• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    IREX апублікаваў “Індэкс медыяўстойлівасці” па Беларусі. Цікавыя факты

    Міжнародная некамерцыйная арганізацыя IREX апублікавала свой штогадовы “Індэкс медыяўстойлівасці”. Інфармацыя пра Беларусь у сусветным дакладзе займае больш за дзесяць старонак.

    У агульным профілі Беларусь апісваецца як краіна з насельніцтвам 9 570 376 (ліпень 2016), ВВП на душу насельніцтва — 16 920 долараў, узроўнем граматнасці 99,7 %.

    У краіне, па афіцыйных звестках, было зарэгістравана 728 газет, 831 часопіс, 174 радыёстанцыі і 100 станцый ТБ (2016).

    Самымі буйнымі газетамі названы “СБ. Беларусь сегодня”, “Комсомольская правда” в Белоруссии” і “Рэспубліка”. Самымі папулярнымі каналамі названыя “НТВ-Беларусь” (14,8 % аўдыторыі), “ОНТ” (13,97 %), “РТР-Беларусь” (13,27 %). Штогадовы прыбытак у сферы рэкламы ў сектары СМІ: 95–100 мільёнаў долараў (2016). Карыстальнікаў інтэрнэту 5,97 мільёнаў.

    Устойлівасць па шкале IREX разбівае краіны на чатыры групы: няўстойлівая, супраць свабоднай прэсы (0 – 1 балаў); няўстойлівая са змешанай сістэмай (1 – 2); амаль устойлівая (2 – 3); устойлівая (3 – 4). Ацэнка даецца па пяці катэгорыях — свабода слова, прафесійная журналістыка, плюралізм крыніц навінаў, менеджмент медыябізнесу і інстытуцыі падтрымкі. Першая група характарызуецца тым, што ўрад і законы перашкаджаюць развіццю СМІ, актыўнасць медыяіндустрыі нізкая і нізкі прафесіяналізм СМІ. Другая катэгорыя часткова адпавядае індыкатарам устойлівасці, толькі сегменты заканадаўства і ўраду супрацьдзейнічаюць свабодным медыя, відавочны прагрэс у прасоўванні ідэй незалежнай прэсы, павышаецца прафесіяналізм, узнікаюць новыя медыябізнесы, устойлівасць якіх яшчэ рана ацэньваць. А дзве апошнія групы нас пакуль не тычацца.

    У пытанні свабоды слова Беларусь упершыню перайшла з групы няўстойлівых краін з антыпрэсавай культурай да краін няўстойлівых са змешанай сістэмай, і колькасць балаў амаль падвоілася ў параўнанні з 2016 годам — 1,31 супраць 0,73. Такая ацэнка з’явілася дзякуючы ў асноўным неабмежаванай свабодзе выказвання анлайн і меншаму пераследу журналістаў і блогераў. Аднак у дакладзе падкрэслена, што свабода слова мае найменшы бал з усіх чатырох катэгорый. Сярод сітуацый з парушэннямі свабоды слова летась адзначана справа Эдуарда Пальчыса, блакаванне сайтаў на аснове спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, таксама папярэджанне “Витебскому Курьеру” ў снежні 2016 года за артыкул пра становішча дзяцей у прыёмных сем’ях. У той жа час, адзначана змяншэнне колькасці папярэджанняў СМІ — у мінулым годзе іх было ўсяго 16, і яны не былі звязаныя са зместам.

    Сярод іншых адмоўных інцыдэнтаў і практык таксама:

    Ліцэнзаванне і рэгістрацыя СМІ застаюцца несправядлівымі, і таму, напрыклад, у краіне няма FM-станцыі “Еўрарадыё” (толькі акрэдытаваны карэспандэнцкі пункт, акрэдытацыя працягваецца штогод), і ўпершыню з 2007 года ў 2016 годзе некалькі карэспандэнтаў “Белсата” таксама атрымалі толькі часовую акрэдытацыю (як карэспандэнты TVP).

    Не былі расследаваныя па міжнародных стандартах справы знікнення Дзмітрыя Завадскага і забойства Веранікі Чаркасавай.

    https://gdb.rferl.org/21C327B2-37C2-4565-BF8C-C815147C6CF3_cx20_cy4_cw66_w650_r1_s.jpg

    Следчы камітэт адмовіўся расследаваць збіццё журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага і класіфікаваць інцыдэнт, як звязаны з журналісцкай дзейнасцю.

    Няма незалежнага грамадскага вяшчальніка, закон не гарантуе незалежнасць рэдакцыі дзяржаўнага тэлебачання.

    Згадваецца справа карэспандэнта Asso­ci­at­ed Press Юрася Карманава: адзначаецца, што рашэнне супярэчыць існуючаму заканадаўству, бо журналіст не нясе адказнасці, калі факты публікуюцца правільна.

    Ёсць праблема з доступам да інфармацыі — больш за 60 арганізацый маюць права закрыць інфармацыю ад грамадскага доступу.

    Адзначаецца паляпшэнне камунікацыі з дзяржаўнымі органамі: тут указваюцца інцыдэнты на будоўлі АЭС у Астраўцы і на “Азоце” ў Гродне — улады хутчэй рэагавалі на запыты СМІ (маецца на ўвазе ўжо другі інцыдэнт у Астраўцы). Аднак прэс-службы дзяржаўных устаноў часта працягваюць выконваць функцыі фільтраў інфармацыі.

    Сярод, напэўна, пазітыўнага моманту адзначана свабоднае выкарыстанне інфармацыі з нацыянальных і замежных СМІ і свабодны ўваход у прафесію.

    Застаецца інстытут акрэдытацыі. Акрэдытацыя не патрэбная анлайн-СМІ, але гэтыя абставіны могуць стаць момантам непаразумення з уладамі.

    У пытанні прафесійнай журналістыкі бал вырас з 1,30 да 1,72. Адзначаецца, што недзяржаўныя СМІ дэманструюць вышэйшы ўзровень якасці. Аднак і ў дзяржаўных СМІ адзначаны рост стандартаў — тут згадваецца маніторынг СМІ “Беларускага саюза журналістаў” падчас выбараў і перадача “Клуб рэдактараў”. Адзначаецца наяўнасць прафесійных кодэксаў этыкі ў БАЖ і БСЖ і праца камісіі па этыцы БАЖ, а таксама даследаванні мовы нянавісці, праведзеныя “Медыякрытыкай”.

    Сярод адмоўных момантаў — наяўнасць самацэнзуры: ключавыя тэмы не ігнаруюцца, але асвятляюцца не дастаткова поўна; часта сустракаецца неўнікальны кантэнт; вялікая розніца ў заробках паміж сталіцай і абласцямі, таксама паміж дамінуючымі медыямі і астатнімі; вялікая дыспрапорцыя паміж забаўляльнымі перадачамі і навінамі на радыё. Для многіх рэдакцый застаецца складаным эканамічнае пытанне, калі трэба абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу.

    Недаразвітым застаецца рынак нішавых выданняў, хоць сталі больш развівацца гендарныя і экалагічныя накірункі.

    Паспяховы прыклад — выданне пра сацыяльную адказнасць “Имена”, якое выкарыстоўвае метад краўдфандынгу і арыентаваны выключна на анлайн-аўдыторыю.

    У пытанні разнастайнасці крыніц навінаў, бал павысіўся з 1,34 да 1,77, у асноўным дзякуючы развітасці і даступнасці інтэрнэта. Адзначаецца недахоп незалежнага нацыянальнага тэле- і радыёвяшчання; дзяржаўнае ТБ застаецца манапалістам; з 200 замежных рэтрансляваных каналаў большасць ідзе з Расіі, высокая колькасць іх не забяспечвае разнастайнасць меркаванняў у беларускім медыяландшафце; таксама эканамічныя складанасці падрываюць незалежныя СМІ і асвятленне імі сацыяльна значных тэмаў.

    Адзначаецца ўніфікаванасць дзяржаўных СМІ і трансляцыя імі толькі інфармацыі ад ураду, у той час як апазіцыйныя палітыкі не згадваюцца ўвогуле альбо згадваюцца толькі адмоўна. Дзяржава валодае каля 600 медыяў, у той час як прыватная ўласнасць у медыябізнесе не сканцэнтраваная. Закон забараняе замежным акцыянерам валодаць больш як 20 % акцый медыя, у той час як вядучыя расійскія тэлеканалы зарэгістраваныя, як беларускія прадпрыемствы. Таксама беларускія СМІ сфакусаваныя ў асноўным толькі на праблемах унутры краіны; замежныя навіны перадаюцца праз расійскія крыніцы.

    З медыяўласнасцю ўсё ясна — пункт вырас з 0,88 да 1,30: эканамічна СМІ далёкія ад таго, каб быць самадастатковымі і ўстойлівымі арганізацыямі. Ні дзяржаўныя, ні прыватныя СМІ не раскрываюць фінансавую статыстыку. Большасць медыяўласнасці сканцэнтраваная ў руках дзяржавы. Адзначаецца ціск на рэкламадаўцаў у незалежныя газеты. З пазітыўных момантаў — паспяховая краўдфандынгавая кампанія “Нашай Нівы” і “Имён”.

    Апошні пункт датычыцца працы ўстановаў, якія садзейнічаюць развіццю журналістыкі, напрыклад, універсітэтаў, прафесійных саюзаў і асацыяцый, сетак распаўсюду. Бал вырас з 1,31 у 2016-ым да 1,64. Тут згадваецца Інстытут журналістыкі, дзе навучаецца 1 250 студэнтаў, і некалькі праграм са спецыялізацыяй у сферы медыяў у ЕГУ. Адзначаецца дзяржаўная манаполія на сеткі распаўсюду інфармацыі. Сярод станоўчых момантаў — даступнасць інтэрнэту, хаця ў той жа час падпіска на лічбавыя выданні застаецца нязначнай.

    Даклад складаўся на пачатку 2017 года і не ўлічвае сакавіцкіх падзеяў. Таму, напрыклад, згаданыя 11 газет, якія не мелі доступу да паслуг сервісу падпіскі і продажу ў розніцу.

     

    ПРАВАВЫЯ І САЦЫЯЛЬНЫЯ НОРМЫ АБАРАНЯЮЦЬ СВАБОДУ СЛОВА І ДОСТУП ДА ПУБЛІЧНАЙ ІНФАРМАЦЫІ.

    Індыкатары свабоды слова:
    > Працуюць прававыя і сацыяльныя меры для абароны свабоды слова.
    > Ліцэнзаванне вяшчальных СМІ з’яўляецца справядлівым, канкурэнтным і апалітычным.
    > Выхад на рынак і структура падаткаў для СМІ з’яўляюцца справядлівымі і супастаўныя з іншымі галінамі эканомікі.
    > Злачынствы супраць журналістаў і СМІ пераследуюцца энергічна, але такія выпадкі здараюцца рэдка.
    > Дзяржаўныя і грамадскія сродкі масавай інфармацыі не атрымліваюць ільготны прававы рэжым, і закон гарантуе рэдакцыйную незалежнасць.
    > Паклёп з’яўляецца пытаннем грамадзянскага права; дзяржаўныя служачыя адказваюць больш высокім стандартам, пакрыўджаныя бакі павінны даказаць непраўдзівасць інфармацыі і злосны намер.
    > Публічная інфармацыя лёгка даступная; права на доступ да інфармацыі ў роўнай ступені прымяняецца для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
    > Сродкі масавай інфармацыі маюць неабмежаваны доступ да інфармацыі; гэта ў роўнай ступені выконваецца для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў.
    > Уступленне ў журналісцкую прафесію з’яўляецца свабодным, улады не накладаюць ніякіх абмежаванняў на ліцэнзаванне альбо спецыяльныя правы для журналістаў.

    ЖУРНАЛІСТЫКА АДПАВЯДАЕ ПРАФЕСІЙНЫМ СТАНДАРТАМ ЯКАСЦІ.
    Індыкатары прафесійнай журналістыкі:
    > Асвятленне падзеяў справядлівае, аб’ектыўнае і з надзейных крыніц.
    > Журналісты выконваюць прызнаныя і агульнапрынятыя этычныя стандарты.
    > Журналісты і рэдактары не практыкуюць самацэнзуру.
    > Журналісты асвятляюць ключавыя падзеі і праблемы.
    > Узровень аплаты для журналістаў і іншых работнікаў сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца дастаткова высокім, каб прадухіляць карупцыю.
    > Забаўляльныя перадачы не засланяюць навіны і інфармацыйныя перадачы.
    > Тэхнічныя сродкі і абсталяванне для збору, вытворчасці i распаўсюду навін з’яўляюцца сучаснымі і эфектыўнымі.
    > Існуе нішавая журналістыка (следчая, навіны эканомікі/бізнесу, мясцовая журналістыка, палітычная журналістыка).

    РАЗНАСТАЙНЫЯ КРЫНІЦЫ НАВІН ПРАДАСТАЎЛЯЮЦЬ ГРАМАДЗЯНАМ НАДЗЕЙНЫЯ І АБ’ЕКТЫЎНЫЯ НАВІНЫ.
    Індыкатары плюралізму крыніц навінаў:
    > Існуе мноства даступных крыніц дзяржаўных і прыватных навін (напрыклад, друк, вяшчанне, інтэрнэт).
    > Доступ грамадзян да ўнутраных альбо міжнародных сродкаў масавай інфармацыі не абмяжоўваецца.
    > Дзяржаўныя і грамадскія СМІ адлюстроўваюць пункт гледжання ўсяго палітычнага спектру, а не адной палітычнай сілы, і служаць грамадскім інтарэсам.
    > Незалежныя інфармацыйныя агенцтвы збіраюць і распаўсюджваюць навіны для друку і вяшчальных СМІ.
    > Незалежныя вяшчальныя СМІ вырабляюць свае ўласныя праграмы навін.
    > Празрыстасць медыяўласнасці дазваляе спажыўцам меркаваць пра аб’ектыўнасць навінаў; уласнасць у СМІ не канцэнтруецца ў некалькіх кангламератах.
    > У СМІ адлюстраваны і прадстаўлены шырокі спектр сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку ёсць крыніцы інфармацыі на мовах меншасцяў.

    НЕЗАЛЕЖНЫЯ СМІ — ГЭТА КАМПАНІІ З ПРАФЕСІЙНЫМ КІРАВАННЕМ, ЯКІЯ ЗАБЯСПЕЧВАЮЦЬ РЭДАКЦЫЙНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ.
    Індыкатары бізнес-менеджменту:
    > Сродкі масавай інфармацыі і дапаможныя фірмы дзейнічаюць як эфектыўныя, прафесійныя, і прыбытковыя прадпрыемствы.
    > Сродкі масавай інфармацыі атрымліваюць даход ад мноства крыніц.
    > Рэкламныя агенцтвы і сумежныя галіны падтрымліваюць рэкламны рынак.
    > Рэкламны даход у выглядзе працэнта ад агульнага даходу адпавядае агульнапрынятым стандарам у гандлёвых кропках.
    > Незалежныя СМІ не атрымліваюць дзяржаўныя субсідыі.
    > Даследаванне рынку выкарыстоўваецца для распрацоўкі стратэгічных планаў, павышэння даходаў ад рэкламы, а таксама для індывідуальных прадуктаў з улікам патрэбаў і інтарэсаў аўдыторый.
    > Складаюцца надзейныя і незалежныя вяшчальныя рэйтынгі і тыражы.

    ФУНКЦЫЯНУЮЦЬ ДАПАМОЖНЫЯ ІНСТЫТУТЫ ДЛЯ ПРАФЕСІЙНЫХ ІНТАРЭСАЎ НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ.
    Індыкатары:
    > Прафесійныя асацыяцыі прадстаўляюць інтарэсы прыватных уласнікаў СМІ і прадастаўляць паслугі сваім членам.
    > Працуюць прафесійныя асацыяцыі ў галіне абароны правоў журналістаў.
    > НДА падтрымліваюць свабоду слова і незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
    > Існуюць універсітэцкія праграмы па якаснай журналістыцы, якія забяспечваюць істотны практычны вопыт.
    > Кароткатэрміновыя навучальныя праграмы і курсы павышэння кваліфікацыі дазваляюць журналістам павышаць кваліфікацыю альбо набываць новыя навыкі.
    > Крыніцы газетнай паперы і друкарні знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, непалітызаваныя і неабмежаваныя.
    > Каналы распаўсюду СМІ (кіёскі, перадатчыкі, інтэрнэт) з’яўляюцца прыватнымі, непалітызаванымі і неабмежаванымі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! На дадзены момант ў няволі застаюцца прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Канстанцін Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Андрэй Фамін, рэдактар самвыдатаўскіх газет «Веснік» Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч, Ігар Карней, Аляксандр Зянкоў, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Аляксандр Ігнацюк, Алесь Марчанка, Антон Казельскі, Алена Цімашчук, Яўген Нікалаевіч, Данііл Палянскі, Ігар Ільяш, Вольга Радзівонава Сяргей Чабоцька Андрэй Толчын Рэдацыя "Інтэкс-прэс"
    05.12.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла статыстыку рэпрэсій супраць журналістаў і медыя сёлета. 
    22.01.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці