• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут збіраецца вярнуцца ў Беларусь пасля паездкі ў ЗША

    Пасля паездкі ў Злучаныя Штаты былы палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут плануе вярнуцца ў Беларусь, дзе зоймецца напісаннем кніжкі. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю TVP і прызнаўся, што, як павядуць улады Беларусі ў адказ на ягоны намер, невядома.

    Анджэй Пачобут збіраецца вярнуцца ў Беларусь

    Анджэй Пачобут перад помнікам Люблінскай уніі. Люблін, Польшча. 21 верасня 2026 года. Фота: Krzysztof Radz­ki / East News

    Самая важная справа 

    «Мае планы не змяніліся. Справа ў тым, што ёсць паездка ў Злучаныя Штаты і проста там трэба было ўрэгуляваць розныя арганізацыйныя пытанні. Гэта патрабавала, каб я прысутнічаў у Варшаве, і гэта стала прычынай больш ранняга выезду, чым планавалася», – патлумачыў Анджэй Пачобут

    Ён пацвердзіў, што плануе пасля вяртацца ў Беларусь: «Там ёсць рознага роду справы. Вядома, што я пішу кнігу і буду працаваць над ёй, і на гэтым я сканцэнтруюся пасля вяртання са Злучаных Штатаў. Гэта фактычна цяпер самая важная справа, якую я хачу зрабіць». 

    Паводле журналіста, кніга будзе пра ягоную гісторыю. «Гэта натуральна, што ёсць унутраная патрэба расказаць гэтую гісторыю ад пачатку і да канца. Справа ў тым, што нават самае доўгае інтэрв’ю не дазваляе расказаць усё, што было на працягу гэтых пяці гадоў, а кніга з’яўляецца такой формай, якая якраз дазваляе гэта зрабіць», – падкрэсліў суразмоўца.

    Анджэй Пачобут прызнаў, што ідэя вяртання не выклікала энтузіязму ў ягонай сямʼі: «Безумоўна, сярод маіх блізкіх не было энтузіястаў такой маёй ідэі, але ўсе гэта таксама прынялі. Гэта натуральна, што ніхто не хоча, каб блізкі чалавек апынуўся ў сітуацыі пагрозы. Але я хачу толькі нагадаць, што ў Беларусі ў такой сітуацыі знаходзяцца сотні тысяч палякаў і ўсе дзеячы Саюзу палякаў, якія па-ранейшаму вядуць дзейнасць у Беларусі, таму гэтая мая сітуацыя, гэтае маё вяртанне зусім не з’яўляецца чымсьці такім выключным».

    Былы палітзняволены таксама не ведае, як павядуць сябе ўлады Беларусі пры ягоным вяртанні, ці пусцяць на радзіму.

    «Я думаю, што беларускія ўлады таксама да канца не ведаюць, як яны сябе павядуць, таму што сітуацыя дынамічная. Мы бачым, што па-ранейшаму ідзе вайна ва Украіне, якая ўплывае на ўвесь рэгіён. Акрамя таго, 16 верасня ў выніку перамоў з рэжымам Лукашэнкі, якія вядзе адміністрацыя прэзідэнта Трампа, былі вызваленыя 25 палітычных зняволеных. Ёсць розныя сігналы, розныя версіі, як далей складзецца лёс Беларусі ўвогуле, бо менавіта ў такіх катэгорыях трэба разглядаць гэтую сітуацыю», – адзначыў Пачобут.

    Анджэй Пачобут разам з жонкай Аксанай у Любліне, Польшча. 21 верасня 2026 года. Фота: Krzysztof Radz­ki / East News

    Палітзняволеных значна больш, чым у справаздачах праваабаронцаў

    Палітычных зняволеных значна больш, чым 800–900 чалавек, падкрэсліў Анджэй Пачобут. На сёння, па звестках Праваабарончага цэнтру «Вясна», гаворка ідзе пра 886 чалавек, якія прызнаныя палітычнымі вязнямі  і зараз знаходзяцца за кратамі, некаторыя гэты статус атрымліваюць ужо пасля выхаду на волю.

    «Калі я быў у лагеры, я бачыў дзясяткі людзей, якіх няма ні ў якіх спісах праваабаронцаў. Справа ў тым, што сем’і асцерагаліся, што абнародаванне іх спраў негатыўна паўплывае і на сітуацыю зняволенага чалавека, гэта значыць, яму будзе горш у лагеры, і на сітуацыю самой сям’і», – падкрэсліў Пачобут.

    Па меркаванні былога палітвязня, «лічба 800–900 вельмі ўмоўная».

    «Вельмі добра, што амерыканцам удаецца – на працягу гэтых пяці гадоў толькі амерыканцы здолелі дамагчыся таго, каб палітычных зняволеных вызвалялі – вельмі добра, што гэта адбываецца, але адначасова працягваюцца арышты. Адных вызваляюць, іншых саджаюць, і гэты ўзровень страху ў грамадстве па-ранейшаму падтрымліваецца. Гэта вялікі выклік, які стаіць перад тымі дыпламатамі, якія вядуць дыялог з Лукашэнкам, каб гэтая сітуацыя ўсё ж і ўнутры Беларусі палепшылася», – адзначыў былы палітзняволены.

    Ён кажа, што шнары ад знаходжання ў турме ў яго «дзесьці глыбока ёсць» і не можа выключаць «чорнага сцэнару» з вяртаннем за краты, але лічыць, што «неабавязкова ўсё павінна развівацца менавіта ў кірунку рэпрэсій і ў кірунку пагаршэння сітуацыі».

    «Рэжым Лукашэнкі дэманстраваў пэўную цыклічнасць паводзін», – падкрэсліў Пачобут. Паводле журналіста, у сітуацыі, калі той «адчуваў сябе пад пагрозай, тады ўзмацнялі рэпрэсіі, быў большы ціск, людзей саджалі ў турмы, і тады меркаванне Захаду не адыгрывала ніякай ролі».

    «Размаўляючы з амерыканцамі, Лукашэнка пахваліўся, што сітуацыя стабільная і што ён цалкам кантралюе сітуацыю ўнутры Беларусі – гэта праўда. Я быў у Беларусі, бачыў гэта і адчуваў, што тут сітуацыя цалкам кантралюецца рэжымам. У гэтай сітуацыі на першую ролю выходзіць эканоміка, і рэжым Аляксандра Лукашэнкі зацікаўлены ў эканамічным супрацоўніцтве з Захадам», – лічыць былы палітвязняволены.

    Пры заездзе ў Беларусь знаходжанне на волі падалося яму сном.

    «Я, калі перасёк мяжу і апынуўся ў пакоі з трыма сумнымі мужчынамі, то мне на імгненне здалося, што тыя 130 з нечым дзён, якія былі на волі, былі сном. Што я па-ранейшаму знаходжуся там, дзе быў. Так што, без сумневу, гэты ўнутраны стан, стан зняволенага, у якім я жыў столькі гадоў, унутры мяне яшчэ ёсць», – падкрэсліў Пачобут.

    У Анджэя Пачобута ў Беларусі патрабавалі тэлефон на праверку, а дадому прыходзілі сілавікі

    Саюз палякаў быў перакананы, што правядзенне зʼезду небяспечнае ў Беларусі

    Адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут закрануў пытанне правядзення зʼезду незарэгістраванага на сёння Саюзу палякаў у Беларусі. Паводле яго, «саюз быў абсалютна перакананы, што якраз не будзе бяспечна, калі з’езд адбудзецца», а «улады ўбачылі», што ягоны «прыезд не нясе нейкай пагрозы для сістэмы ўлады ўнутры Беларусі».

    У выпадку з Саюзам палякаў «гаворка не ідзе пра палітычную барацьбу», дадаў Пачобут. «Гаворка ідзе пра польскасць, гаворка ідзе пра вывучэнне польскай мовы, гаворка ідзе пра развіццё польскай культуры, апеку над месцамі нацыянальнай памяці і ўсё. Прыкладна з 22-га, на мяжы 23-га года, тая прастора свабоды, якую адваяваў сабе Саюз палякаў, з’яўляецца статычнай і яна не змяншаецца», – дадаў ён.

    Анджэй Пачобут на фоне помніку Элізе Ажэшцы. Горадня, Беларусь. 13 верасня 2026 года. Фота: andrzej.poczobut.9 / Face­book

    Паводле былога палітзняволенага, палякі ў Беларусі ўспрынялі ягоны прыезд «як станоўчы сігнал таго, што сітуацыя можа палепшыцца». Ён кажа пра «умераны аптымізм». «Усе разумелі, што гэты прыезд не быў бы магчымы, калі б улады планавалі нейкія рэзкія дзеянні ў дачыненні да польскай меншасці», – лічыць Пачобут.

    Сярод фактараў, якія могуць памяняць сітуацыю, ён называе мабілізацыю ў Расеі, магчымае выкарыстанне тэрыторыі нашай краіны «для вайны супраць Украіны» ці для «правакацыі ў дачыненні да суседзяў». «Ёсць вельмі шмат невядомага, але разам з тым гэты сігнал не ігнаруецца польскай меншасцю», – перакананы былы палітзняволены.

    Ён не згадваў новых датаў і планаў па правядзенню зʼезда саюза. Анджэліка Борыс раней атрымала ад Галоўнай рады арганізацыі паўнамоцтвы весці перамовы з ўладамі Беларусі пра легалізацыю пры ўмове ўдзелу Польшчы. 8 верасня стала вядома, што ўлады Беларусі прапанавалі легалізаваць дзейнасць арганізацыі. Аднак для гэтага цяперашнюю арганізацыю, магчыма, давядзецца распусціць і стварыць новую – у тым ліку пад іншай назвай. Зʼезд арганізацыі на сёння адкладзены і павінны адбыцца цягам шасці месяцаў.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.