«Рэпарцёры без межаў» патрабуюць вызвалення журналіста Кірыла Пазняка і яго дачкі Яніны
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) заклікала неадкладна вызваліць беларускага журналіста Кірыла Пазняка і яго дачку Яніну Пазняк. Пра гэта паведамляе Telegram-канал RSF.

«RSF асуджае прысуд да 3,5 года пазбаўлення волі, вынесены журналісту Кірылу Пазняку, заснавальніку выдання Platform 375, якое рэжым прызнаў «экстрэмісцкім». Яго дачка Яніна Пазняк таксама знаходзіцца ў зняволенні за стварэнне TikTok-акаўнта гэтага медыя. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Справа Кірыла Пазняка і яго дачкі Яніны Пазняк
Кірыла Пазняка і яго дачку Яніну Пазняк затрымалі 3 верасня 2025 года. Іх вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: 361–1 КК — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» і 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
4 верасня, YouTube-канал «Платформа 375» быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Кірыл Пазняк быў названы датычным да гэтага рэсурсу.
Рашэнне прызнаць «Платформу 375» «экстрэмісцкім фармаваннем» прыняў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі. З таго ж дня рашэнне набыло моц.
У «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС Беларусі інфармацыя пра канал з’явілася 11 верасня.
YouTube-канал «Платформа 375» быў зарэгістраваны ў красавіку 2021 года. У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Мінску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.
17 верасня 2025 года праваабарончая супольнасць прызнала журналіста Кірыла Пазняка палітычным зняволеным. 23 студзеня 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла аб прызнанні палітычнай зняволенай дачкі журналіста Яніны Пазняк.
@bajmedia