• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 4 (78) 2024

    Беларускія СМІ ў верасні-снежні 2024 года. Агляд. Спампаваць PDF

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі»

    Становішча прадстаўнікоў беларускіх медыяў у верасні-снежні 2024 года было абумоўленае падрыхтоўкай да «выбараў» Аляксандра Лукашэнкі (26 студзеня 2025 года). Відавочна актывізаваліся пераслед журналістаў і блогераў, цэнзура інфармацыйнай прасторы і прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ. 

    У прыватнасці:

    • Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і завочны — тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу. Расла колькасць узбуджаных крымінальных спраў.
    • Абвастрыўся ціск на журналістаў і блогераў у Беларусі: павялічылася колькасць затрыманняў і вобшукаў.
    • Любая форма ўзаемадзеяння з «экстрэмісцкімі» медыярэсурсамі — ад рэпостаў іх публікацый у сацыяльных сетках да дачы ім інтэрв’ю — з’яўлялася падставай для судовага пераследу.
    • Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам шырока выкарыстоўвалася для абмежавання свабоды выказвання і доступу да незалежных крыніц інфармацыі: на 1 верасня налічвалася каля 14 тысяч заблакаваных інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
    • Цэнзура выйшла за межы традыцыйнай «барацьбы з экстрэмізмам»: Міністэрства інфармацыі запатрабавала правесці рэвізію друкаваных выданняў з мэтай выключыць з продажу тыя з іх, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».
    • Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ Беларусі пашырылася праз новаўтвораныя анлайн-рэсурсы і навінавы тэлеканал.
    • Была створаная медыякампанія Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, таксама было заяўлена пра распрацоўку стратэгіі фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы саюзнай дзяржавы.

    Крымінальны пераслед журналістаў

    У Беларусі пад крымінальны пераслед трапілі былыя журналісты незалежных выданняў, прызнаных экстрэмісцкімі ў розны час. Былі вынесеныя прысуды Яўгену Нікалаевічу (паўтара года пазбаўлення волі за «ўдзел у масавых беспарадках» у 2020 годзе) і Вользе Радыёнавай (асуджаная на 4 гады зняволення за публікацыі ў нямецкай газеце Die Tageszeitung, якія нібыта ўтрымлівалі дыфамацыйныя выказванні). 

    Змешчаныя пад варту брэсцкі журналіст Даніла Палянскі і ўладальнік гродзенскага навінавага сайта s13.ru Сяргей Чабоцька сталі абвінавачанымі ў крымінальных справах.

    Улады кантралявалі дзейнасць блогераў, адсочваючы любыя крытычныя выказванні на свой адрас. Так, нават праўладны блогер з Гомеля Яўген Катляроў быў асуджаны да паўтара года зняволення за публікацыю відэа з асуджэннем дзеянняў мясцовых уладаў.

    Журналістаў і блогераў, якіх трымаюць у месцах зняволення, падвяргаюць пастаяннаму ціску праз ізаляцыю і пагаршэнне ўмоў утрымання, у тым ліку ў форме дадатковага прысуду за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Стала вядома, што журналісту Ігару Карнею, пазбаўленаму волі на 3 гады, дадалі 10 месяцаў зняволення, блогер Зміцер Казлоў, які мусіў выйсці на волю з калоніі, атрымаў дадаткова адзін год і пяць дзён пазбаўлення волі. Падобная крымінальная справа была заведзеная таксама ў дачыненні да зняволенага журналіста Міколы Дзядка.

    Затрыманні і ператрусы, іншыя формы ціску на журналістаў у Беларусі

    Відавочна абвастрыліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і ціск на іх родных: ў Беларусі былі зафіксаваныя 20 затрыманняў журналістаў, 17 ператрусаў, 8 чалавек былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

    Так, у Баранавічах адбыліся масавыя затрыманні былых супрацоўнікаў газеты Intex-press (вядома пра семярых затрыманых), якія, верагодна, сталі фігурантамі крымінальнай справы за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.

    Быў затрыманы і змешчаны пад варту журналіст Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, — за інтэрв’ю пра яе становішча ў зняволенні, якія ён даваў «экстрэмісцкім» СМІ, і ўзаемадзеянне з украінскімі калегамі.

    Ціск на журналістаў у выгнанні

    Супрацоўнікі беларускіх СМІ ў выгнанні працягвалі падвяргацца завочнаму крымінальнаму пераследу. Сярод іх апынуліся Сяргей Скулавец, Алесь Ляўчук, аўтары і госці шоу «План:Б» на тэлеканале «Белсат». Іхнія сваякі ў Беларусі сутыкаліся з ператрусамі, ціскам і запалохваннем.

    Паводле звестак БАЖ, за перыяд, што разглядаецца, была арыштаваная маёмасць чатырох журналістаў.

    Прадстаўнікі медыяў, якія працуюць у выгнанні, сутыкаліся з цкаваннем у беларускіх прапагандысцкіх выданнях. Рыторыка дзяржаўных прапагандыстаў станавіла сабой мову варожасці. Так, Кірыл Казакоў, галоўны рэдактар праўладнай газеты «Минский курьер», заклікаў расстраляць на месцы блогера Мікіту Мелказёрава, называючы яго «жывёлінай». Кіраўнік дзяржаўнай газеты выказаў гатовасць асабіста «зжыць са свету» блогера. 

    Стала вядома пра ўключэнне ў вышуковую базу Расійскай Федэрацыі за апошнія паўгода 21 беларускага журналіста. 

    Выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства для пераследу за распаўсюд інфармацыі незалежных медыяў

    Гродзенскі гарадскі сайт s13.ru і медыяпраект «Позірк» — чарговыя інфармацыйныя рэсурсы, якія былі аднесеныя да экстрэмісцкіх фармаванняў.

    Шматлікія публікацыі і інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльных сетках (асабліва ў Tik­Tok і Х) прызнаваліся экстрэмісцкімі матэрыяламі. Апроч беларускіх, сярод іх аказаліся і ўкраінскія медыя — YouTube-канал інфармацыйнага агенцтва УНІАН і восем інтэрнэт-рэсурсаў TELEGRAF. 

    Беларусаў масава пераследавалі як за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» ў сацыяльных сетках, так і за ўзаемадзеянне з незалежнымі СМІ. Большасць людзей прыцягваюцца да адказнасці за рэпосты публікацый, нягледзячы на тое, што гэтыя рэпосты былі зробленыя яшчэ да моманту прызнання першакрыніц «экстрэмісцкімі».

    13 верасня гісторык Ігар Мельнікаў быў пакараны 4 гадамі пазбаўлення волі за інтэрв’ю «Еўрарадыё», якое ён даў за 5 месяцаў да таго, як медыя было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем». Па версіі абвінавачання, ён зрабіў гэта «загадзя ведаючы аб экстрэмісцкай дзейнасці ўдзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі СМІ такой скіраванасці і ўцягвання большай колькасці грамадзян у падобную дзейнасць». 

    30 кастрычніка ў Мінску вынеслі першы прысуд за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (артыкул 130–2 Крымінальнага кодэкса). Андрэя Савіцкага, які адміністраваў суполку ў сацсетцы «Одноклассники», асудзілі да 3 гадоў зняволення, абвінаваціўшы таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. 

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ

    Дзяржаўныя органы і СМІ актывізавалі цэнзурную і прапагандысцкую дзейнасць напярэдадні «электаральнай кампаніі».

    Міністр інфармацыі Марат Маркаў распавёў, што падпарадкаваная яму структура ўсё больш увагі надае «рэгуляванню інфармацыйнай прасторы». У прыватнасці, ён паведаміў, што на 1 верасня заблакаваныя каля 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч прызнаныя «экстрэмісцкім» кантэнтам, — колькасць забароненых сайтаў вырасла амаль у 35 разоў у параўнанні з перыядам 2015–2020 гадоў. 

    12 верасня пачаў дзейнічаць мультымедыйны партал  VIDEOBEL.BY, які павінен акумуляваць грамадска-палітычны кантэнт вядучых беларускіх дзяржаўных медыяў і весці прамыя трансляцыі, у прыватнасці з мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. 

    З 17 верасня ў Беларусі пачаў вяшчанне новы дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», які быў уключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм — яго спецыфіка ў шматгадзінным вяшчанні навін.

    Міністэрства інфармацыі паведаміла, што выставіла патрабаванні пяці ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць тэлепраграмы, даць доступ да абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм. 

    У лістападзе Мінінфарм запатрабаваў ад распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі правесці рэвізію друкаваных выданняў і прыбраць з продажу тыя з іх, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Канкрэтны спіс выданняў не прыводзіцца, але маюцца на ўвазе тыя, што:

    • скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць,
    • прапагандуюць нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць,
    • папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры,
    • прысвечаныя палавому выхаванню дзяцей і здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці.

    5 лістапада на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы была заснаваная медыякампанія Саюзнай дзяржавы — зацверджаны яе статут і склад назіральнай рады. Плануецца, што яна будзе заказчыкам кантэнту, накіраванага на асвятленне асноўных падзей і дасягненняў саюза Беларусі і Расіі, у тым ліку на іншых інфармацыйных пляцоўках. Таксама была прынятая пастанова аб распрацоўцы стратэгіі фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

    13 верасня Генеральная пракуратура Расіі прызнала «непажаданай» дзейнасць тэлеканала «Белсат». У афіцыйным паведамленні ведамства сцвярджаецца адносна «польскай арганізацыі Bel­sat», што для той «адной з ключавых задач з’яўляецца дыскрэдытацыя ўнутранай і знешняй палітыкі расійскіх уладаў, стварэнне негатыўнага іміджу нашай краіны і крытыка інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці