• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дырэктар EED: Лічбы ахопу незалежных беларускіх СМІ параўнальныя з лічбамі расійскіх

    Падчас Касцюшкаўскага Форуму ў Гданьску выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі (EED) Ежы Памяноўскі адзначыў эфектыўнасць работы беларускіх медыя ў выгнанні. Ён таксама падкрэсліў, што нельга казаць пра «стомленасць ад Беларусі».

    Ежы Памяноўскі, фота EED

    Ежы Памяноўскі, фота EED

    Памяноўскі згадаў пра экстранную падтрымку з боку Еўрасаюза на адрас медыя і грамадскаму сектару ў сувязі з прыпыненнем дзяржаўных праграмаў з боку ЗША:

    — Мы кіруем больш чым 15 млн на падтрымку медыя і грамадзянскай супольнасці з 70 рознымі партнёрамі. Акрамя гэтага, што з’яўляецца нашай асноўнай паўсядзённай працай, мы таксама забяспечваем трывалую базу для палітычных кансультацый у Брусэлі асобам, якія прымаюць рашэнні. На жаль, слабасць палітычных элітаў у цэлым, у тым ліку і ў Еўропе, — гэта адсутнасць настойлівасці, пераключэнне ўвагі, бо ёсць шмат канкуруючых тэм. Часам гэта вядзе да стомленасці.

    Але стомленасць, калі казаць пра так званую «стомленасць ад Беларусі», — гэта абраза і для палітвязняў, і для барацьбітоў за дэмакратыю. Мы не можам сказаць, што дыктатуры зрынаюцца за адну ноч.  Таму я цвёрда перакананы, што мы не можам дазволіць сабе ніякай стомленасці, і падтрымка СМІ, падтрымка людзей у Беларусі, і падтрымка тых, хто вядзе нацыю да еўрапейскай і дэмакратычнай будучыні, з’яўляецца абсалютна неабходным і з’яўляецца доўгатэрміновым абавязацельствам, — падкрэсліў Памяноўскі.

    Выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі (EED) Ежы Памяноўскі адзначыў эфектыўную працу беларускіх журналістаў у выгнанні.

    — Давайце паглядзім на лічбы ахопу незалежных беларускіх СМІ. Іх ахоп у Беларусі параўнальны з ахопам непадкантрольных Крамлю медыя. Калі мы гаворым пра барацьбу з дэзінфармацыяй, барацьбу з таксічным уплывам Расіі, барацьбу з расійскімі фактарамі, то беларускія незалежныя СМІ робяць вялікую працу. Ім патрэбна падтрымка. Некаторыя з іх раней спраўляліся са сваімі фінансавымі справамі. Але сёння яны залежаць ад міжнароднай падтрымкі. І мы не можам паменшыць гэтую падтрымку. Мы не можам спыніць гэта. Мы павінны думаць у доўгатэрміновай перспектыве, — падкрэсліў дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі.

    Касцюшкаўскі форум у Гданьску праходзіў у рамках старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе ў першым паўгоддзі. Падчас Форуму абмяркоўвалі салідарнасць з Беларуссю і патрэбу падтрымліваць беларускія дэмакратычныя ініцыятывы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці