• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №1 (68) 2022 Студзень–красавік 2022 г.

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі»  №1 (68) 2022  Студзень–красавік 2022 г. Спампаваць PDF

    Кантэкст

    Працягвалася рэпрэсіўная палітыка ўладаў у дачыненні да беларускіх незалежных СМІ і журналістаў – іх адміністрацыйны і крымінальны пераслед. На гэтую палітыку наклала свой адбітак агрэсія Расіі супраць Украіны (з 24 лютага), якая была падтрыманая ўладамі Беларусі: рабіліся перашкоды распаўсюду аб’ектыўнай інфармацыі аб прычынах і хадзе ваенных дзеянняў, адрознай ад афіцыйнага расійскага пункту гледжання, а таксама антываенных выказванняў.

    Дзейнасць беларускіх незалежных СМІ, якія рэлакавалі свае рэдакцыі, працягвалася з‑за мяжы.

    18 студзеня ў Беластоку адкрылася прастора «МедыяПортБеларусь» – каворкінг для беларускіх журналістаў у эміграцыі[1]. У сакавіку «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» адчыніла Віленскае бюро навінаў, куды перайшлі журналісты Беларускай службы, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь[2].

    Каманда Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) «Новая зямля» атрымала прэстыжную журналісцкую ўзгагароду ў Літве (сумесна з літоўскім парталам Siena.lt) – прэмію «The Future Sto­ry Awards 2021» за лепшы матэрыял у жанры расследавання. 18 красавіка БРЦ першым з беларускіх СМІ стаўся паўнапраўным чальцом міжнароднай расследвальніцкай платформы OCCRP (Праект па асвятленні арганізаванай злачыннасці і карупцыі) – адной з найбуйнейшых некамерцыйных расследвальніцкіх платформаў, у якую ўваходзяць СМІ з 42 краінаў[3].

    Напярэдадні Сусветнага дня свабоды друку (3 траўня) дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў была адзначана трыма міжнароднымі ўзнагародамі. БАЖ стаўся лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды прэсы. Пра гэта было паведамлена 27 красавіка.

    «Сваім рашэннем узнагародзіць БАЖ мы выказваем сваю салідарнасць з журналістамі па ўсім свеце, якія крытыкуюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, пярэчаць ім і праліваюць святло на іх дзеянні, распаўсюджваючы праўдзівую інфармацыю і абараняючы свабоду слова, – гаворыцца ў заяве кіраўніка Міжнароднага журы прэміі Альфрэда Лелы. – Мы сёння вітаем [такіх журналістаў] і ўхваляем іх. Такім чынам мы кажам ім: мы з вамі, і мы цэнім вашу мужнасць»[4].

    Акрамя прэміі ЮНЭСКА, БАЖ атрымаў узнагароду шведскай секцыі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) і «Dif­fer­ence Day Hon­orary Title for Free­dom of Expres­sion», які прысуджаецца двума ўніверсітэтамі Бруселя (ULB і VUB)[5].

    Пераслед журналістаў

    Напрыканцы красавіка 25 беларускіх журналістаў знаходзіліся ў зняволенні, 9 з іх адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

    Журналісты зазнавалі вобшукі і затрыманні. Так, у Магілёве за адзін дзень, 14 студзеня, адбыліся вобшукі ў трох журналістаў і ў рэдакцыі сайта «Магілёўскі рэгіён», супрацоўнікі якога раней пакінулі Беларусь[6].

    БАЖ было зафіксавана прынамсі 10 затрыманняў і 13 вобшукаў. Чацвёра з затрыманых былі прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 10 да 15 сутак.

    28 лютага ў фатографа Сяргея Серабро забралі мабільны тэлефон. Ён правёў каля дзвюх гадзін у аддзяленні міліцыі. Тыя, хто яго затрымліваў, лічылі, што ён збіраўся здымаць акцыю супраць вайны ва Украіне на віцебскім вакзале[7].

    За чатыры месяцы 2022 года былі агучаныя 5 прысудаў у дачыненні да журналістаў. Спартовы журналіст Аляксандр Івулін, журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч і менеджар TAM.BY (уваходзіць у склад ААТ «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ») Дар’я Данілава былі абвінавачаныя ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх паводле «масавага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса і былі прысуджаныя да 2, 1,5 і 1,3 года пазбаўлення волі адпаведна. (Дар’я Данілава выйшла на волю ў зале суда.) Супрацоўнікаў анлайн-газеты «Наша Ніва» Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі кожнага паводле абсурднага абвінавачання ў прычыненні маёмаснай шкоды ў буйным памеры (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса) – за аплату камунальных паслуг рэдакцыі паводле тарыфаў для фізічных асобаў, а не юрыдычных[8].

    11 сакавіка пазаштатны карэспандэнт казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрый Лукша быў затрыманы і змешчаны пад варту. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса – 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вядома, што прычынай для гэтага стаўся яго апошні сюжэт, які быў паказаны казахстанскім каналам.

    20 красавіка была арыштаваная Аксана Колб, галоўны рэдактар газеты «Новы Час». (Сайт novychas.by быў заблакаваны ў Беларусі ў кастрычніку 2021 года, але працягваў працаваць.) Затым ёй было прад’яўленае абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

    Акрамя гэтага, былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да дырэктаркі незалежнага рэгіянальнага партала «Медыя-Палессе» Святланы Гарда (паводле артыкула 424 Крымінальнага кодэкса за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і заснавальніка рэгіянальнага навінавага сайта Orsha.eu Ігара Казмерчака (паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса за абразу прэзідэнта), якія пакінулі Беларусь[9].

    У красавіку была накіраваная ў суд справа чатырох супрацоўнікаў інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, у выніку чаго сталіся вядомыя высунутыя супраць іх абвінавачанні. Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну абвінавачваюць у падрыхтоўцы «не менш як 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса) і дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса). Гэткім чынам следства трактавала аплату імі штрафаў, рахункаў за паслугі адвакатаў і іншых плацяжоў пры дапамозе фонда салідарнасці ByHelp.

    Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання з ліку супрацоўнікаў ЗАТ «БелаПАН» і іншых асобаў, а таксама ў кіраванні такім фарміраваннем (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса). Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава – ва ўхіленні ад выплаты інфармацыйнай агенцыяй падаткаў (артыкул 243 Крымінальнага кодэкса)[10].

    Таксама сталася вядома, што журналістцы Ірыне Слаўнікавай (былая супрацоўніца тэлеканала «Белсат», затым штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання), якая знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2021 года, было прад’яўленае новае абвінавачанне – у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса), у дадатак да абвінавачання ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх». Цяпер ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі[11].

    Журналістцы тэлеканала «Белсат» Кацярыне Андрэевай, якая адбывае двухгадовы тэрмін у калоніі, было прад’яўленае новае абвінавачанне – у дзяржаўнай здрадзе паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса. Сутнасць яго незразумелая, але журналістцы пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі[12].

    Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства

    Крымінальны кодэкс Беларусі быў дапоўнены артыкулам 130–2 «Адмаўленне генацыду беларускага народа» ў сувязі з прыняццем 5 студзеня закона «Аб генацыдзе беларускага народа», які фактычна ўвёў манаполію на трактоўку гістарычных падзеяў 1941–1951 гадоў у парушэнне стандартаў свабоды слова. Адказнасць паводле дадзенага артыкула можа сягаць 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Працягнулася прызнанне кантэнту незалежных СМІ экстрэмісцкімі матэрыяламі, што цягне за сабою абмежаванне доступу да іх сайтаў. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўключаны «Віцебскі кур’ер», «Рэгіянальная газета», 6tv.by, «Радыё Рацыя», а таксама цэлы шэраг старонак у сацыяльных сетках і Telegram-каналаў медыяў, якія былі раней прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у прыватнасці Тэлеграм-канал і чат «DW Беларусь».

    9 лютага паводле рашэння Міністэрства інфармацыі было заблакаванае расійскае выданне TJour­nal за распаўсюд інфармацыі, якая была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». З пачатку агрэсіі расійскіх уладаў супраць Украіны 24 лютага 2022 года, на тэрыторыі Беларусі быў абмежаваны доступ да шасці ўкраінскіх інфармацыйных сайтаў: «Гордон», «Обозреватель», РБК-Украіна, InfoRe­sist, «Новое время» і «Фокус».

    Былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» паводле рашэння КДБ «група грамадзянаў з ліку ПІУП “Суродзічы”» («Наша Ніва») і «група грамадзянаў, аб’яднаных праз Інтэрнэт-сайт “Флагшток”, Telegram-канал “Флагшток-Гомельшчына”, Telegram-чат “Флагшток”»; паводле рашэння МУС – група грамадзянаў, аб’яднаных праз сайт «KYKY.ORG», звязаныя з ім Telegram-каналы і акаўнты ў сацыяльных сетках. Такім чынам, усяго 8 беларускіх СМІ былі аднесеныя да экстрэмісцкіх фарміраванняў.

    У пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, які быў упершыню апублікаваны 23 сакавіка 2022 года, былі ўключаныя блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, якія адбываюць тэрміны турэмнага зняволення[13].

    Яшчэ больш маштабным, чым раней, сталася прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». З пачатку 2022 года ў сувязі з гэтым былі затрыманыя 237 асобаў, у той час як на працягу ўсяго 2021 года – 315 асобаў. Паводле словаў прадстаўніка МУС, «рост колькасці затрыманых звязаны з тым, што расце колькасць Telegram-каналаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі»[14].

    За распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі аштрафаваныя рэдактар сайта «Intex-press» Уладзімір Януковіч і прадпрыемства «Медыя-Ганцавічы» – уласнік сайта «Першы Рэгіён»[15].

    Абмежаванне доступу да інфармацыі

    Працягнуліся захады па абмежаванні доступу да кантэнту незалежных СМІ. У лютым быў заблакаваны сайт «Газеты Слонімскай» (gs.by)[16].

    Новай з’явай сталася блакіроўка доступу карыстальнікаў з Расіі да беларускіх незалежных медыяў – у сувязі з тым, што ў іх асвятляўся ваенны канфлікт ва Украіне. Паводле рашэння Федэральнай службы ў галіне сувязі, інфармацыйных тэхналогіяў і масавых камунікацыяў (Раскамнагляд) або Генеральнай пракуратуры былі заблакаваныя інфармацыйныя сайты

    Zerkalo.io, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Медыя-Палессе», «Салiдарнасць» і reform.news. Сайты greenbelarus.info і brestnote.by атрымалі патрабаванні выдаліць публікацыі пра сітуацыю ва Украіне[17].

    У сакавіку Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні ў сувязі з парушэннямі заканадаўства пра СМІ дзвюм папулярным беларускім радыёстанцыям – «Радыё Рокс‑М» і «Радыё Бі-Эй». У першым з іх гаворылася: «Паводле вынікаў маніторынгу ўсталяваныя шматлікія факты распаўсюду матэрыялаў, якія не адносяцца да складнікаў спецыялізацыі, якая адлюстравана ў рэгістрацыйных дакументах радыёпраграмы»[18].

     

    [5] https://baj.media/ru/content/bazh-nagrazhden-premiey-svoboda-pressy-2022-ot-shvedskoy-organizacii-reportery-bez-granic

    https://baj.media/be/content/belaruskaya-asacyyacyya-zhurnalistau-stala-laureatam-difference-day-honorary-title-u-bruseli

    [6] https://baj.media/be/content/vobshuki-u-magilyouskih-zhurnalistau

    [7] https://baj.media/be/content/u‑fatografa-syargeya-serabro-zabrali-mabilny-telefon-za-zdymki-na-vakzale

     

    [14] https://www.belta.by/incident/view/mvd-s-nachala-goda-zaderzhany-237-grazhdan-rasprostranjavshih-priznannye-ekstremistskimi-materialy-502147–2022/

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Коллеги в тюрьмах. Адреса для писем, бандеролей и переводов
    05.11.2024
    Акцэнты

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    Учитывая существенную роль «антиэкстремистской политики» в формировании медиапространства внутри Беларуси, БАЖ проанализировал правовое регулирование противодействия экстремизму и актуальной практики его применения в отношении независимых медиа и их представителей. Отправной точкой при проведении данного анализа выступают международные стандарты прав и свобод человека, которые, вне всякого сомнения, должны служить ключевым ориентиром демократического государства при любых обстоятельствах. Скачайте доклад в формате PDF .
    29.12.2023

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    22.01.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці