40 базавых — штраф гродзенскаму сябру ГА «БАЖ»
Штрафам ў памеры 40 базавых велічыняў для Уладзіміра Хільмановіча скончыўся разгляд справы ў Свіслацкім раённым судзе.
Гродзенскага журналіста і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгу і шэсці, што нібыта адбываліся 31 кастрычніка 2015 года ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Тады больш за сотню ўдзельнікаў дня памяці паўстанцаў 1863-га года ўсклалі кветкі да магілы брата Кастуся Каліноўскага, ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і ў Якушоўцы, дзе калісьці стаяў дом сям’і Каліноўскіх. Усё мерапрыемства прайшло пад пільным наглядам супрацоўнікаў унутраных спраў.
Сябра БАЖ лічыць пастанову суддзі Жаны Салагубік незаконнай. Паводле слоў Хільмановіча, яна не ўлічвае вяршынства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Хільмановіч падчас працэсу заявіў некалькі хадайніцтваў і звярнуў увагу на тое, што ідзе ўжо не першы аналагічны судовы працэс над удзельнікамі Дня памяці, ёсць асуджаныя да штрафаў, але самога факту правядзення мітынгу і шэсця суд юрыдычна так і не даказаў.
Уладзімір Хільмановіч гаварыў пра канкрэтныя артыкулы заканадаўства — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама апеляваў да таго, што ён аспрэчвае мінулагодняе аналагічнае пакаранне ў Камітэце па правах чалавека ААН.
«Гэта замоўленая справа — сказаў Уладзімір Хільмановіч Службе маніторынгу ГА «БАЖ». — У часе працэсу суддзя не прыняла да ўвагі нават сведчанні міліцыянтаў, якія гаварылі, што мітынгу і шэсця ў Свіслачы фактычна не было».
Журналіст збіраецца абскаржваць судовае рашэнне ў абласным судзе, а калі атрымае адмоўнае рашэнне — будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.