Аўтар дакументальных фільмаў «Белсату» вымушана ўцёк з Беларусі пасля ператрусаў
Рэжысёр, аўтар дакументальных фільмаў «Белсату» Андрэй Кудзіненка вымушана з’ехаў з Беларусі праз пагрозу крымінальнага пераследу. Пра гэта паведаміў у Facebook яго сябр, арт-мэнэджар і рэжысёр Януш Гаўрылюк.

Андрэй Кудзіненка. Фота: Instagram
Па словах Гаўрылюка, беларускія ўлады абвінавацілі Андрэя Кудзіненку ў «экстрэмізме». Падчас ператрусаў у ягонай кватэры і ў кінашколе ўдзельнічалі 8 супрацоўнікаў АМАПу і 2 супрацоўнікі КДБ. Ператрусы працягваліся 15 гадзін, у рэжысёра забралі пашпарт і тэлефон. Зараз усе мэсэнджары і акаўнты Андрэя Кудзіненкі ў сацсетках знаходзяцца пад кантролем КДБ.
«Яму сказалі, што яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як рэжым знішчае незалежную культуру і пераследуе людзей мастацтва», — піша Гаўрылюк.
«Сёння самае галоўнае — Андрэй у бяспецы. Хочацца верыць, што ўжо хутка ён зноў зможа здымаць кіно, а не змагацца за ўласную свабоду», — адзначыў Януш Гаўрылюк.
Андрэй Кудзіненка — рэжысёр, аўтар дакументальных фільмаў для Белсат TV, сузаснавальнік фестывалю Bulbamovie, дырэктар прыватнай кінашколы «КиноКоллайдер» ў Мінску.
Вядомасць яму ў 2004 годзе прынёс мастацкі фільм «Акупацыя. Містэрыі», карціна пра падзеі Другой сусветнай на Беларусі. Фільм складаецца з трох частак і прапануе адрозны ад традыцыйнага партызанскага погляду на вайну. Кудзіненка зняў таксама фільм «Масакра», дзе закранаюцца падзеі Паўстання 1863 года, іншыя стужкі.
@bajmedia