• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі №1(51) (студзень – красавік 2017 г.) Падзеі «гарачай вясны» ў Беларусі

    Спецвыпуск: ГАРАЧАЯ ВЯСНА 2017

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – КРАСАВІКУ 2017 г. (АГЛЯД)

    Пасля пэўнага зніжэння ціску на журналістаў і сродкі масавай інфармацыі ў 2016 г. – узімку 2017 г. з захаваннем жорсткага дзяржаўнага кантролю за распаўсюдам інфармацыі

    становішча ў галіне СМІ ў Беларусі ў сакавіку – красавіку 2017 г. зноў пагоршылася. Гэта звязана з імкненнем уладаў абмежаваць асвятленне журналістамі масавых акцыяў пратэсту ў краіне.

    Гэтак, на працягу сакавіка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці, у тым ліку 94 затрыманні і 6 фактаў ужывання гвалту з боку міліцыі.

    Таксама аднавіўся пераслед беларускіх журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі без акрэдытацыі. У сакавіку – красавіку суды 13 разоў каралі журналістаў высокімі штрафамі за “парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ”. 31 сакавіка ў двух офісах, дзе працавалі журналісты, звязаныя з польскім тэлеканалам “Белсат”, адбыліся ператрусы і канфіскацыя абсталявання. Міліцыя тлумачыла гэтыя дзеянні абаронай правоў на таварны знак па заяве праваўладальніка.

    Асноўным станоўчым вынікам вясны 2017 г. сталася вяртанне ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду незалежных друкаваных перыядычных выданняў, якія былі пазбаўленыя такой магчымасці больш як 10 год перад тым.

     

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў СТУДЗЕНІ – КРАСАВІКУ 2017 г.

    Затрыманні журналістаў, якія асвятлялі масавыя акцыі пратэсту

    У 2016 г. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначала як станоўчую тэндэнцыю памяншэнне выпадкаў затрыманняў журналістаў: 13 затрыманняў супраць 19 у 2015 г. і 167 у паслявыбарчым 2011 г. Аднак 12 сакавіка 2017 г. толькі за адзін дзень у розных гарадах Беларусі было затрымана 18 журналістаў, што ў паўтара раза больш, чым за ўвесь папярэдні год.

    Чацвёра з іх – Кацярына Бахвалава, Галіна Абакунчык, Сяргей Пятрухін і Дзмітрый Гарбуноў – былі затрыманыя да суду і правялі ноч у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля С. Пятрухін і Д. Гарбуноў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак.

    Яшчэ больш журналістаў – 36 – былі затрыманыя 25 сакавіка падчас традыцыйнае акцыі дэмакратычных сілаў “Дзень Волі”. Восем з затрыманых былі асуджаныя на тэрмін да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

    Найбольшы рэзананс выклікала асуджэнне Аляксандра Баразенкі, які вёў рэпартаж з акцыі ў прамым эфіры, уключаючы сваё затрыманне.

    Супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі, быццам бы ён “крычаў, лаяўся, размахваў рукамі, не рэагаваў на папярэджанні міліцыі”. Аднак абарона надала ў суд відэазапіс, на якім быў зафіксаваны момант затрымання А. Баразенкі і які даказваў, што інкрымінаваных яму дзеянняў ён не здзяйсняў, а выконваў прафесійныя абавязкі і неаднаразова паведамляў міліцыі пра свой статус журналіста. Насуперак відавочнаму, суд вынес рашэнне пра арышт А. Баразенкі на 15 сутак за “дробнае хуліганства” на падставе паказанняў міліцыянтаў.

    Усяго ў сакавіку – красавіку 2017 г. ГА “БАЖ” зафіксавала 96 выпадкаў затрымання журналістаў і 6 фактаў ужывання да іх гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама 45 фактаў судовага адміністрацыйнага пераследу.

    У 10 выпадках журналісты былі прысуджаныя да арышту на тэрмін да 15 сутак, у 22 выпадках – пакараныя штрафамі да 60 базавых велічыняў (што тоесна больш як 650 еўра). Частка спраў яшчэ чакае свайго разгляду ў судах.

     

    Пераслед журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі

    У сакавіку 2017 г. аднавіўся судовы пераслед беларускіх журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў (паводле арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне заканадаўства пра СМІ”). За сакавік – красавік зафіксавана 13 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці паводле гэтага артыкула.

    Агульная сума штрафаў склала 9 430 беларускіх рублёў (каля 4 715 еўра).

    Ва ўсіх выпадках падставай для гэтага стаўся не змест журналісцкіх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ.

    Да моманту складання гэтага бюлетэня яшчэ чатыры журналісты былі аштрафаваныя, міліцыя ў розных рэгіёнах Беларусі працягвае складаць пратаколы за журналісцкую дзейнасць на карысць замежных СМІ без акрэдытацыі. У большасці выпадкаў пераследуюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам “Белсат”.

    Журналісты прыцягваюцца да адказнасці паводле адвольна трактаванай часткі 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. Такая практыка пачалася з траўня 2014 г. Да жніўня 2015 г. суды 38 разоў штрафавалі журналістаў на падставе гэтага артыкула.

    Становішча, здавалася, змянілася пасля таго, як 4 жніўня 2015 г. прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас перадвыбарчага інтэрв’ю з ім журналістаў незалежных СМІ паабяцаў вырашыць гэтую праблему. З канца жніўня і да канца 2015 г. новых справаў па ч. 2 арт. 22.9 не ўзбуджалася. Аднак на пачатку 2016 г. гэтая практыка аднавілася ў Гомельскай вобласці, дзе за чатыры месяцы двое журналістаў – Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова – былі аштрафаваныя 10 разоў. У траўні 2016 г., у сувязі з набліжэннем выбараў у Палату прадстаўнікоў, пераслед журналістаў-фрылансераў часова прыпыніўся, але аднавіўся ў сакавіку 2017 г.

    31 сакавіка 2017 г. у двух офісах, дзе працавалі журналісты, звязаныя з тэлеканалам “Белсат”, міліцыя правяла вобшукі і канфіскацыю абсталявання. ГУУС Мінгарвыканкама патлумачыла гэтыя дзеянні абаронай правоў на таварны знак па заяве праваўладальніка.

    ГА “БАЖ” у сваёй заяве ад 3 красавіка звязала ператрусы і канфіскацыю абсталявання з намерам уладаў спыніць дзейнасць незалежных тэлежурналістаў у краіне, асабліва падчас масавых акцыяў пратэсту.

     

    Вяртанне незалежных газетаў у дзяржаўныя сеткі распаўсюду

    З пачатку красавіка ў газетных шапіках сістэмы “Саюздрук” упершыню за больш як дзесяць год з’явіліся некалькі незалежных перыядычных друкаваных выданняў: «Газета Слонімская», «Новы Час», «Intex-press», «Барысаўскія навіны».

    Гэта сталася непасрэдным вынікам сустрэчы рэдактара газеты “Народная воля” з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў лютым 2017 г. І. Сярэдзіч перадаў кіраўніку дзяржавы спіс з дзевяці выданняў, якія не могуць патрапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду СМІ. Прэзідэнт паабяцаў вырашыць гэтую праблему.

    Тыя, хто звярнуўся ў прадпрыемствы “Саюздруку”, што дамінуюць у сферы распаўсюду СМІ ў розніцу, сапраўды, былі вернутыя ў газетныя шапікі.

    Большасць з іх, а таксама «СНплюс. Свабодныя навіны плюс» і «Вольнае Глыбокае» знаходзяцца на этапе ўзгаднення іх уключэння ў падпісны каталог “Белпошты” на другое паўгоддзе.

    Амаль 20 незалежных грамадска-палітычных газетаў былі выключаныя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду 11 год таму, напярэдадні прэзідэнцкае выбарчае кампаніі. Тады РУП “Белпошта” адмовілася ўключаць выданні ў падпісныя каталогі, а прадпрыемствы “Саюздруку” – прадаваць іх праз газетныя шапікі. Скасоўванне дамоваў з рэдакцыямі незалежных газетаў было найчасцей матываванае эканамічнай немэтазгоднасцю. У выніку каля паловы з гэтых выданняў спынілі выхад у друкаваным выглядзе. У 2008 г. на хвалі пацяплення адносінаў Беларусі і ЕС “Белпошта” і прадпрыемствы “Саюздруку” аднавілі супрацу з газетамі “Народная Воля” і “Наша Ніва”.

     

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

    “Рэпарцёры без межаў” паставілі Беларусь на 153 месца па ўзроўні свабоды СМІ

    Беларусь займае 153 месца з 180 краінаў у Сусветным індэксе свабоды прэсы-2017, падрыхтаваным “Рэпарцёрамі без межаў”. Раней некалькі год запар Беларусь у гэтым рэйтынгу займала 157 месца.

    Згодна з апісаннем, Індэкс свабоды прэсы адлюстроўвае “ступень свабоды, даступную журналістам, СМІ і актывістам грамадзянскай супольнасці ў кожнай з 180 краінаў, і намаганні, якія прыкладаюць улады дзеля захавання свабоды слова”.

     

    IREX змерыў “Індэкс медыяўстойлівасці” Беларусі

    Міжнародная некамерцыйная арганізацыя IREX выдала ў красавіку ўласны штогадовы “Індэкс медыяўстойлівасці”, складзены на падставе апытання экспертаў.

    Інфармацыя пра Беларусь у сусветным дакладзе складае больш як 10 старонак.

    У катэгорыі “Свабода слова” (адна з пяці катэгорыяў, паводле якіх праводзіцца ацэньванне краінаў) Беларусь упершыню перайшла з групы няўстойлівых краінаў з культурай прыцяснення правоў прэсы з боку ўладаў у групу няўстойлівых краінаў са змяшанай культурай. Пры гэтым колькасць балаў у параўнанні з 2016 г. амаль падвоілася – 1,31 проці 0,73 (пры мінімальным бале “0” і максімальным “4”). Аднак у дакладзе падкрэсліваецца, што свабода слова ў Беларусі мае найменшы бал у параўнанні з іншымі катэгорыямі (гл. с. 164 Індэкса), у якіх Беларусь таксама знаходзіцца ў групе няўстойлівых краінаў са змяшанай культурай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці