• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежная Школа фатаграфіі ФШ1 адзначыла 10-годдзе

    У варшаўскай кавярні Tur­nus 25 кастрычніка адбылося святкаванне дзесяцігоддзя фатаграфічнай платформы ФШ1. Павіншаваць ініцыятыву прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек — заснавальнікі, фатографы, мастакі і сябры супольнасці сабраліся разам, каб адзначыць юбілей, падвесці вынікі і паказаць, чым жыве беларуская незалежная фатаграфія ў эміграцыі.

    10-годдзе адзначыла незалежная Школа фатаграфіі ФШ1

    Сузаснавальнік ФШ1 Андрэй Дубінін. Фота: Reform.news.

    Дзесяць гадоў таму ў Мінску пяцёра энтузіястаў стварылі Школу фатаграфіі (ФШ1), якая першапачаткова грунтавалася на прасторы «Студыя 67» і факусавалася на фотаадукацыі. Аднак пасля 2020 года і вымушанага ад’езду каманды з Беларусі праект апынуўся на паўзе.

    Новая глава арганізацыі пачалася ў 2023 годзе ў Варшаве: каб працягнуць працаваць на карысць супольнасці, ініцыятыва трансфармавалася ў міжнародную платформу. Цяпер яе мэта — зрабіць беларускіх аўтараў больш бачнымі ў свеце. Для гэтага каманда запісвае падкасты, рыхтуе публікацыі на розных мовах, арганізуе жывыя размовы, артыст-токі і будуе міжкультурныя сувязі.

    Як адзначыў у сваёй прамове сузаснавальнік ФШ1 Яўген Атцецкі, вяртанне да праекта стала адказам на асабісты досвед эміграцыі:

    «Маё асабістае адчуванне таго, што такое быць без кам’юніці, прывяло да думкі, што гэтае пачуццё ёсць у шмат якіх беларускіх фатографаў. Быць у эміграцыі і заставацца творчай асобай — вельмі цяжка. Таму для нас важна заставацца ў творчасці і падтрымліваць адзін аднаго».

    Сёння ФШ1 працуе ў новым фармаце, выбудоўваючы сувязі з еўрапейскай фатаграфічнай інфраструктурай. Асаблівую падзяку каманда выказала сваім польскім партнёрам — фундацыі Pic­ture Doc (і прасторы Duży Pokój) ды кавярні Tur­nus, якія сталі пляцоўкамі для рэалізацыі ініцыятывы.

    Фота: А.Д.

    Польскія калегі адказалі такім жа цёплым прызнаннем. Прысутная на святкаванні прадстаўніца фундацыі Pic­ture Doc Юлія Клеванец павіншавала каманду з юбілеем і звярнулася да прысутных з заклікам падтрымаць беларусаў:

    «Тое, што вы робіце, надзвычай важна для ўсіх беларускіх творцаў і для беларускай культуры. Гэта ўнікальная, але і вельмі цяжкая праца, якая вымагае вялікага самаахвяравання. Таму вашу супольнасць трэба падтрымліваць. Мы часта гартаем Insta­gram і думаем: “Які прыгожы профіль, як ён натхняе!”, але за гэтым стаіць цяжкая праца людзей. Зычу вам сто гадоў!»

    Кульмінацыяй святкавання стаў мастацкі кірмаш, дзе можна было набыць работы беларускіх аўтараў і незалежных выдавецтваў (у тым ліку арт-выданняў TAMAKA і кніг сучаснай літаратуры ад «Мяне няма»). Сярод аўтараў, чые творы былі прадстаўленыя на кірмашы, — Іра Арахоўская, Яўген Атцецкі (з здымкамі Мінска 2015–2020 гадоў), Каця Смурага, Глеб Бурнашаў і Alexan­dra Se Glück.

    Арганізатары нагадалі галоўны пасыл ініцыятывы — «Купляйце ў жывых аўтараў» — і заклікалі падтрымліваць супольнасць ), бо на дадзены момант праект функцыянуе без сталага фінансавання.

    Акрамя таго, ФШ1 застаецца адкрытай гарызантальнай платформай для калабарацый: кожны фатограф ці мастак можа прыйсці са сваёй ідэяй і далучыцца да новых праектаў супольнасці.

    Застацца ў кадры: як беларускія візуальныя журналісты пераадольваюць выклікі эміграцыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.