• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    21 год: Ад Гедыміна да Купалы. Што рабілі знакамітыя беларусы ў гэтым узросьце

    У сацсетках амаль кожны другі ўзяў удзел у папулярным трэндзе, падчас якога людзі выстаўляюць  сябе на здымках ва ўзросьце 21 году. Асобы з гісторыі Беларусі ў свой час маглі б паўдзельнічаць крыху іншым чынам — пахваліцца тымі ці іншымі зьдзяйсьненьнямі, зробленымі ў тым жа ўзросьце. Што пасьпелі зрабіць нашыя продкі?

    Вітаўт

    Будучы вялікі князь нарадзіўся ў 1350 годзе, і вядома, што ва ўзросьце 22 гадоў (даруйце невялікую хібу ў канцэпцыі) разам з дзядзькам, Альгердам, удзельнічаў у паходзе войска Вялікага Княства Літоўскага на Маскву.

    Францішак Багушэвіч

    На сваё 21-годзьдзе адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры скончыў пачатковую адукацыю. А менавіта Віленскую гімназію ў 1861 годзе. Там пасябраваў з Цітусам Далеўскім, Юлянам Чарноўскім, Вінцэнтам Віткоўскім, Канстантыем Далеўскім, Зыгмунтам Мінейкам, якія сталі пазьней актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

    Гедымін

    У 1296 годзе славуты князь меў 21 год, і акурат у гэты час у яго разам з Вольгай нарадзіўся сын, якому далі імя Альгерд.

    Уладзімер Караткевіч

    Калі малады пісьменьнік дасягнуў 21 году, ён навучаўся ў Кіеве. А на радзіме ў аршанскай раённай газэце «Ленінскі прызыў» былі надрукаваныя два вершы паэта: «Тут будзе канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове).

    Жыгімонт Ваза

    21-шы год жыцьця для Жыгімонта стаў шчасьлівым. У 1587 годзе яго абіраюць у якасьці вялікага князя літоўскага, а таксама караля польскага. Сын швэда і прадстаўніцы нашай Ягелёнскай дынастыі трымаў уладнае стырно амаль паўстагодзьдзя, да сваёй сьмерці ў 1632 годзе.

    Браніслаў Эпімах-Шыпіла

    Знакаміты культурны дзеяч адсьвяткаваў сваё 21-годзьдзе ў 1880 годзе, калі скончыў Рыжскую гімназію з залатым медалём. Сам Шыпіла менавіта з часу навучаньня ў гэтай установе зьбіраў матэрыялы па беларускай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры.

    У 1880 годзе паступіў на адзьдзяленьне клясычных моваў гісторыка-філялягічнага факультэту Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту. Недахоп фінансавых сродкаў вымушаў пастаянна зьвяртацца з прашэньнем аб вызваленьні ад платы за слуханьне лекцыяў. У студэнцкія гады даваў прыватныя ўрокі, і такім чынам зьяўлялася магчымасьць аказваць матэрыяльную дапамагу маці.

    Язэп Пушча

    У 1923 годзе ўраджэнец вёскі Каралішчавічы пад Менскам стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк».

    Зыгмунд Мінейка

    Адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году ў свае 21 ужо актыўна супрацьстаяў расейшчыне. У 1861 годзе ён вярнуўся ў родную Вільню, дзе прыняў удзел у маніфэстацыях і агітацыі сярод сялянаў. Сярод іншага, Мінейка, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, распаўсюджваў беларускі ананімны сатырычны твор «Гутарка старога дзеда».

    Янка Купала

    Жыцьцё будучага клясыка было няпростым у 21-гадовым узросьце. У 1902 годзе памёр бацька, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Іван Луцэвіч застаўся за гаспадара. Праз паўгода ад шкарлятыны памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна.

    У пошуках заробку Луцэвіч пайшоў «у людзі»: пачаў працаваць вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага сьледчага ў Радашковічах у 1903 годзе. Таксама ў гэтым жа годзе выйшлі першыя надрукаваныя вершы паэта, на польскай мове ў часопісе «Ziarno».

    Іван Луцкевіч

    У 1902 годзе, ва ўзросьце 21 года, Іван сканчвае навучаньне ў гімназіі, разам з братам Антонам яны едуць у Санкт-Пецярбург. Іван паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту і адначасова ў Археалягічны інстытут. У сталіцы Расейскай імпэрыі ў гэты час было шмат беларускіх студэнтаў, тут браты знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім.

    У гэтым жа годзе Іван і Антон Луцкевічы разам з Іваноўскім арганізоўваюць «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Мэтай гуртка было стварэньне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кнігаў.

    Зьмітрок Бядуля

    Знакаміты беларускі паэт габрэйскага паходжаньня ў свае 21 пачаў літаратурную дзейнасьць. Яшчэ хлопчыкам ён складаў вершы на старажытнагабрэйскай мове, але пачаткам дзейнасьці лічыцца ўсё ж 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і дасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі.

    Чытайце яшчэ:

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Не 50 адсоткаў, а толькі два. Фактчэкінг па слядах калонкі Рымаса Бружаса на LRT

    Евгений Булка: «У тебя есть только ты. Вытягивая себя, вытянешь и окружение»

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці