедыяКэмпе», кожны калаж — гэта гісторыя- вобраз пра канкрэтнага палітвязня. Калаж у гонар Людмілы Чэкінай, на шчасце, ужо неактуальны для сённяшняй выставы.

    На канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Калаж, прысвечаны Людміле Чэкінай, на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Перад пачаткам уласна канферэнцыі Андрэй Бастунец урачыста выправіў лічбу палітзняволеных журналістаў у апісанні выставы калажаў — з 20 палітзняволеных на 15. «Найхутчэй — да нуля», — зазначыў ён. 

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сімвалічна выпраўляе лічбу палітзняволеных журналістаў у апісанні выставы на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    Ужо падчас працы панэляў да канферэнцыі далучыўся яшчэ адзін нядаўні палітвязень — былы дырэктар агенцтва БелаПАН, сябра БАЖ Дзмітрый Наважылаў:

    «Вы нават не ўяўляеце, як я рады бачыць усіх вас, якое шчасце гэта. Калі мы прыехалі пазаўчора, то паварочваюся — паўсюль родныя твары, паўсюль родныя людзі. У сакавіку 2023 года да мяне прыязджаў следчы, каб узяць паказанні наконт БАЖ. Пыталіся пра Алега Агеева, і я быў упэўнены, што Алег недзе сядзіць. Калі я ўбачыў яго тут — была вялікая радасць. Следчы мяне запытаў: «Чаму вы ўступілі ў БАЖ». Адказваю: «Таму, што гэта вельмі паважаная мною супольнасць найвышэйшых прафесіяналаў». «Як-як вы сказалі?», — не зразумеў следчы. «Ай, давайце не будзем», — завяршыў размову. Карацей, гэта вялікае шчасце вярнуцца ў свет нармальных людзей, якія ўсміхаюцца, якія свецяцца дабром, якія падобныя на цябе».

    Дзмітрый Наважылаў выступае на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    У другой палове дня адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова». «Рады, што сёння тут будзе адзін з айцоў-заснавальнікаў конкурсу — Андрэй Аляксандраў», — дадаў Андрэй Бастунец.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.