«Абавязкам кожнага беларуса зьяўляецца падтрымліваць свае газэты і часопісы, якія бароняць іх»: аб чым пісала выданне «Народны Звон» 98 гадоў таму
Газета выходзіла з 7 снежня 1926 года ў Вільні беларускай лацінкай, чым адрознівалася ад пераважнай большасці тагачасных газет Беларусі. Лагатып быў распрацаваны цудоўным мастаком Язэпам Горыдам. «Новы Час» пачытаў артыкулы на старонках выдання.
Дэбют
Як належыць, новае выданьне павінна было патлумачаць чаму варта за імі сачыць і падпісвацца:
«Выпускаючы ў сьвет першы нумар новае беларускае газэты, зразумела, мусім перш-наперш прадставіцца чытачом: хто мы такія, якая нашая праграма, што напісана на нашым штандары.
На нашым штандары напісана: Барацьба за ўсе нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы беларускага народу.
Напісана Барацьба таму, што на сьвеце ніхто нічога дарма не дае, за ўсё трэба вясьці барацьбу і толькі ў барацьбе можна адваяваць сабе лепшую будучыню. Але трэба ведаць, за што вясьці барацьбу і як яе вясьці.
Мы вядзём барацьбу за нацыянальнае адраджэньне беларускага народу, за народную культуру на родным карэньні, за родную мову, за родную школу. Мы змагаемся за еднасьць працоўнага беларускага народу. Мы ня дзелім народу на каталікоў і праваслаўных і не паглыбляем розьніцы на рэлігійным грунце. І каталікі беларусы і праваслаўныя беларусы, усе, што гавораць беларускай мовай – дзеці аднае беларускае зямлі.
Ідучы шляхам нацыянальнага адраджэньня, вядучы барацьбу з дэнацыяналізацыяй беларускіх зямель, мы ня будзем нацкоўваць працоўных аднаго народу на другі. Наадварот, мы будзем разьвіваць і паглыбляць пачуцьцё салідарнасьці, згоднасьці паміж працоўнымі ўсіх народаў. Бо для нас грунт – гэта працоўны чалавек, працоўны народ: селянін, рабочы, працоўны інтэлігент.
Па ўсім сьвеце ідзе вялізарная барацьба паміж пакрыўджанымі і прыгнечанымі з аднаго боку і пануючымі і прыгнятаючымі з другога, барацьба паміж капіталам і працай. Працоўныя масы вядуць змаганьне за лепшае заўтра, за сацыялізм.
Газета «Беларусь» у 1919 годзе: Слухай тых, хто гаворыць да цябе ў тваёй роднай мове
Сацыялізм – значыць свабода прыгнечаным народам, вольны саюз вольных народаў, варстаты працы працуючым: зямля сялянам, фабрыкі рабочым.
Сацыялізм – гэта грамадзкая праца, грамадзкая творчасьць, справядлівы падзел грамадзкага дабра. Сацыялізм гэта вышэйшая форма грамадзкае гаспадаркі, вышэйшая ступень культуры.
Сацыялізм – гэта канец панам, буржуям і абшарнікам.
Дык усе разам грамадою шчырым сэрцам і душою: Беларусь вас заклікае, Сыноў маці зазывае, годзі век цярпець».
Навіны з СССР
Як бачна з уступных абзацаў, СССР мроіўся заходнебеларускім сацыялістам раем на зямлі, дзе, трэба прызнаць, да 1926 года ўжо выразалі ўсіх паноў і буржуяў.
«Нядаўна памёр у Лёндане бальшавіцкі прадстаўнік – інжынэр Красін, вельмі ўталентаваны чалавек, які зрабіў бальшавікам нязвычайна вялікія заслугі, як добры практык эканаміст. Ён таксама аказаўся добрым дыпляматам.
Урад СССР запрапанаваў балтыцкім дзяржавам падпісаць зь ім умовы ўзаемнай гарантыі на выпадак вайны, аднак пад тым варункам, што гэтыя дзяржавы пакасуюць усе дамовы з дзяржавамі, якія ўваходзяць у Лігу Народаў.
Бальшавіцкі камісар замежных справаў Чычэрын прыслаў адказ СССР на польскую ноту ў справе бальшавіцка-літоўскага дагавору, у якой палякі пратэставалі проці таго, што бальшавікі прызнаюць Вільню за Літвой. Адказ Чычэрына канчаецца жаданьнем прыязных адносін СССР з Польшчаю».
Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы»
Аб патрэбах нашай вёскі
«У доўгія зімовыя вечары, калі няма пільнай работы, як летам, што робіць наша вёска?
Ёсьць такая-сякая хатняя работа, ля гаспадаркі, ля скаціны, ля падрыхтоўкі калёс, сох і барон на надыходзячае лета, але шмат ёсьць і вольнага часу, асабліва сьвятам, які траціцца так безсэнсоўна або на гульню ў карты, або на пустыя гутаркі, або… на пьянства.
У вёсцы ці ў мястэчку вельмі часта спаткаеш вечарам табалу сумуючых хлопцаў, ня ведаючых дзе прыткнуцца і што рабіць. І як жа выйсьці з падобнай сітуацыі? У кожнага ўжо ёсьць гатовы адказ, каб толькі можна было зьдзейсьніць яго. «Хіба каб выпіць» пралятае ў думках кожнага, «але бяда, што безграшоўе». Раптам глядзіш патраслі кішэні хлопцы і праз некалькі хвілін сядзяць ужо дзесь у кутку кругом бутэлькі і выпіваюць сабе па чарцы. А далей? Далей, там ужо неяк лягчэй на душы і прыемней неяк пашляцца па тых жа пустых вуліцах.
Так праходзяць дні за днямі, пакуль хто чымсь заняты добра, неяк і ня хочацца нічога, а як сыйдуцца ў кучу – зноў бяда.
Так праходзяць маладыя гады безкарысна і бяссьледна.
А кругом бядота, цемра, безрабоцьце, як стопудовы камень, сьціснулі грудзі кожнаму. Школы калі і ёсьць польскія – дык і тыя несамавітыя, у іх ня выхоўваюць грамадзн краю, прыгатаваных да патрэб жыцьця, а фарбуюць штучна дзіцячыя душы ў пэўны колер. А то і зусім няма школ. Калі ж бацькі ня хочуць пасылаць дзяцей сваіх у польскія школы, а беларускіх няма – дык так і растуць невукамі, вучачыся вельмі рана за тое глядзець у бутэльку.
У тым, што няма дзе дзецца ў вольны час, няма чаго рабіць і ня можна знайсьці выхаду з прыкрай сітуацыі ёсьць рада, трэба толькі дапамагчы самым сабе.
Ці ж ня лепш, замест таго, каб тункацца каля ўглоў, масьліць тысячу разоў масьляныя карты, прачытаць газэту, кніжку, або пагутарыць аб гаспадарчых і жыцьцёвых пытаньнях? Ці ж ня лепш правясьці часу разумнай гульні, у ладжаньні вечароў – спектакляў або рэфэратаў і лекцыяў?
Цяпер шмат ёсьць па вёсках інтэлігенцыі, якая ня ведае, куды прылажыць свае сілы і кісьне дзесь па кутках. Ці ж не магла б яна пайсьці на спатканьне сваім мень разьвітым разумова братам і правясьці зь імі разумна і карысна доўгі вечар або сьвяточны дзень?
Ці ж ня лепш было б хоць палову тых грошаў, што прапіваюцца, аддаць на кніжку, часопіс, газэту?»
Гэта ваш абавязак
У 1926 годзе выданьне «Народны Звон», падобна, як і «Новы Час» у 2024 годзе, зьвярталася да чытачоў па тэрміновую падтрымку:
«Беларуская прэса хутка разрастаецца. Беларускія газэты, выпусканыя ў Вільні, лікам сваім пабілі ўсе віленскія польскія газэты, на якія польскі ўрад і абшарнікі сыплюць вялікія грошы, абы толькі іх, штучна кормленная польская прэса ў Вільні не загінула, бо разам зь ёй можа загінуць уся «польскасьць» Віленшчыны. Ня гледзячы, аднак, на хуткае разьвіцьцё беларускай прэсы, ня кожны працоўны, селянін і работнік добра разумее, што гэта такое прэса і якое яна мае значэньне ў грамадзкім і ў клясавым жыцьці.
Гарэлка, кнігі, кіно: рэклама ў беларускіх газетах 100 гадоў таму
Каб разабрацца падрабязна аб значэньні прэсы, мала гэтых газэтных шпальтаў, аб гэтым можна напісаць вялікія тамы кніжак. Калі ў нас, ня кожны яшчэ разумее якім магутным аружжам у руках працоўных зьяўляецца прэса, за граніцай гэта добра ведае як пралетарыят гэтак і буржуазія. Абшарнікі, банкіры і г.д. маюць сваю буржуазную прэсу, на якую выдаюць мільярды грошай.
Вось жа і нам, працоўным беларусам вёскі і места, трэба памятаць, што абавязкам кожнага селяніна і работніка падтрымліваць свае газэты і часопісы, якія бароняць інтарэсы працоўных, і змагацца з тымі газэтамі, якія або вядуць згодніцкую палітыку да ўсіх папярэдніх і сучаснага капіталістычна-абшарніцка-фашыстоўскага ўраду, або папросту служаць, як «верны сабака» панам.
Хто ўважна чытае наш «Народны Звон» — той ясна зразумее проціў чаго ён змагаецца і чые інтарэсы ён бароніць. Вось жа хто шкадуе, што новая сялянска-работніцкая газэта гэтак ня часта выходзіць, хай маральна і матэрыяльна паможа сваёй газэце, памятаючы, што ані паны, ні папы, ні ксяндзы нам не памогуць».