• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі №3(53) (жнівень – кастрычнік 2017 г.)

    “Сёння час інтэрнэту, хуткага распаўсюду інфармацыі, і міністэрству неабходна зрабіць усё, каб гарантаваць інфармацыйную бяспеку,” – Васіль Жарко, першы намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь падчас прадстаўлення новага міністра інфармацыі.

    “Мы асуджаем гэтую новую хвалю судовых працэсаў, якая мае адзіную мэту – запалохаць журналістаў і прымусіць іх падпарадкоўвацца ціску ўлады. Мы заклікаем беларускі ўрад спыніць сістэматычны судовы пераслед незалежных журналістаў,” – Ёган Біх, старшыня аддзялення “Рэпарцёраў без межаў” ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

     

    ЗМЕСТ:

    Становішча ў галіне СМІ ў жніўні – кастрычніку 2017 г. (агляд)

    Асноўныя падзеі ў галіне СМІ ў жніўні – кастрычніку 2017 г.

     

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў ЖНІЎНІ – КАСТРЫЧНІКУ 2017 г. (АГЛЯД)

    Набліжэнне саміту Усходняга Партнёрства (24 лістапада, Брусель), на які быў упершыню запрошаны беларускі прэзідэнт, не паўплывала на становішча са СМІ ў Беларусі. Больш за тое, пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ толькі ўзмацніўся. Колькасць штрафаў, якія былі вынесеныя ў 2017 годзе журналістам за “парушэнне парадку вырабу і/ці распаўсюду прадукцыі СМІ”, да пачатка лістапада дасягнула 50, што перавысіла агульную колькасць штрафаў за папярэднія тры гады.

    Трое арыштаваных у снежні 2016 г. беларускіх калумністаў, якія публікаваліся на расійскіх сайтах і былі абвінавачаныя ў распальванні нацыянальнае варожасці (гэтак званая справа “рэгнумаўцаў”), заставаліся пад вартай. Напрыканцы кастрычніка іх справа была перададзеная ў суд.

    У кастрычніку ў Беларусі быў прызначаны новы міністр інфармацыі. Замест Ліліі Ананіч, якая працавала ў Міністэрстве інфармацыі (Дзяржаўным камітэце па друку і да т.п.) з моманту ўтварэння гэта органа дзяржаўнага рэгулявання ў сферы СМІ, міністэрскае крэсла заняў яе намеснік Аляксандр Карлюкевіч, які перад гэтым ачольваў выдавецкі дом “Звязда”. Адразу пасля свайго прызначэння новы міністр паведаміў пра тое, што рыхтуецца новая рэдакцыя закона “Аб сродках масавае інфармацыі”, якая мае закрануць, у першую чаргу, Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

     

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў ЖНІЎНІ – КАСТРЫЧНІКУ 2017 г.

    Узмацніўся пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ

    У ліпені-кастрычніку ўзмацніўся пераслед журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. За гэты перыяд суды 26 разоў прыцягвалі іх да адміністрацыйнае адказнасці. Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі за тры месяцы быў аштрафаваны 7 разоў,а з пачатку года – 10 разоў.

    Усяго за 10 месяцаў 2017 г. суды штрафавалі журналістаў 50 разоў, што перавысіла агульную колькасць штрафаў за тры папярэднія гады.

    Журналістаў прыцягваюць да адказнасці на падставе пратаколаў, складзеных міліцыяй паводле адвольна трактаванае часткі 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. Гэткая практыка пачалася з траўня 2014 г. Да 2017 г. журналістаў штрафавалі паводле гэтага артыкула 48 разоў. Ва ўсіх выпадках падставай для прыцягнення да адказнасці быў не змест іх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ. У большасці выпадкаў пераследуюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. “Белсат” уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання, але пазіцыянуе сябе як першы незалежны тэлеканал Беларусі.

     

    Суд сканфіскаваў каштоўнае абсталяванне «Белсата»

    10 кастрычніка суд Першамайскага раёна г. Мінска прызнаў журналіста Аляксандра Баразенку вінаватым у парушэнні аўтарскага права на таварны знак “Белсат ТВ” і сканфіскаваў тэхніку, што была забраная ў журналіста падчас ранейшага арышту. (А. Баразенка быў затрыманы падчас вядзення наўпроставага рэпартажу з акцыі пратэсту 25 сакавіка і 27 сакавіка быў прысуджаны да 15 сутак арышту. Падчас адбывання журналістам пакарання на ягоную відэатэхніку былі налепленыя самаробныя наклейкі “Белсат”, пасля чаго тэхніку забралі да суда.)

    Таксама суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі каштоўнага абсталявання, якое было забранае 31 сакавіка падчас вобшукаў у офісах тэлеканала “Белсат”, якія былі праведзеныя па той самай справе аб абароне аўтарскіх правоў.

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заявіла, што рашэнне па гэтай справе накіраванае на прыцясненне свабоды слова і выглядае часткай спланаванае кампаніі па цкаванні журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам.

    Спрэчка аб таварным знаку “Белсат ТВ” цягнецца амаль пяць год. На думку ўладальніка беларускае фірмы “БЕЛСАТплюс”, тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнэсу. Вярхоўны суд адмовіў яму ў іску аб абароне таварнага знака. Аднак у 2014 годзе, пасля пачатку пераследу журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, прэзідыум Вярхоўнага суда скасаваў гэтае рашэнне і накіраваў справу на паўторны разгляд.

    Новы склад суддзяў задаволіў іск аб абароне права на таварны знак і забараніў Польскаму тэлебачанню, у структуру якога ўваходзіць тэлеканал “Белсат”, выкарыстоўваць таварны знак “Белсат ТВ” падчас трансляцыі на тэрыторыі Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

     

    Крымінальная справа “рэгнумаўцаў” перададзеная ў суд

    У жніўні беларускім аўтарам расійскае інфармацыйнае агенцыі “Рэгнум” і шэрагу іншых расійскіх інфармацыйных рэсурсаў Дзмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку было прад’яўленае абвінавачанне ў распальванні нацыянальнае варажнечы (ч.3, арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі).  У кастрычніку справа была накіраваная ў суд.

    Д. Алімкін, Ю. Паўлавец і С. Шыптэнка былі затрыманыя ў Беларусі ў снежні 2016 г. і з таго часу знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае да 12 год пазбаўлення волі за артыкулы аб сітуацыі ў Беларусі, якія былі размешчаныя пад псеўданімамі на некаторых расійскіх інфармацыйных рэсурсах.

     Беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі да правядзення адкрытага судовага разбіральніцтва гэтай крымінальнай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разгляду, а таксама міжнародных стандартаў у галіне абароны свабоды слова і выказвання меркаванняў.

     

    Новы міністр інфармацыі паведаміў пра падрыхтоўку зменаў у закон “Аб СМІ”

    28 верасня ў Беларусі быў прызначаны новы міністр інфармацыі. Гэтую пасаду заняў Аляксандр Карлюкевіч замест Ліліі Ананіч. У адрозненне ад сваёй папярэдніцы, А. Карлюкевіч мае вялікі досвед журналісцкае і рэдактарскае працы. Да прыходу ў 2016 г. на пасаду намесніка міністра ён ачольваў выдавецкі дом “Звязда”.

    У першым публічным выступе на новай пасадзе ў перадачы “Клуб рэдактараў” у эфіры тэлеканала “Беларусь — 1”  А. Карлюкевіч паведаміў пра падрыхтоўку новае рэдакцыі Закона “Аб СМІ”. Паводле ягоных словаў, змены маюць закрануць Інтэрнэт і, у першую чаргу, сацыяльныя сеткі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці