• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    27 вострых асколкаў — як напамін, што вайна не скончылася. У Вільні адкрылася выстава, прысвечаная ўкраінскім журналістам

    Войны цяпер вядуцца ў прамым эфіры: спутнікі фіксуюць перамяшчэнні войскаў, камеры дронаў бачаць ворага, радары папярэджваюць аб чарговым узлёце бамбардзіроўшчыка. Але ж галоўны нерв, жах, а часам і радасць па-ранейшаму дакументуюць журналісты. Фотаздымкі з Бучы, Херсона, Дняпра часта кажуць больш, чым шматтысячныя тэксты. У Вільні ў гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны адкрылася фотавыстава, арганізаваная БАЖ і Саюзам журналістаў Літвы.

    Гераіня фотаздымка, які быў прызнаны лепшым у свеце, загінула

    У правым крыле чыгуначнага вакзала Вільні выстаўленыя 27 фотаздмыкаў, якія зробленыя ў 2022 і 2023 гадах ва Украіне. Гэта 27 напамінаў аб тым, што нічога не скончылася. Гэта 27 вострых асколкаў, аб якія можна параніцца, але ад якіх немагчыма адразу ж адвесці погляд. За кожным кадрам — драма, якая передае маштаб трагедыі праз асабістую гісторыю герояў.

    — Два гады і адзін дзень таму я нават не мог уявіць, што адбудзецца поўнамаштабнае ўварванне, — адзначыў на адкрыцці экспазіцыі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Але я дакладна ведаў, што журналісты будуць выконваць свае прафесійныя абавязкі ў самых цяжкіх умовах, ахвяруючы сабой. Мы бачым гэту вайну вачыма рэпарцёраў. А гэтая выстава — даніна павагі іх прафесіяналізму і даніна памяці тых, хто ахвяраваў сабой ці пацярпеў падчас жудасных падзеяў.

    — Выстава — сапраўдная праява салідарнасці і добрая магчымасць падтрымаць украінскіх журналістаў, якія працягваюць выконваць працу ў складаных умовах, — падкрэсліў генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гут’ерэс, які далучыўся да цырымоніі па тэлефоннай сувязі. — Яны працягваюць сваю працу ў тым ліку дзякуючы міжнароднай падтрымцы.

    Ён таксама падзякаваў за арганізацыю экспазіцыі беларускім і літоўскім калегам, у прыватнасці, старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу і яго намесніку Барысу Гарэцкаму. 

    — Яны на сваім досведзе ведаюць, наколькі важная салідарнасць у цяжкія часы, — сказаў Рыкарда Гут’ерэс.

    Адна з самых вядомых фатаграфій была зроблена Яўгенам Малалеткам у Марыўпале ў самыя жахлівыя для горада дні. У аб’ектыў фотакарэспандэнта Asso­ci­at­ed Press трапіла цяжарная жанчына, якая атрымала раненні ў выніку расійскага абстрэлу раддома. Здымак размясцілі многія сусветныя медыі. Ён стаў адным з самых тыражыраваных, а праз год журы World Press Pho­to назвала яго лепшым. На жаль, лёс герані знакамітага здымка склаўся трагічна: сын Ірыны Калінінай нарадзіўся мёртвым (дзіця назвалі ў гонар міру Міронам), а сама жанчына памерла праз паўгадзіны пасля родаў.

    Расійская прапаганда спрабавала прадставіць гэтае сведчанне злачынстваў арміі РФ як фейк: сцвярджалася нібыта Ірына Калініна выжыла, а значыць абстрэл раддома — пастаноўка. Але ў расійскіх падманшчыкаў нічога не атрымалася. Журналісты знайшлі мужа жанчыны і атрымалі бясспрэчныя доказы ад трох медыкаў.

    Як Яўгену Малалетку давялося ўцякаць з акупаванага горада — асобны аповед. З калегам ён начаваў у лякарні, калі суседнія будынкі былі заныятыя ворагам, а раніцай яго эвакуявала ўкраінскае спецпадраздзяленне.

    — Выязджалі на чужой машыне, з намі была сям’я, якая нам дапамагала. У невялікім Hyundai Accent знаходзіліся шэсць чалавек. У аўтамабілі не было бакавых шклоў, лабавуха — патрэсканая, бачнасць абмежаваная, лінію фронту перасякалі без святла. Было вельмі небяспечна, — распавядаў пазней Яўген Малалетка.

    «Сядзець у акопе больш важна цяпер, але праз сто гадоў будуць праглядаць здымкі»

    Асаблівасць віленскай выставы ў тым, што можна пабачыць здымкі тых, хто звычайна застаецца за кадрам — саміх аўтараў шчымлівых фатаграфій. Напрыклад, Яна Дабраносава, які з 2014 года працаваў у парламенцкім пуле, а неўзабаве стаў ваенным карэспандэнтам.

    — Украіна, як дзяржава, толькі цяпер змагаецца за свабоду, а я прымаю ў гэтым удзел, — дзеліцца сваімі думкамі фатограф. — Некаторым падаецца, што барацьба на ўзроўні фатаграфіі — так сабе. Сапраўды, цяпер сядзець у акопе больш важна , але праз сто гадоў будуць праглядаць здымкі.

    Адно з яго фота стала сусветна вядомым. Ён зрабіў здымак разбомбленага расійскай арміяй дома ў Дняпры. Ракета разбурыла сцяну шматпавярхоўкі, агаліўшы нутро кватэры. Гэта быў жахлівы дысананс: аранжавыя кухонныя шафкі, яблыкі на стале, крэслы — у рамцы наступстваў злачыннага абстрэлу. У гэтай кватэры, як аказалася пазней, жыў заслужаны трэнер Украіны па боксе Міхаіл Караноўскі. Ён загінуў, без яго засталіся жонка і дзве дачкі.

    На наступны фотапартрэт трапіў Сяргей Нужненка з украінскай рэдакцыі «Радыё Свабода». Ён знаходзіўся на сумна вядомай вуліцы Бучы, дзе была разгромленая калона расійскай тэхнікі. Праз некалькі дзён горад заняла армія РФ, якая ў хуткім часе здзейсніць жахлівыя злачынствы.

    — 27 лютага я ўбачыў у Telegram відэа знішчанай калоны расійскай тэхнікі ў Бучы, — распавядаў пра сваю паездку фотажурналіст. — Даведаўся ад калег пра магчымыя маршруты ў горад, і 1 сакавіка мы паехалі туды. Усе былі ў замяшанні, ніхто не разумеў, што адбываецца і чаго чакаць. Гэта было за два дні да акупацыі горада. Я не магу не спытаць сябе, ці жывыя тыя людзі, з якімі я размаўляў, і якіх я заклікаў да эвакуацыі, і якія запэўнівалі мяне, што ўсё будзе добра.

    Чым не новы сімвал для гісторыі?

    Яфрэм Лукацкі — ветэран журналістыкі, які яшчэ да вайны ва Украіне шмат працаваў у гарачых кропках. З канца 1980‑х ён узначальвае фотаслужбу мясцовага бюро Asso­ci­at­ed Press. У 1991 годзе менавіта ён зафіксаваў гістарычны момант унясення дзяржаўнага сцяга ў Вярхоўную раду. Пасля працаваў як ваенны карэспандэнт у Афганістане, Іраке, Чачні, Грузіі. Цяпер жа яму давялося фіксаваць аналагічныя падзеі ў роднай краіне.

    Яго здымак пасля вызвалення Херсона лепш за ўсё адлюстроўвае пачуцці жыхароў горада: шчырыя ўсмешкі, пацалункі і вобраз салдата як вызваленца, якога чакалі доўгія месяцы. Чым не новы сімвал для гісторыі?

    Серыя ўразлівых здымкаў з Харкава, Бахмута, Херсона за подпісам Lik­bos зроблена сужэнцамі Канстанцінам і Уладай Ліберавымі, і гэта яшчэ адно сведчанне, як абышлася расійская агрэсія з украінцамі. Да вайны муж і жонка прафесійна займаліся здымкамі вяселляў. Цяпер жа фіксуюць наступствы вайны. Іх здымкі выкарыстоўваюць у сацсетках Уладзімір Зяленскі і Міністэрства абароны, публікуюць заходнія рэдакцыі. А вайскоўцы самі запрашаюць у бліндажы, каб фатографы змаглі адлюстраваць іх будні. Вяселлі Ліберавы па-ранейшаму здымаюць, але з адной абмоўкай…

    — Калі нам напіша вайсковы чалавек і скажа: «Мы жэнімся, прыязджайце», мы ўсё кідаем і едзем за свой кошт. Гэта адзіныя вяселлі, якія мы здымаем. Ад грамадзянскіх мы пакуль адмовіліся, — папярэджваюць Канстанцін і Улада.

    Паводле іх, адпраўляючыся ў чарговую камандзіроўку, яны настройваюць сябе, што каб не адбылося, павінны вярнуцца, апрацаваць фатаграфіі і даць іх свету.

    Прадстаўнік амбасады Украіны ў Літве Віктар Хамоцкі падчас цырымоніі адкрыцця экспазіцыі казаў менавіта аб гэтым:

    — Я ўдзячны тым, у каго з’явілася ідэя гэтай выставы. На мой погляд, яна мае тры місіі. Першая — ушанаваць маю краіну, мой народ, які гераічна змагаецца за нашу і вашу свабоду. Другая — нагадаць, што вайна працягваецца. Трэцяя — усвядоміць, наколькі важная роля прафесійнай і смелай журналістыкі. Перамога над агульным ворагам будзе нашай агульнай!

    Па пояс у вадзе і пад бамбёжкамі

    Праца ў зоне баявых дзеянняў — гэта перманентная рызыка для журналістаў. Ёсць меркаванне, што расійская армія наўмысна палюе на прадстаўнікоў медыяў. У 2023 годзе, па звестках «Рэпарцёраў без межаў», ва Украіне загінулі два супрацоўнікі СМІ (Багдан Біцік і Арман Сольдзін). Аднак ахвяр сярод журналістаў магло быць нашмат больш.

    Адзін выпадак гэта яскрава ілюструе: рэпарцёры з шведскага тэлебачання TV4 працавалі на ўсходзе Украіны — асвятлялі контрнаступ. Яны выйшлі з салона аўтамабіля, калі іх машына была знішчана пасля траплення дрона-камікадзэ. Рэпарцёр Ёхан Фрэдрыксан і фатограф Даніэль Здолсек не пацярпелі, аднак мясцовы журналіст Аляксандр Паўлаў, які суправаджаў калегаў, атрымаў нязначнае раненне. Яму аказалі медыцынскую дапамогу. Ён жа і зрабіў здымак разбомбленага красовера.

    Аднак не толькі міны і ракеты з’яўляюцца небяспекай для нашых калегаў ва Украіне. Пасля разбурэння Кахоўскай плаціны журналісты вымушаныя былі працаваць літаральна па пояс у вадзе, і гэта не перабольшванне. У той момант яны былі вачамі цывілізаванага свету. Не сакрэт, што часцяком менавіта дадзеныя з адкрытых крыніц становяцца доказам злачынстваў супраць чалавечнасці.

    Напрыканцы цырымоніі адкрыцця выставы звярнуўся кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны (НСЖУ) Сяргей Таміленка. Ён жыве ў Кіеве, і яго словы падаюцца асабліва актуальнымі:

    — Тысячы і тысячы чалавек, якія будуць праходзіць праз хол вакзала ў Вільні, могуць убачыць жахі вайны, а таксама задумацца аб цане, рызыцы і небяспецы, з якімі штодзённа сутыкаюцца журналісты ва Украіне. Мы стаміліся ад вайны, але на жаль, не маем права наўпрост пераключыцца ад страшных навінаў, бо зло і агрэсія чакаюць, каб добрыя людзі змірыліся з гэтай несправядлівай вайной. Мы такога сабе дазволіць не можам…

    Выстава «Украіна: журналісты ў зоне баявых дзеянняў» даступная з 24 лютага і будзе працаваць цягам двух тыдняў. Уваход вольны. Экспазіцыя знаходзіцца ў правым крыле чыгуначнага вакзала Вільні.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы запрашаюць калег і суайчыннікаў наведаць экспазіцыю.

    Чытайце яшчэ:

    Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў

    Праз вайну і Лукашэнку. Як бачаць Беларусь на Захадзе — ключавое з даследавання замежных медыяў

    Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці