У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм унёс сайт «Зялёная Беларусь»
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 28 верасня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Лагатып «Зялёная Беларусь»
У пералік забароненых да распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў беларускія ўлады ўключылі сайт «Зялёная Беларусь» (ідэнтыфікатар belarusgreen.vision). 23 верасня 2026 года гэты інтэрнэт-рэсурс прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Магілёва.
У гэтым спісе сайт апісаны як «інтэрнэт-рэсурс замежнай некамерцыйнай арганізацыі «Альянс «Зялёная Беларусь» з прыкметамі праяў экстрэмізму».
Сайт «Зялёная Беларусь» размяшчае экалагічныя навіны, нарысы, інтэрв’ю з экспертамі па пытаннях клімату, энергетыкі, захавання прыроднага багацця краіны. Яго стваральнікі — Альянс «Зялёная Беларусь», які з 2023 года «аб’ядноўвае арганізацыі, ініцыятывы, экспертныя, акадэмічныя і лакальныя супольнасці, актывістак і актывістаў, што падзяляюць прынцыпы Глабальнай хартыі зялёных і Хартыі Зямлі».
«Мы распрацоўваем і прасоўваем ідэі ўстойлівага развіцця, каб экалогія, эканоміка і дэмакратыя ішлі рука ў руку. Гэты шлях дазволіць Беларусі забяспечыць сапраўдную незалежнасць — энергетычную, эканамічную, палітычную — і закласці асновы для дэмакратыі, устойлівага развіцця і росквіту грамадства», — гаворыцца на сайце.
Паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, пакаранне пагражае за стварэнне, перавозку, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, якая заклікае да экстрэмізму або прапагандуе яго, а таксама за такія самыя дзеянні з матэрыяламі, уключанымі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пры гэтым распаўсюдам лічацца: рэпосты і спасылкі на забароненыя сайты; лайкі і любыя іншыя рэакцыі пад публікацыямі; каментары ў суполках і чатах, якія прызнаны экстрэмісцкімі;перасылка файлаў іншым карыстальнікам; спампоўванне і захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў на тэлефон ці камп’ютар (гэта расцэньваюць як «захоўванне»); звычайная падпіска на такія суполкі ў сацсетках і месенджарах.
Звычайным грамадзянам за такія дзеянні пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (што на сёння складае ад 450 да 1 350 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт. Індывідуальным прадпрымальнікам, калі суд прызнае іх парушальнікамі заканадаўства, давядзецца заплаціць большы штраф — ад 50 до 100 базавых (ад 2 250 да 4 500 рублёў), а юрыдычным асобам увогуле ад 100 да 500 базавых велічынь (ад 4 500 да 22 500 рублёў). Акрамя таго, суд мае права канфіскаваць тэлефоны, ноўтбукі ці іншую тэхніку, з якой карыстальнік заходзіў на забароненыя рэсурсы, бо яны лічацца «сродкам здзяйснення правапарушэння».
@bajmedia