• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праз вайну і Лукашэнку. Як бачаць Беларусь на Захадзе — ключавое з даследавання замежных медыяў

    На Захадзе ўвага да Беларусі працягвае змяншацца. Гэта адлюстроўваецца як у зніжэнні колькасці артыкулаў, так і ў больш павярхоўным асвятленні падзеяў. Калі ж згадваюць, то, хутчэй, у сувязі з дзеяннямі рэжыму, вайной ва Украіне, размяшчэннем ядзернай зброі. А ўнутрыпалітычны кантэкст у краіне пасля 2020 года, супраціў дэмакратычных сілаў і грамадства журналісты замежных выданняў часта абмінаюць. Аб гэтым сведчыць даследаванне заходніх СМІ ад Цэнтра новых ідэй. 

    Закрыцце і блакаванне незалежных беларускіх выданняў амаль не адлюстроўвалася

    Зніженне ўвагі да Беларусі фіксуюць журналісты, палітычныя аглядальнікі, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Цяпер гэта пацверджана экспертамі з Цэнтра новых ідэй, які ўзначальвае Леся Руднік. Яна ж з’яўляецца аўтаркай даследавання, аб якім ідзе гаворка.

    — У 2022–2023 гадах Беларусь прываблівала ўвагу міжнародных СМІ праз уцягнутасць рэжыму ў ваенныя дзеі на тэрыторыі Украіны, унутрыпалітычны крызіс і міжнародную актыўнасць дэмакратычных сілаў. У цэнтры ўвагі за прааналізаваны перыяд апынуліся такія падзеі, як мяцеж Прыгожына і роля Лукашэнкі ў далейшым яго развіцці, сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, міжнародныя візіты Святланы Ціханоўскай, — адзначаецца ў даследаванні.

    Падкрэсліваецца, што меншая ўвага за апошні год надавалася палітвязням. Хаця міжнародныя СМІ заўважылі, што адсутнічае сувязь з вядомымі палітзняволенымі, такімі як Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Максім Знак. Рэпрэсіі супраць журналістаў радзей траплялі ў поле зроку медыяў, а, напрыклад, закрыццё і блакаванне незалежных беларускіх выданняў амаль не адлюстроўвалася. 

    У межах маніторынгу былі прааналізаваныя 20 міжнародных медыярэсурсаў з 8 краінаў, у тым ліку Euronews, BBC (Вялікабрытанія), The Guardian (Вялікабрытанія), Die Zeit (Германія), Deutsche Welle (Германія), The Wash­ing­ton Post (ЗША), CNN (ЗША), The New York Times (ЗША), Delfi (Літва), Rzecz­pospoli­ta (Польшча), Le Monde (Франція), Le Figaro (Францыя). Адметна, што сёлета былі ўключаныя некаторыя выданні Японіі  (NHK) і Украіны («Украінская праўда» і УНІАН). Агулам даследчыкі прааналізавалі каля 7,5 тысячы артыкулаў, якія былі апублікаваныя з 14 ліпеня 2022 да 13 ліпеня 2023.

    У 46% прааналізаваных выпадках беларусаў называюць агрэсарамі

    Па назіранні даследчыкаў, найбольш папулярнымі тэмамі ў замежных выданнях у дачыненні да Беларусі сталі: асоба Лукашэнкі, вобраз уладаў/рэжыму, а таксама стасункі Лукашэнкі і Пуціна. То-бок сітуацыя вярнулася да статус-кво, што існаваў у заходніх СМІ да 2020 года.

    Найменш заўважныя тэмы: добраахвотнікі, валанцёры, партызаны, вобраз дэмакратычных сілаў і Святлана Ціханоўская, заўважае Цэнтр новых ідэй. Нягледзячы на ўсе намаганні, такія дзеянні застаюцца па-за ўвагай журналістаў на Захадзе. Гэта адзначаў і нямецкі журналіст Інго Пэтц, які нядаўна наведаў Вільню.

    Адначасова, падкрэсліваецца ў дакуменце, знізілася глыбіня расповеду пра Беларусь. Артыкулы часта падаюць краіну як другаснага актара ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, абмінаюцца дэталі і кантэкст падзеяў 2020-га года.

    Большасць публікацый, якія даследаваліся падчас маніторынгу, асвятлялі падзеі ў Беларусі праз прызму вайны ва Украіне, а таксама праз геапалітыку. Акрамя таго, наша краіна згадвалася ў фокусе спартыўных падзеяў, напрыклад падчас абмеркавання ўдзелу спартоўцаў у Алімпіядзе-2024. Палітычны крызіс у краіне і ўнутрыпалітычныя падзеі цікавілі замежных журналістаў нашмат радзей.

    У 46% прааналізаваных выпадках беларусаў называюць агрэсарамі. Найбольш гэта характэрна для польскіх і ўкраінскіх выданняў, найменш — для брытанскіх. Аднак, калі гаворка ідзе пра беларусаў унутры краіны, часцей за ўсё выкарыстоўваецца вобраз ахвяраў рэжыму.

    — У параўнанні з мінулым выданнем маніторынгу (2021–2022 гады) нязначна вырасла колькасць артыкулаў, дзе беларусаў у Беларусі называюць прыхільнікамі Расіі. Найбольш часта такое меркаванне сустракаецца ў польскіх і ўкраінскіх, а таксама японскіх СМІ, — гаворыцца ў даследаванні.

    На вобраз беларусаў маглі б паўплываць гісторыі звычайных людзей, якія праз рэпрэсіі аказаліся ў эміграцыі. Такую прапанову, у прыватнасці, агучыла галоўная рэдактарка радыё Unet Вольга Сямашка падчас сустрэчы з журналістамі краін Балтыі. Аднак яе, здаецца, не пачулі.

    Прыкладна тое ж самае назіраецца ў другіх краінах. Беларусы замежжа сталі героямі 3% прааналізаваных артыкулаў. Найчасцей дыяспара згадвалася ў кантэксце палітычных акцый за мяжой і пытанняў легалізацыі беларусаў. Актыўнасці часцей за ўсё цікавілі журналістаў амерыканскіх выданняў, а пытанні легалізацыі больш фігуравалі ва ўкраінскіх і польскіх СМІ.

    Беларусь ці «Беларусія»? І хто такі Лукашэнка?

    Шмат увагі ў даследаванні прысвечана дэфініцыям. Гэта сведчанне таго, ці гатова грамадства той ці іншай краіны чуць дыяспары, дэмакратычныя сілы, палітыкаў, а таксама, як яны ўспрымаюць дзейны рэжым нашай краіны. Адно з такіх ключавых пытанняў — як называюць Беларусь.

    — У германскіх мовах выкарыстанне адпаведнікаў «Белай Расіі» змяншаецца, а ў раманскіх — захоўваецца, — канстатуюць аўтары даследавання. — Так, у прааналізаваных нямецкіх выданнях (якія траплялі ў выбарку кожны год) колькасць выпадкаў выкарыстання Weis­s­rus­s­land у межах аднаго артыкула зменшылася з 7% у маніторынгу 2020/21 да 2% у 2022/23. Зусім не карыстаюцца старой назвай Vit­ryssland і шведскія выданні, да якіх не так даўно часткова далучыліся дацкія медыі. Тым не менш адпаведнікі выразу «Белая Расія»  дамінуюць у нарвежскіх буйных выданнях. Таксама і медыі на раманскіх мовах, якія мы аналізавалі ў мінулай рэдакцыі (El Mun­do, Fol­ha de S.Paulo), разам з іншымі папулярнымі іспана- і партугаламоўнымі выданнямі працягваюць выкарыстоўваць назвы-адпаведнікі «Белая Расія» альбо «Беларусія» ў абсалютнай большасці выпадкаў.

    Цэнтр новых ідэй назірае трэнд на павышэнне колькасці артыкулаў, якія называюць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. Пры гэтым частка выданняў дадае слова «нелегітымны» ці называе яго «дыктатарам».

    Лукашэнка згадваецца ў 30% прааналізаваных артыкулаў. Прэзідэнтам Лукашэнку найчасцей называлі ў выданнях з Японіі (93%), Францыі (69%), ЗША (63,5%) і Вялікабрытаніі (52%). Як нелегітымнага прэзідэнта абазначалі ў палове ўкраінскіх артыкулаў. Эпітэты «дыктатар» і «аўтакрат» часцей за ўсё выкарыстоўваліся ва ўкраінскіх і польскіх выданнях. У Германіі журналісты найчасцей абіралі словы «лідар» ці «кіраўнік Беларусі».

    Ціханоўская займала нашмат менш месца ў медыйнай прасторы замежжа. Яе згадвалі ў 4,6% прааналізаваных артыкулаў. Пры гэтым часцей за ўсё (75%) указвалі лідаркай дэмакратычных сілаў і радзей — у 4 адсотках выпадкаў — прэзідэнт-электам (то-бок абраным). Прэзідэнткай Беларусі Ціханоўскую называлі толькі ў польскіх выданнях, а вось у нямецкіх выданнях зрэдку апісвалі як праваабарончую актывістку (аднак такія артыкулы складаюць толькі 0,3% выбаркі).

    Дэмакратычныя сілы агулам згадваліся ў 6% прааналізаваных матэрыялаў. У большасці з іх захоўваецца вобраз «апазіцыі ў выгнанні з моцнымі міжнароднымі сувязямі». Выбіваецца вобраз беларускіх дэмакратычных сілаў толькі ва ўкраінскіх медыях, якія часцяком апісваюць іх як раз’яднаныя структуры са слабым уплывам на сітуацыю ў Беларусі. Найбольш пазітыўны вобраз дэмакратычных сілаў адлюстраваны ў польскіх артыкулах, якія ў пяць разоў больш за іншыя матэрыялы характарызуюць дэмакратычныя сілы як моцныя і аб’яднаныя.

    Рэжым як пагроза для Украіны

    Калі гаворка ідзе пра ўлады Беларусі, замежныя медыі часта малююць вобраз агрэсараў, асобаў і ўстаноў, якія нясуць пагрозу суседзям і жорстка кантралююць беларускае грамадства. Нейтральны вобраз адзначаны толькі ў 7% артыкулаў. Аспекты, якія закранаюць міжнародныя выданні, гаворачы пра ўлады Беларусі, тычацца ў асноўным санкцый супраць рэжыму, а таксама пагаршэння стасункаў паміж уладай і Захадам.

    Паводле даследчыкаў Цэнтра новых ідэй, у кантэксце адносін з Украінай Лукашэнка часцей за ўсё апісваецца як пагроза. Акрамя таго, аўтары артыкулаў у польскіх, брытанскіх і ўкраінскіх выданнях у чвэрці выпадкаў крытычна звяртаюць увагу на тое, што Украіна падтрымлівала гандлёвыя стасункі з рэжымам Лукашэнкі на пачатку вайны.

    Апісваючы стасункі Лукашэнкі і Пуціна, большасць медыяў/журналістаў акрэсліваюць іх як сяброўскія (80%). Таксама ў матэрыялах з ЗША, Польшчы і Францыі часта сустракаецца метафара «Лукашэнка — марыянетка Пуціна».

    Скажоная карціна аб пазіцыі грамадства адносна вайны

    Самае прыкрае, што заходняя аўдыторыя атрымлівае мала інфармацыі пра жахлівую сітуацыю ўнутры Беларусі. Многія французы і іспанцы нават не ўяўляюць, што 2020‑ы год не скончыўся, а цяпер адбываецца бязлітасная контррэвалюцыя. Як казаў Інго Пэтц, на прапанову напісаць артыкул пра рэпрэсіі ў нашай краіне, заходнія рэдактары звычайна заўважаюць: чытачы стаміліся ад цяжкага парадку дня, навошта ім гэта?

    Але ж, як канстатуюць эксперты Цэнтра новых ідэй, палітычныя рэпрэсіі ўсё ж згадваюцца — звычайна як працяглы феномен. Замежныя СМІ пісалі пра дзеянні супраць журналістаў, а таксама пра затрыманні і прысуды рэйкавым партызанам. Аднак амаль няма звестак пра рэпрэсіі супраць бізнес-сектара.

    Вайна стала адной з цэнтральных падзеяў, праз якія асвятлялася Беларусь у міжнародных СМІ. Напрыклад, вялікую ўвагу замежныя выданні надавалі мяцяжу Прыгожына, уключанасці Лукашэнкі ў гэтыя падзеі, размяшчэнню войскаў ПВК «Вагнер» на тэрыторыі Беларусі і пастаўкам ядравай зброі ў Беларусь.

    Скажоная карціна транслявалася ва ўкраінскіх медыях аб пазіцыі грамадства адносна вайны. 

    Так, у траціне артыкулаў агучваўся тэзіс аб тым, што большасць беларусаў падтрымліваюць дзеянні Расіі ва Украіне. За год доля такіх публікацыяў павялічылася на 10%. У мінулым маніторынгу гэтая лічба была меней за 1%, у гэтым – 11%.

    Да таго ж на 11% павялічылася доля матэрыялаў, якія адзначаюць, што ўкраінцы лічаць беларусаў варожай нацыяй. Часцей за ўсё гэтае меркаванне выказвалася ў польскіх і ўкраінскіх выданнях. Цікава, што ва ўкраінскіх СМІ ў параўнанні з мінулым годам больш заўважная ідэя аб тым, што ўкраінцы ўдзячныя за падтрымку тых беларусаў, якія дапамагаюць іх краіне.

     

    Чытайце яшчэ:

    Даследаванне: каля 30% беларускіх і расійскіх журналістаў пасля эміграцыі сышлі з прафесіі

    Як змяніўся рэйтынг тэлеперадач, якія круцяць у Беларусі, з пачатку вайны? Займальная карціна

    Ці ўратуе псіхічнае здароўе пазбяганне сур’ёзных навін?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці