Абвясцілі фота года і фіналістаў World Press Photo 2026
Журы World Press Photo 2026 вызначыла фота года і двух фіналістаў. Іх абралі з 42 пераможцаў конкурсу. Усяго ў сёлетнім конкурсе ўдзельнічала 57 376 фатаграфій, прадстаўленых 3747 фатографамі са 141 краіны.
Фатаграфія года
Падзеленыя ICE. Кэрал Гузі, ZUMA Press, iWitness, для Miami Herald

Дзеці і жонка мігранта Луіса чапляюца за яго вопратку у момант, калі Луіса затрымліваюць агенты іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША / Carol Guzy, ZUMA Press, iWitness, for Miami Herald
Луіс прыехаў у ЗША з Эквадора. Яго далейшае знаходжанне ў краіне, як і многіх іншых замежнікаў, апынулася пад пытаннем з‑за ўзмацнення міграцыйнай палітыкі Дональдам Трампам. Адразу пасля таго, як справу Луіса разгледзеў суд па пытаннях міграцыі, размешчаны ў Федэральным будынку Джэйкаба К. Джавітса ў Нью-Ёрку, яго затрымалі агенты іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE).
На фота, зробленым фатографкай Кэрал Гузі 26 жніўня 2025 года, адлюстравана жонка Луіса Коча ў той момант, калі яе мужа ўводзяць агенты ICE. Луіс быў адзіным кармільцам сям’і. Кочу і траіх дзяцей — 7,13 і 15 гадоў — не толькі разлучылі з мужам і бацькам, прычыніўшы ім глыбокую эмацыйную траўму, але і пакінулі без сродкаў да існавання.
Паводле слоў родных Луіса, у яго не было праблем з законам у Эквадоры. Яго выпадак — не адзіны прыклад таго, як мігранты добраахвотна прыходзяць на пасяджэнні судоў, адразу ж пасля завяршэння якіх іх затрымліваюць агенты ICE. Журналістаў на такія пасяджэнні, як правіла, не пускаюць. Тое, што ў будынку Джэйкаба К. Джавітса ў Нью-Ёрку была дазволена здымка, хутчэй выключэнне.
«Ва ўмовах дэмакратыі прысутнасць камеры ў гэтым калідоры з’яўляецца важным сведчаннем палітыкі, якая ператварыла будынкі судоў у месцы разбураных лёсаў», — падкрэслілі арганізатары World Press Photo, абвяшчаючы лаўрэатаў.
Больш пра фота года чытайце тут
Фіналісты World Press Photo 2026
Экстраная дапамога ў Газе. Сэйбер Нуралдзін, EPA Images

На фота, зробленым фатографам Саберам Нуралдзінам 27 ліпеня 2025 года, палесцінцы спрабуюць здабыць муку з грузавіка з гуманітарнай дапамогай / Saber Nuraldin, EPA Images
Суд па справе жанчын Ачы. Віктар Дж. Блю для часопіса The New York Times

У 2025 годзе суд у Гватэмале разгледзеў апошнюю справу аб гвалце над жанчынамі майа ачы падчас 36-гадовай грамадзянскай вайны ў краіне. Трое былых патрульных былі прыгавораны да 40 гадоў турмы. На фота, зробленым 30 мая 2025 года, — Паўліна Ікспата Альвара, якую ў 1983 годзе на працягу 25 дзён трымалі ў казармах і падвяргалі гвалту, у асяроддзі іншых жанчын ачы перад будынкам суда ў сталіцы Гватэмалы ў дзень вынясення прысуду / Victor J. Blue, for The New York Times Magazine
Лаўрэатаў конкурсу World Press Photo адбіраюць у два этапы. На першым этапе вызначаюць пераможцаў у шасці рэгіёнах і трох катэгорыях, на другім — з іх выбіраюць тых, хто атрымае галоўную ўзнагароду.
Арганізатары конкурсу падкрэсліваюць, што пры выбары пераможцаў арыентуюцца не столькі на мастацкую каштоўнасць той ці іншай фатаграфіі, колькі на тое, як яна «адлюстроўвае кірунак руху чалавецтва» і найбуйнейшыя сусветныя падзеі.
@bajmedia