У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм унёс Facebook-акаўнт журналісткі Марыі Грыц
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 2 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Марыя Грыц. Фота: яе старонка ў Facebook
Сярод іншых інтэрнэт-рэсурсаў у яго ўключылі акаўнт «Мария Гриц» у сацыяльнай сетцы Facebook (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/marigrits). Ён належыць Марыі Грыц, беларускай журналістцы, грамадскай актывістцы і папулярызатарцы традыцыйнай беларускай культуры. На сёння Марыя жыве ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» гэтую старонку 1 кастрычніка 2026 года прызнаў суд Полацкага раёна і горада Полацка.
«Дарагія падпісчыкі, браты і сёстры, маю старонку тут прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Прашу вас, каму гэта небяспечна, адпісацца ад мяне. Прашу з цяжкім сэрцам, але такія часы. Веру, што яны зменяцца, мы зноў будзем сябраваць тут і дома, аднак пакуль паставім нашыя стасункі на паўзу», — напісала Марыя Грыц у Facebook.
Паводле сучаснага беларускага заканадаўства, за рэпосты рэсурсаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, пагражае адміністрацыйнае пакаранне, прадугледжанае артыкулам 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.
Паводле яго, адміністрацыйнае пакаранне прадугледжана ўвогуле за любы распаўсюд інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, змест якіх прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім». Гэта цэлы спектр звычайных дзеянняў у інтэрнэце: ад рэпостаў і спасылак на забароненыя сайты да лайкаў, любых іншых рэакцый пад публікацыямі і каментароў у суполках ці чатах. Парушэннем таксама лічыцца перасылка файлаў іншым карыстальнікам, звычайная падпіска на такія рэсурсы ў сацсетках і месенджарах ці нават простае спампоўванне і захаванне матэрыялаў на тэлефон альбо камп’ютар.
Для звычайных грамадзян за падобныя дзеянні прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (што складае ад 450 да 1 350 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт. Калі парушальнікамі прызнаюць індывідуальных прадпрымальнікаў, памер штрафу ўзрастае і будзе складаць ад 50 да 100 базавых велічынь (ад 2 250 да 4 500 рублёў), а для юрыдычных асоб пакаранне дасягае яшчэ большага памеру — ад 100 да 500 базавых велічынь (ад 4 500 да 22 500 рублёў). Да таго ж ва ўсіх выпадках суд мае права канфіскаваць тэлефоны, ноўтбукі ці любую іншую тэхніку, з якой карыстальнік заходзіў на «экстрэмісцкія» рэсурсы, бо гэтая тэхніка лічыцца непасрэдным сродкам здзяйснення правапарушэнняў.
@bajmedia